ГАРЛА́Ч,
гліняная пасудзіна для захоўвання малака і малочных прадуктаў. Вядомы многім народам свету. У стараж.-рус. пісьмовых крыніцах вядомы пад назвай «кринъ». На Беларусі робяць з выгнутым тулавам, пукатымі бакамі і звужанай шыйкай, але шырэйшым за дно вусцем (без ручкі і дзюбкі). Прапорцыі сілуэта гарлача маюць мясц. адрозненні. Гарлачы вырабляюць гартаваныя, чорназадымленыя і паліваныя; аздабляюць глянцаваннем, прачэрчаным па сырой паверхні арнаментам, ангобам і інш.
С.А.Мілючэнкаў.
т. 5, с. 61
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРШЧО́К,
гліняная пасудзіна для гатавання гарачай стравы, захоўвання вадкіх і сыпкіх рэчываў і інш. Вядомы з эпохі неаліту і з’яўляецца вызначальнай прыкметай гэтай эпохі. У археал. даследаваннях для вызначэння ўстойлівасці традыцый розных груп насельніцтва, часу іх існавання, этнічнай прыналежнасці помніка, спецыфікі культуры, генетычнай сувязі паміж асобнымі культурамі і інш. найважнейшае значэнне маюць форма, тэхналогія вырабу і арнаментацыя гаршчка. Напачатку гаршчок ляпілі, у т. л. з глінянай стужкі, з 10 ст. іх сталі вырабляць на ганчарным крузе, абпальвалі ў ганчарным горне. Рэгіянальныя асаблівасці гаршчка ў іх выкарыстанні, формах, памерах на Беларусі замацаваліся ў мясц. назвах: абеднік, адынец, варэйка, гарлач, гладыш, гляк, збан, злівач, склепнік, слоік, спарыш і інш.
т. 5, с. 74
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)