ВІНА́ГРАДАЎ (Алег Міхайлавіч) (н. 1.8.1937, С.-Пецярбург),

расійскі танцоўшчык, балетмайстар, мастак. Нар. арт. Расіі (1976), нар. арт. СССР (1983). Скончыў Ленінградскае харэагр. вучылішча (1958). З 1958 у Новасібірскім т-ры оперы і балета, з 1973 гал. балетмайстар Ленінградскага Малога опернага, з 1977 — Марыінскага т-раў. Сярод пастановак: «Папялушка» (1964) і «Рамэо і Джульета» (1965) С.​Пракоф’ева, «Ліза і Кален, або Марная засцярога» П.​Л.​Гертэля (1971), «Капелія» Л.​Дэліба (1973), «Гаранка» М.​Кажлаева (1968, і сцэнарыст), «Яраслаўна» Б.​Цішчанкі (1974, і мастак), «Пятрушка» І.​Стравінскага (1988) і інш. Вінаградаў. смела эксперыментуе ў галіне харэагр. лексікі, стварае арыг. версіі класічных балетаў. Дзярж. прэмія Расіі 1970. Прэмія імя М.​Петыпа (Парыж, 1978).

т. 4, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМЗА́ТАЎ (Расул Гамзатавіч) (н. 8.9.1923, с. Цада Хунзахскага р-на, Дагестан),

аварскі паэт. Нар. паэт Дагестана (1959). Герой Сац. Працы (1974). Сын Г.Цадаса. Скончыў Літ. ін-т імя М.​Горкага (1950). Друкуецца з 1937. Першы паэт. зборнік «Любоў натхнёная і гнеў вогненны» (1943) прысвечаны падзеям Вял. Айч. вайны. Аўтар зб-каў «Нашы горы» (1947), «Год майго нараджэння» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1952), «Дагестанская вясна» (1955), «У гарах маё сэрца» (1959), «Высокія зоркі» (1962, Ленінская прэмія 1963), «І зорка з зоркаю гаворыць» (1964), «Пацеркі гадоў» (1968), «Востраў жанчын» (1983), «Кола жыцця» (1987), паэм «Размова з бацькам» (1953), «Гаранка» (1958), лірычнай аповесці «Мой Дагестан» (кн. 1—2, 1967—71), кн. «Вершы і паэмы» (1974), «Сказанні» (1975) і інш. Творчасць Гамзатава, прасякнутая любоўю да роднай зямлі, адлюстроўвае жыццё горцаў, іх духоўны свет, звычаі. Яна адметная нац. каларытам, высокім лірызмам, нар. гумарам. На бел. мову творы Гамзатава перакладалі А.​Астрэйка, М.​Аўрамчык, Р.​Барадулін, А.​Бачыла, А.​Грачанікаў, С.​Грахоўскі, А.​Лойка, Я.​Сіпакоў, Я.​Семяжон, М.​Танк і інш.

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—5. М., 1980—82;

Бел. пер. — Высокія зоркі. Мн., 1972.

Літ.:

Дементьев В.В. Р.​Гамзатов М, 1984.

т. 5, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́МЛЕВА (Габрыэла Трафімаўна) (н. 27.12.1938, С.-Пецярбург),

расійская артыстка балета, педагог, балетмайстар. Нар. арт. Расіі (1975). Нар. арт. СССР (1983). Скончыла Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1957; у 1971—78 выкладала ў ім), балетмайстарскае аддз. Ленінградскай кансерваторыі (1984). У 1957—88 салістка Ленінградскага т-ра оперы і балета імя Кірава. Педагог Марыінскага т-ра (з 1979) і Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі (з 1987, праф. з 1994). У яе творчасці віртуозная дасканаласць танца спалучалася з яркім акцёрскім талентам. Сярод створаных ёю вобразаў: Аўрора, Адэта-Адылія («Спячая прыгажуня», «Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Кітры, Нікія («Дон Кіхот», «Баядэрка» Л.​Мінкуса), Пахіта («Пахіта» Э.​Дэльдэвеза), Жызэль («Жызэль» А.​Адана), Раймонда («Раймонда» А.​Глазунова), Эсмеральда («Эсмеральда» Ц.​Пуні), 7-ы вальс («Шапэніяна» на муз. Ф.​Шапэна), Жар-птушка («Жар-птушка» І.​Стравінскага), Асіят («Гаранка» М.​Кажлаева; Дзярж. прэмія Расіі імя М.​Глінкі 1976), Мехменэ Бану («Легенда аб каханні» А.​Мелікава), Гаспадыня Меднай гары («Каменная кветка» С.​Пракоф’ева), Сары («Сцежкаю грому» К.​Караева), Дзяўчына («Ленінградская сімфонія» на муз. Дз.​Шастаковіча). Здымалася ў тэлефільмах-канцэртах, тэлеэкранізацыях балетаў. Ставіць балеты ў Расіі і за мяжой. Прэміі Міжнар. конкурсу артыстаў балета ў Варне (1966, Балгарыя), Усесаюзнага конкурсу новых харэагр. нумароў (1967).

Літ.:

Быстров П. Г.​Комлева. Л., 1984.

Г.Комлева ў ролі Нікіі.

т. 8, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)