Гаражанка (р.), гл. Усыса

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАЖА́НКА,

назва р. Усыса ў верхнім цячэнні.

т. 5, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДО́ЦКІ ЗА́МАК.

Пабудаваны ў 1-й пал. 17 ст. на правым беразе р. Гаражанка, на процілеглым баку ад г. Гарадок Віцебскай вобл. Меў форму пяцівугольніка, быў умацаваны ровам і валам, паўн.-зах. ўчастак замчышча прыкрывала балота, адкуль выцякаў і ўпадаў у абарончы роў ручай. Праз кожныя 20 м крапасной агароджы размяшчаліся бастыёны, сляды якіх выяўлены з паўн. і ўсх. бакоў. Знойдзены нязначныя фрагменты посуду і інш. рэчаў 17—18 ст.

т. 5, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУГАВО́Е ВО́ЗЕРА,

у Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Усыса, на паўд.-зах. ускраіне г. Гарадок. Пл. 0,4 км², даўж. каля 1,2 км, найб. шыр. 550 м, найб. глыб. 12,9 м, даўж. берагавой лініі каля 3,4 км. Пл. вадазбору 224 км². Схілы катлавіны выш. 10—14 м, месцамі да 20 м, на З і Пд пад хваёвым лесам, на Пн і У задзернаваныя ці разараныя. Берагі ўвільготненыя, часткова на З і Пд зліваюцца са схіламі. Дно выслана пяском, на глыбакаводдзі — ілам. На Пн упадае р. Гаражанка, на З злучана пратокай з Арэхавым возерам.

т. 9, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАШО́,

возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Усыса (выцякае з возера пад назвай Гаражанка), за 4 км на ПнЗ ад г. Гарадок. Пл. 4,15 км², даўж. 6,4, найб. шыр. 1,3 км, найб. глыб. 17,1 м, даўж. берагавой лініі 21,7 км. Пл. вадазбору 60,1 км². Схілы катлавіны выш. да 6 м (на Пн да 10 м), разараныя, участкамі пад хмызняком, на ПнУ і ПдЗ параслі лесам. Берагі нізкія, у залівах забалочаныя. Мелкаводдзе пясчанае, плоская цэнтр. ч. дна выслана сапрапелем. 2 невял. астравы агульнай пл. 0,4 га. Зарастае да глыб. 1,5 м. Адзначана гнездаванне рэдкай на Беларусі птушкі — вял. крахаля.

т. 8, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДО́К,

горад, цэнтр Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл., на р. Гаражанка. За 30 км ад Віцебска, 2 км ад чыг. ст. Гарадок на лініі Віцебск—Невель. 14,6 тыс. ж. (1995).

У летапісах 2-й пал. 13 ст. ўпамінаецца як «Гарадок каля Полацка» ў сувязі з бітвай паміж палачанамі і літ. войскамі на чале з Мінгайлам, у выніку якой Гарадок быў знішчаны. У 16 ст. ў Гарадку быў замак з 5 вежамі і магутнымі абарончымі валамі. На карце Т.Макоўскага (1613) Гарадок пазначаны як мястэчка Віцебскага ваяв. ВКЛ. У 1650 упамінаецца Ільінская царква. З 1772 у Рас. імперыі, з 1777 цэнтр Гарадоцкага павета, атрымаў статус горада і герб. У 1887 у Гарадку 23 прадпрыемствы, бальніца, царк.-прыходскае вучылішча, рамесная школа. У 1897 — 5023 ж. З 1924 цэнтр Гарадоцкага раёна. У 1939 — 7,3 тыс. ж. У Вял. Айч. вайну з 10.7.1941 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія амаль поўнасцю разбурылі горад, у Гарадку і раёне загубілі 5084 чал. Вызвалены 24.12.1943 войскамі 1-га Прыбалт. фронту ў выніку Гарадоцкай аперацыі 1943. У 1959 было 7,6 тыс., у 1969 — 9 тыс. жыхароў.

Ільнозавод, цэх Полацкага аўтарамонтнага з-да, прадпрыемствы дрэваапр., лёгкай, буд. матэрыялаў, харч. прам-сці. Цэнтр ганчарнага рамяства. Мемар. комплекс на вайсковых могілках, магіла ахвяр фашызму.

т. 5, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)