ГА́РДА
(Garda),
возера на Пн Італіі, каля паўд. падножжа Альпаў, на выш. 65 м. Пл. 370 км². Глыб. да 346 м. У Гарду ўпадае р. Сарка, выцякае р. Мінча (левы прыток р. По). Паўн., вузкая і доўгая частка возера, акаймаваная хрыбтамі выш. да 2000 м, нагадвае фіёрд, паўд. — больш шырокая, складзена з марэнных адкладаў. Суднаходства. Па берагах курорты (Гарда, Сірміёне, Рыва-дэль-Гарда, Мальчэзіне, Гарньяна і інш.). На ўсх. беразе — рэзерват Гардэзана-Арыентале.
т. 5, с. 58
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́РДА
(Garda),
кліматычны курорт у Італіі на ПнЗ ад г. Верона каля адгор’яў Паўд. Альпаў. У складзе зоны адпачынку і турызму вакол буйнейшага ў Італіі аднайм. возера. Мяжуе з размешчанымі ў яго наваколлі інш. шматлікімі курортамі. Мяккі міжземнаморскі клімат з рысамі горнага, выкарыстоўваецца для прафілактыкі і лячэння шырокага спектра захворванняў, пры якіх эфектыўнае кліматалячэнне.
т. 5, с. 58
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНЕ́ЦЫЯ
(Venezia),
Венета, вобласць на ПнУ Італіі. Пл. 18,4 тыс. км². Нац. 4,36 млн. чал. (1994). Уключае правінцыі Белуна, Венецыя, Верона, Вічэнца, Падуя, Равіга, Трэвіза. Адм. ц. — г. Венецыя. Значныя гарады Падуя і Верона. Размешчана ва ўсх. ч. Венецыянскай нізіны і на схілах Даламітавых Альпаў (г. Мармалада, 3342 м).
Клімат умераны. Рэкі П’яве, Брэнта, Адыджэ, часткова По. На З воз. Гарда. У гарах захаваліся шыракалістыя і хвойныя лясы. Значны прамысл. раён краіны. Машынабудаванне (гідратурбіны, помпы, кампрэсары, станкі, с.-г. машыны) і металаапрацоўка, тэкст. прам-сць, асабліва выраб шарсцяных тканін. У раёне г. Венецыя сканцэнтравана каляровая металургія (вытв-сць гліназёму, алюмінію, цынку), суднабудаванне, нафтаперапрацоўка, нафтахімія, коксахімія, вытв-сць мінер. угнаенняў, чорная металургія, а таксама традыцыйная вытв-сць шкла і вырабаў з яго, мазаікі і філігранных упрыгажэнняў. Дрэваапрацоўка і харч. прам-сць. У сельскай гаспадарцы нізіннай часткі пераважае раслінаводства (пшаніца, кукуруза, цукр. буракі, каноплі, тытунь, рыс, бабовыя, бульба); вінаграднікі, сады, аліўкавыя гаі. Шаўкаводства (правінцыя Трэвіза). У гарах жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, свінні). Рыбалоўства (порт К’ёджа). Горад Венецыя і воз. Гарда — цэнтры міжнар. турызму.
т. 4, с. 84
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)