паўвостраў на ПдУ Італіі, частка Апенінскага паўвострава. Удаецца ў Адрыятычнае м. Берагі парэзаны слаба. Гарысты, выш. да 1056 м (г. Монтэ-Кальва), акаймаваны прыморскай нізінай. Складзены з мезазойскіх даламітаў і вапнякоў; развіты карст. Радовішчы баксітаў. Клімат субтрапічны міжземнаморскі. Дубовыя і хваёвыя лясы, міжземнаморскія хмызнякі. Сады, вінаграднікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПУ́ЛІЯ (Puglia),
вобласць на ПдУ Італіі. Пл. 19,4 тыс.км², нас. 4,1 млн.чал. (1990). Уключае правінцыі: Бары, Брындызі, Лечэ, Таранта, Фоджа. Адм. ц. — г. Бары. Буйныя гарады: Брындызі, Таранта, Фоджа. Адгор’і Апенін на З (1151 м, г. Даўнія); масіў Гаргана (да 1056 м) і плато Ле-Мурджэ акаймаваны вузкай прыбярэжнай нізінай каля Адрыятычнага м., паўд.ч. п-ва Саленціна раўнінная. Клімат міжземнаморскі, ападкаў 400—500 мм за год. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка. Вырошчваюць вінаград, масліны, садавіну, лён, тытунь, збожжа, бавоўнік, цукр. буракі, агародніну. Авечкагадоўля. Рыбалоўства. Перапрацоўка с.-г. прадукцыі — вінаробчая, мукамольная, тытунёвая прам-сць, выраб аліўкавага алею. Нафтаперапрацоўка, нафтахім., металургічная, с.-г. машынабудаванне, суднабудаванне, швейная, тэкст., гумавая прам-сць. Здабыча баксітаў, прыроднага газу, каменнай солі. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕНІ́НСКІ ПАЎВО́СТРАЎ,
паўвостраў на Пд Еўропы. Пл. 149 тыс.км². Працягласць з ПнЗ на ПдУ 1100 км, шыр. 130—300 км. На Пн абмежаваны Паданскай нізінай, на У абмываецца Адрыятычным, на Пд — Іанічным, на З — Тырэнскім і Лігурыйскім морамі. Берагі парэзаны слаба, больш расчлянёныя ў паўд.ч. (п-вы Калабрыя, Саленціна, Гаргана). Большая ч. Апенінскага паўвострава занята сярэдневышыннымі маладымі складкавымі гарамі Апенінамі. Уздоўж усх. і зах. ўзбярэжжаў невял. палосы хвалістых раўнін. На ПдЗ раён стараж. і сучаснага вулканізму і землетрасенняў (Везувій, Флегрэйскія палі і інш.). Паўд.ч. Апенінскага паўвострава займаюць Калабрыйскія горы. Карысныя выкапні: буры вугаль, ртуць, пірыты, баксіты, мармур, тэрмальныя крыніцы. Клімат субтрапічны міжземнаморскі, з гарачым летам і дажджлівай зімой, у гарах — рысы ўмеранага і халоднага. Рэкі (асн. Тыбр, Арна) кароткія, летам моцна мялеюць. Для расліннасці гор характэрна вышынная пояснасць, лісцевыя лясы і міжземнаморскія вечназялёныя хмызнякі (маквіс, гарыга); на нізінах — культ. ландшафты: палі пшаніцы, вінаграднікі, алейныя і фруктовыя плантацыі (апельсіны, лімоны, міндаль, масліны і інш.). Жывёльны свет: воўк, серна, казуля, куніца, ласка, вавёрка; шмат паўзуноў і птушак. На Апенінскім паўвостраве дзяржавы: большая ч. Італіі, Сан-Марына і Ватыкан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕНІ́НЫ, Апенінскія горы (Appennino),
горная сістэма на Апенінскім п-ве ў Італіі. Працягласць каля 1200 км з ПнЗ на ПдУ ад Альпаў да Месінскага праліва. Сярэдневышынныя горы (пераважныя выш. 1200—1800 м), складаюцца з асобных, б.ч. паралельных хрыбтоў і ўзгорыстых перадгор’яў. Выш. да 2914 м (г. Корна). Адзіны невял. ледавік у масіве Гран-Саса-д’Італія. Паводле геал. будовы і рэльефу падзяляюцца на Паўн. Апеніны (Лігурыйскія і Таскана-Эміліянскія), Цэнтр. Апеніны (Умбра-Маркскія і Абруцкія) і Паўд. Апеніны (Неапалітанскія і Луканскія). Пераважаюць параўнальна спадзістыя схілы, сталовыя горы, купалападобныя гранітна-гнейсавыя масівы. У Цэнтр. Апенінах хрыбты скалістыя, са стромкімі схіламі, старажытналедавіковымі і карставымі формамі рэльефу. На Угал. ланцугі Апенінаў суправаджаюцца шырокай паласой узгорыстых перадгор’яў, за якой уздоўж берагоў Адрыятычнага м. ўзвышаюцца вапняковыя плато п-воў Гаргана і Саленціна. Зах. схіл Апенінаў больш стромкі, скідавы; на З ад Цэнтр. Апенінаў шырокая перадгорная паласа з асобнымі невысокімі хрыбтамі, вулканічнымі масівамі (у т. л. Везувій, Флегрэйскія палі), туфавымі плато. Апеніны ўтварыліся ў выніку альпійскага арагенезу. Тэктанічныя працэсы працягваюцца, аб чым сведчаць землетрасенні і вулканічная дзейнасць. Карысныя выкапні: буд. і вырабны камень, ртуць, буры вугаль і лігніт, бітумінозныя сланцы, баксіты, прыродны газ, нафта, тэрмальныя воды. Клімат субтрапічны міжземнаморскі, на ўсх. схілах і ў катлавінах з рысамі кантынентальнага. Ападкаў на зах. схілах 1000—2000 мм за год (у Лігурыйскіх Апенінах да 3000 мм), на ўсх. схілах і ў замкнутых катлавінах 600—800 мм. Сярэдняя т-ра студз. каля падножжа гор на Пн 0 °C, на Пд да 11 °C. Сярэдняя т-ра ліп. на Пн 24 °C, на Пд да 28 °C. У гарах вышэй за 2000 м 180—190 сут за год ляжыць снег. Рэкі мнагаводныя восенню і зімой, найб. Тыбр, Арна. Да выш. 300—500 м на Пн і 600—800 м на Пд на схілах гор палі, сады, вінаграднікі, аліўкавыя насаджэнні, месцамі гаі каменнага і коркавага дубу, алепскай хвоі, пініі, вечназялёныя хмызнякі (маквіс, гарыга); глебы пераважна карычневыя. Да выш. 900 м на Пн і 1000—1200 м на Пд — мяшаныя лясы з дубу, хвоі, каштану і інш., хмызнякі, пусткі; глебы горныя буразёмы і перагнойна-карбанатныя. Вышэй за 900 м на Пн, 1000—1200 м на Пд — букавыя і хвойныя (піхта, хвоя) лясы на горных буразёмах і горных падзолістых глебах. На найб. высокіх хрыбтах (вышэй за 2000—2500 м) участкі субальпійскіх і альпійскіх лугоў. Жывёльны свет збяднелы ў сувязі з дзейнасцю чалавека. Трапляюцца воўк, буры мядзведзь, сарна, лань, дзікабраз, шмат паўзуноў і птушак (беркут і інш.). Земляробства ў горных далінах і катлавінах, каля падножжа гор. Рэкі выкарыстоўваюцца для арашэння і выпрацоўкі электраэнергіі. Турызм.