Гарбуны (в.) 3/359; 4/299; 11/298

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБАШЫ́НСКІ (Павел Піліпавіч) (н. 14.3.1931, в. Гарбуны Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1989). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1955). Працаваў у Бел. рэсп. т-ры юнага гледача, выконваў ролі маладых герояў, характарныя. З 1967 у Нац. акад. т-ры імя Я.​Купалы. Акцёр яркага і самабытнага таленту, добра адчувае камедыйны жанр. Выкарыстоўвае прыёмы шаржу, пародыі, гратэску. Дасканалае майстэрства выявілася ў ролях: Камендант, Ломцеў («Трыбунал», «Таблетку пад язык» А.​Макаёнка), Гастрыт («Вечар» А.​Дударава), Дабрыян («Брама неўміручасці» К.​Крапівы), Язэп Карыта («Ажаніцца — не журыцца» паводле Далецкіх і М.​Чарота), князь К. («Дзядзечкаў сон» паводле Ф.​Дастаеўскага), Глахуна («Закон вечнасці» паводле Н.​Думбадзе), граф дэ Мірмон («Лесвіца славы» Э.​Скрыба) і інш. Здымаецца ў кіна- і тэлефільмах.

П.П.Дубашынскі.
П.Дубашынскі ў ролі князя К.

т. 6, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛО́ ((Callot) Жак) (1592 або 1593, г. Нансі, Францыя — 25.3.1635),

французскі гравёр і рысавальшчык. Майстар афорта. Прадстаўнік маньерызму. З 1608 вучыўся ў Рыме. У 1611—21 прыдворны мастак у Фларэнцыі («Спакуса св. Антонія», каля 1616; «Кірмаш у Імпрунеце», 1620). З 1621 у Нансі, рабіў гравюры па малюнках, прывезеных з Італіі [серыі «Гобі» («Гарбуны»), «Балі» («Танцы»), «Тры Панталоне», усе 1622, і інш.]. У творах адлюстроўваў тагачасныя гіст. падзеі («Аблога Брэды», 1627; «Аблога вострава Рэ» і «Аблога Ла-Рашэлі», абодва 1630), шматграннасць жыцця («Жабракі», 1622; 2 серыі «Бедства вайны», 1632—33), звяртаўся да рэліг. сюжэтаў («Пакутніцтва св. Себасцьяна», 1632—33), пісаў пейзажы («Чатыры пейзажы», 1622; віды Нансі, 1626, Парыжа, 1629), партрэты (К.​Дэруэ, 1632). Вынайшаў тэхніку паўторнага траўлення ў афорце, што дазволіла дасягнуць асаблівай дакладнасці малюнка, топкасці і мяккасці танальных і святлоценявых пераходаў.

Ж.Кало. Касандр. Афорт з серыі «Тры Панталоне». 1622.

т. 7, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНЬ,

рака ў Мінскай і Брэсцкай абл., левы прыток р. Прыпяць. Даўж. 147 км. Пл. вадазбору 2190 км². Пачынаецца за 1,5 км на З ад в. Гарбуны Нясвіжскага р-на, цячэ ў межах Капыльскай грады і нізіны Прыпяцкае Палессе. Асн. прытокі: Нача, Люта (справа), Цапра, Балванка (злева). Даліна ў верхнім цячэнні скрынкападобная (шыр. 1—1,5 км), на астатнім працягу невыразная. Пойма шыр. 0,6—1 км, парэзаная меліярац. каналамі. Рэчышча каналізаванае, шыр. 4—8 м, у ніжнім цячэнні 15—20 м. Берагі пераважна адкрытыя, тарфяністыя, выш. ў верхнім цячэнні 1,5—2 м, на астатнім працягу 1—1,5 м. На рацэ створана вадасх. Лактышы, якое моцна ўплывае на гідралагічны рэжым ракі. Найвышэйшы ўзровень разводдзя ў крас., сярэдняя выш. над межанным узроўнем да рэгулявання ракі 1,5 м, найбольшая 1,9 м (1947) каля в. Лактышы. У летні перыяд рэжым узроўняў рэгулюецца шлюзамі. Замярзае ў 1-й дэкадзе снеж., крыгалом у канцы сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 11,3 м³/с. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. сістэм. На рацэ г. Клецк.

Рака Лань каля вёскі Мокрава Лунінецкага раёна.

т. 9, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́НІНЫ,

расійскія дзярж. і ваен. дзеячы. Мікіта Іванавіч П. (29.9.1718, г. Гданьск, Польшча — 11.4.1783). Служыў у коннай гвардыі. У 1747 пасланнік у Даніі, у 1748—60 — у Швецыі. У 1760—73 выхавальнік вял. кн. Паўла Пятровіча (гл. Павел I). Удзельнічаў у звяржэнні Пятра III і ўзвядзенні на прастол Кацярыны II. Старэйшы чл. (фактычна кіраўнік) Калегіі замежных спраў у 1763—81, саветнік імператрыцы па пытаннях знешняй палітыкі. Распрацоўваў і праводзіў у жыццё план «Паўн. акорда» — саюзу Расіі, Прусіі, Даніі, Швецыі, Вялікабрытаніі і Рэчы Паспалітай супраць Францыі, Аўстрыі і італьян. дзяржаў. Напачатку прыхільнік захавання цэласнасці Рэчы Паспалітай. Склаў праект стварэння дысідэнцкіх канфедэрацый: пратэстанцкай Тарунскай і пратэстанцка-правасл. Слуцкай канфедэрацыі. Пасля акупацыі Аўстрыяй ч. Польшчы (1769) удзельнічаў у падрыхтоўцы першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772), за што атрымаў ва ўласнасць сялян і землі ў Полацкай прав. Знаходзіўся ў тайнай, але пастаяннай апазіцыі да Кацярыны II і яе фаварытаў (Р.Р.Арлова і інш.). У пач. 1770-х г. узначальваў змову (брат Пётр Іванавіч П., драматург Дз.І.Фанвізін, які ў 1773 склаў праект канстытуцыйнага абмежавання манархіі, інспірыраваны П. і інш.) на карысць Паўла Пятровіча. Быў пазбаўлены ўсіх пасад і ў 1781 пад націскам царадворцаў падаў у адстаўку. Пётр Іванавіч П. (1721, с. Вязоўка Калужскай вобл. — 26.4.1789), ген.-аншэф (1762), граф (1767). Брат Мікіты Іванавіча П. На ваен. службе з 1735. Удзельнік рас.-тур. вайны 1735—39. У Сямігадовую вайну 1756—63 ген.-маёр, з 1759 ген.-паручнік; вызначыўся ў бітвах супраць прускіх войск пры Грос-Егерсдорфе (1757), Цорндорфе (1758) і Кунерсдорфе (1759), удзельнічаў ва ўзяцці Берліна (1760). З 1762 рас. ген.-губернатар Усх. Прусіі, камандуючы рас. войскамі ў Памераніі і Гольштэйне. У рас.-тур. вайну 1768—74 камандуючы 2-й арміяй, узяў штурмам крэпасць Бендэры (1770), але пры гэтым меў значныя страты і дапусціў шэраг стратэг. пралікаў, за што звольнены ў адстаўку. Разам з братам Мікітам Іванавічам П. адзін з лідэраў апазіцыі ўраду Кацярыны II. У чэрв. 1774 — жн. 1775 галоўнакамандуючы войскамі пры задушэнні сял. вайны пад кіраўніцтвам Е.І.Пугачова. З 1775 зноў у адстаўцы. Разам з П.​А.​Румянцавым адзін са стваральнікаў лёгкай пяхоты (егераў) у рас. арміі. Мікіта Пятровіч П. (28.4.1770, г. Харкаў, Украіна — 13.3.1837), сын Пятра Іванавіча. З 1791 на ваен. і прыдворнай службе. У 1796 (пасля падзелу Рэчы Паспалітай) гал. камісар рас. боку па ўстанаўленні мяжы паміж Расіяй і Прусіяй. Са снеж. 1796 чл. Калегіі замежных спраў. З ліп. 1797 надзвычайны паўнамоцны міністр Расіі ў Прусіі. З 1799 віцэ-канцлер. Выступаў супраць лініі Паўла I на збліжэнне з Францыяй, першы прапанаваў вял. кн. Аляксандру Паўлавічу (гл. Аляксандр I) план адхілення Паўла I ад улады. У 1800 звольнены і сасланы ў Маскоўскую губ. Пры Аляксандру I чл. Калегіі замежных спраў, фактычны кіраўнік рас. знешняй палітыкі, у 1801 з прычыны рознагалоссяў з царом зноў звольнены. З 1804 да канца жыцця ў афіц. апале з забаронай наведваць сталіцы. Жыў у маёнтку Дугіна Смаленскай губ., дзе займаўся музыкай (напісаў оперы «Гарбуны» і «Модная крама»).

Літ.:

Гаврюшкин А.В. Граф Никита Панин: Из истории рус. дипломатии XVIII в. М., 1989.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 12, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)