Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЧАКІ́,
група парод паляўнічых сабак. Выкарыстоўваюць для палявання на зайцоў, лісоў і ваўкоў, а таксама капытных. Вядомы з глыбокай старажытнасці, паходзяць ад стараж. травільных сабак. Ганчакі па нюху знаходзяць след звера і з гучным брэхам гоняць яго (адсюль назва). Пашыраны ў многіх краінах свету, вядома каля 80 парод ганчакоў; на Беларусі гадуюць рускага ганчака, рускага рабога і эстонскага.
Ганчакі рускай і рускай рабой парод (выш. ў карку 55—68 см) маюць моцную канстытуцыю, тэмпераментныя і настойлівыя ў пошуку і гонцы дзічыны. Паводзіны ўраўнаважаныя, характар спакойны, лёгка дрэсіруюцца. Масць рускага ганчака рыжая з цёмным чапраком, часам шэрая з жоўтымі падпалінамі, рускага рабога — пераважна чорна-рабая з рыжымі плямамі на галаве, плячах і крыжы. Эстонскі ганчак нізкарослы (выш. 42—52 см), жвавы, масць часцей чорна-рабая з рыжымі плямамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯЎНІ́ЧЫЯ САБА́КІ,
група парод свойскіх сабак, якія выкарыстоўваюцца для палявання. Каля 100 парод. Сфарміраваліся ў працэсе шматвяковага выкарыстання ў розных геагр. зонах і ўмовах мясцовасці ў спалучэнні з натуральным, а потым штучным адборам і спец. дрэсіроўкай. Паводле выкарыстання, паляўнічых якасцей і экстэр’еру вылучаюць 6 асн. груп П.с.: выжлы, ганчакі, лайкі, норныя сабакі, спаніэлі і харты.
Літ.:
Слимак К., Духай Й. Охотничьи собаки: Пер. со словац. М., 1986.