ГА́РДЭНБЕРГ ((Hardenberg) Карл Аўгуст фон) (31.5.1750, Эсэнродэ, каля г. Гіфгорн, Германія — 26.11.1822),

нямецкі дзярж. дзеяч. Князь (1814). Да 1782 на дзярж. службе ў курфюрстве Гановер. У 1791—98 міністр Прусіі, кіраваў маркграфствамі Ансбах і Байройт. Міністр замежных спраў (1804—06 і 1807) і дзярж. канцлер Прусіі (1810—22). Урад Гардэнберга працягваў ліберальныя пераўтварэнні, распачатыя папярэднімі ўладамі (гл. Штайна—Гардэнберга рэформы). Удзельнік Венскага кангрэса 1814—15. Аўтар «Мемуараў» (т. 1—5, выд. 1877).

т. 5, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВА́ЛІС [Novalis; сапр. Гардэнберг (Hardenberg) Георг Філіп Фрыдрых фон; 2.5.1772, каля г. Мансфельд, Германія — 25.3.1801],

нямецкі пісьменнік, філосаф; прадстаўнік іенскіх рамантыкаў. Вучыўся ў Іенскім, Лейпцыгскім, Вітэнбергскім ун-тах (1790—94), скончыў Горную акадэмію ў Фрайбургу (1798). Ўласную філасофію «магічнага ідэалізму» (абсалютная ўлада чалавека ў духоўным і матэрыяльным свеце) развіваў у паэтычна-філас. «Фрагментах» (1798), аповесці «Вучні ў Саісе» (1800). Лірычны цыкл «Гімны да ночы» (1800) — філасофска-містычнае асэнсаванне праблемы жыцця і смерці. У «Духоўных песнях» (выд. 1802) Свяшчэннае Пісанне трактуе ў духу піетызму. У незавершаным рамане-міфе «Генрых фон Офтэрдзінген» (выд. 1802) ідэал гарманічнага чалавека ўвасоблены ў вобразе паэта; твор адметны лірызмам і шматзначнай сімволікай. Аўтар лірычных вершаў, публіцыстычнай кн. «Хрысціянства і Еўропа» (1799).

Тв.:

Рус. пер. — Гейнрих фон Офтердинген;

Фрагменты;

Ученики в Саисе. СПб., 1995;

Гимны к ночи. М., 1996;

Лира Новалиса в переложении Вячеслава Иванова. Томск, 1997.

Літ.:

Берковский Н.Я. Романтизм в Германии. Л., 1973.

С.​Дз.​Малюковіч.

т. 11, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)