Гарнізон 3/365

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРНІЗО́Н (франц. garnison) 1) вайсковыя часці, ваенна-навуч. і інш. ваен. ўстановы, размешчаныя пастаянна ці часова ў пэўным населеным пункце або раёне з вызначанымі межамі. У гарнізоне назначаюць нач., яго намеснікаў, ваен. каменданта і інш. службовых асоб; арганізуюць гарнізонную і каравульную службы.

2) Войскі (падраздзяленні), што абараняюць пэўны апорны пункт (напр., доўгатэрміновае абарончае збудаванне, крэпасць).

т. 5, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Бабруйскі гарнізон 2/45

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТЫЗА́НСКІ ГАРНІЗО́Н у Вялікую Айчынную вайну на Беларусі,

1) месца працяглага размяшчэння партызанскага фарміравання. Ствараўся з мэтаю бяспекі і найб. спрыяльных умоў жыцця, баявой дзейнасці партызан у тыле ворага. Кіраваў гарнізонам камандзір партыз. фарміравання. Арганізацыя і рэгуляванне жыцця, побыту і ўнутр. распарадку П.г., гарнізоннай і каравульнай службаў ажыццяўляліся на аснове вайск. статутаў і традыцый Чырв. Арміі, дакументаў і ўказанняў парт. партыз. органаў. У маштабах партызанскіх зон ЦК КП(б)Б, Бел. штаб партыз. руху і падп. парт. органы вызначалі раёны дыслакацыі партыз. фарміраванняў з нас. пунктамі, дзе партызаны забяспечвалі ахову насельніцтва ад рабаўніцтваў і разбою ням,фаш. акупантамі, нарыхтоўку харчавання і абсталёўвалі партыз. лагеры. У нас. пунктах камандаванне прызначала каменданта ў сельсавет і старасту вёскі, якія арганізоўвалі каравульную службу, апавяшчэнне насельніцтва і партызан пра перамяшчэнні праціўніка, укрыццё людзей у бяспечнае месца, забеспячэнне грамадскага парадку ў нас. пункце, назіранні за паводзінамі партызан, якія знаходзіліся на заданнях па-за размяшчэннем сваіх падраздзяленняў. У многіх раёнах Беларусі камендантаў у сельсаветах, стараст у вёсках прызначалі падп. райкомы партыі.

2) Самая простая форма аб’яднання асобных баявых атрадаў на ранніх стадыях развіцця партызанскага руху з мэтай больш эфектыўнага вядзення баявых дзеянняў партызан супраць ворага. Складаўся па ініцыятыве і згодзе партызан у ходзе сумесных баёў асобных атрадаў, дзеля сканцэнтравання намаганняў у барацьбе з ням.-фаш. гарнізонамі, карнымі атрадамі, каб сумесна «выжыць» у цяжкую пару карных экспедыцый праціўніка. Адным з першых у студз. 1942 склаўся гарнізон Ф.І.Паўлоўскага, які аб’ядноўваў 13 асобных атрадаў (1301 чал.), частка якіх у перыяд баёў з карнікамі перадыслацыравалася ў інш. раёны, а на базе астатніх створана партыз. брыгада. П.г. ствараліся і старшым вайск. начальнікам: камандзір Клічаўскага аператыўнага цэнтра палк. У.Л.Нічыпаровіч загадам у канцы ліп. 1942 стварыў адзін гарнізон з 6 атрадаў (дзейнічаў на стыку Барысаўскага, Смалявіцкага і Чэрвеньскага р-наў Мінскай вобл.), другі — з 3 атрадаў (на тэр. Бялыніцкага і Магілёўскага р-наў Магілёўскай вобл.); восенню 1942 на іх базе сфарміраваны партыз. брыгады.

Літ.:

Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990. С. 474—475.

А.​Л.​Манаенкаў.

т. 12, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«Гарнізон Ф. І. Паўлоўскага» (злучэнне партыз. атрадаў, Акцябрскі р-н) 8/118, 120, 146, 151, 153, 154, 156, 158, 242, 252

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯТЧЫ́НСКІ БОЙ 1942,

бой паміж партыз. атрадамі А.​І.​Далідовіча, «Чырвоны Кастрычнік» (камандзір Ф.​І.​Паўлоўскі) і ням.-фаш. буйным гарнізонам у в. Вятчын Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. 14 студз. партызаны атакавалі гарнізон з 2 бакоў. Пасля непрацяглага бою гарнізон перастаў існаваць, у партызан страт не было.

т. 4, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗА́РЫЦКІ БОЙ 1942.

Адбыўся ў Вял. Айч. вайну паміж партыз. атрадамі «Чырвоны Кастрычнік» (камандзір Э.​Я.​Чырлін), А.​Ф.​Каваленкі, І.​Р.​Жулегі, Капаткевіцкім (камандзір А.​А.​Жыгар) і ням.-фаш. акупантамі ў в. Азарычы Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл. 17 лютага. Аперацыяй кіраваў Герой Сав. Саюза Ф.І.Паўлоўскі. Партызаны, знішчыўшы фаш. гарнізон у в. Валосавічы, накіраваліся да в. Азарычы, дзе размяшчаліся гарнізон ворага з 70 чал. і склады са збожжам для адпраўкі ў Германію. Раніцай партыз. атрады занялі зах. частку вёскі, ударныя групы атакавалі каравульнае памяшканне. У выніку 3-гадзіннага бою партызаны без страт са свайго боку разграмілі гарнізон, захапілі зброю, раздалі насельніцтву 850 т збожжа.

т. 1, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУПІ́СКІЯ БАІ́ 1944,

баі партыз. брыгад Першамайскай і імя Суворава па разгроме ням.-фаш. гарнізона ў в. Купіск Любчанскага р-на (цяпер у Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл.). Гарнізон быў буйным абарончым вузлом, які блакіраваў партызанам выхад цераз Нёман у Любчанскі р-н. 17 чэрвеня 3 штурмавыя групы партызан раптоўна атакавалі гарнізон, пашкодзілі 2 дзоты, захапілі 2 станковыя і 2 ручныя кулямёты, 22 вінтоўкі. У час бою партызан М.А.Белуш закрыў сваім целам амбразуру варожага дзота. Неўзабаве фашысты аднавілі дзоты і ўмацавалі абарончыя збудаванні. У ноч на 2 ліп. партызаны фарсіравалі Нёман і акружылі Купіск. Пасля непрацяглага бою гарнізон здаўся ў палон.

т. 9, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЧЭ́ЙКАЎСКІЯ БАІ́ 1943.

Адбыліся паміж партызанамі і гарнізонам гітлераўцаў у в. Бачэйкава Бешанковіцкага р-на ў Вял. Айч. вайну. Гарнізон быў апорным пунктам акупантаў на шашы Віцебск—Лепель, рабаваў насельніцтва, удзельнічаў у карных аперацыях. У ноч на 25 ліп. байцы партыз. брыгады 2-й Ушацкай імя П.​Панамарэнкі (камандзір М.​В.​Уткін) разграмілі гарнізон, знішчылі склады з гаручым, боепрыпасамі і сельгаспрадуктамі, аўтарамонтную майстэрню, вузел сувязі і інш. 20 кастр. ў час. Лепельскай аперацыі 1943 партыз. брыгада «Аляксея» (А.​Ф.​Данукалаў) і 2-я імя К.​Заслонава (В.​П.​Комлеў) ударамі з Пд і ПдЗ захапілі частку в. Бачэйкава, авалодалі в. Дзямідавічы і разграмілі гарнізон у в. Слабодка. 25 кастр. партызаны адышлі ў напрамку в. Свяча і на дарозе разбілі ням.-фаш. падраздзяленні. Фашысты занялі в. Бачэйкава і спалілі яе.

т. 2, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЕ́ШЧАНІЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,

баі партыз. брыгад «Народныя мсціўцы» і «Дзядзькі Колі» па разгроме ням.-фаш. гарнізона ў г.п. Плешчаніцы Лагойскага р-на Мінскай вобл. ў сак.жн. 1943 у Вял. Айч. вайну. Паводле звестак партыз. разведкі ням. гарнізон вясной 1943 пачаў работы для свайго ўзмацнення. Партызаны брыгады «Народныя мсціўцы» неаднаразова спрабавалі перашкодзіць гэтаму: наносілі ўдары па аванпостах, спынялі спробы дэблакіраваць гарнізон звонку, знішчылі мотамеханіз. патруль, нанеслі вял. страты асобаму батальёну СС Дырлевангера, які спрабаваў прарвацца на дапамогу гарнізону. 17 жн. партызаны перакрылі ўсе шляхі да Плешчаніц і ўварваліся ў пасёлак. Адначасова брыгада «Дзядзькі Колі» завязала баі з гарнізонамі на Зембінскім напрамку. У выніку аперацыі гарнізон быў поўнасцю разгромлены, яго дзейнасць спынена больш як на паўгода. Страты партызан — 48 забітымі і параненымі.

У.​С.​Пасэ.

т. 12, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)