Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ПЕРЦЬ,
памяшканне перад уваходам у царкву ў выглядзе невял. галерэі або ганка. Неабходны атрыбут прыходскага храма ў рус. мураванай і драўлянай архітэктуры. На П. звычайна збіраліся жабракі ў чаканні міласціны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЖБІ́ЦКІ ((Wierzbicki) Юзаф Станіслаў) (12.2.1853, в. Генрыкавец, каля г. Магілёў-Падольскі, Украіна — пасля 1932),
польскі паэт. Скончыў Кіеўскі ун-т. Працаваў адвакатам у Мінску. З 1918 у Польшчы. Аўтар драмы «З жыцця» (1880), зб-каў «Паэзія» (т. 1—2, 1882—84), «Рапсодыі» (1901), «Да сонейка» (1905), «Атлантыда» (1910), «Кніга санетаў» (1922). Зб-кі «На світанку» (1898), «Кніга маўчання» (1914, выдадзены ў Мінску). Паэма «Ганка. Падольская аповесць» (1888) пра трагічнае каханне маладых людзей, раздзеленых класавымі межамі. Вяжбіцкі зазнаў уплыў гіст. школы і пострамантызму, яго творам уласцівыя актуальнасць праблематыкі, публіцыстычнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАХА́ЦКАЯ (Лідзія Сцяпанаўна) (1893—?),
бел. актрыса. Працавала ў «Бел. савецкім т-ры» (1918), Першым т-ве бел. драмы і камедыі (1919). З 1920 у БДТ (дакладна вядома пра яе ўдзел у спектаклях да 1930). Выконвала гераічныя і характарныя ролі. Сярод роляў: Паўлінка (аднайм. п’еса Я.Купалы), Марыся («Ганка» У.Галубка), пані Зубкоўская («Панскі гайдук» Н.Бываеўскага), Кавецкая («Над Нёманам» М.Грамыкі), Параска («На Купалле» М.Чарота), Малання, Домна, Наста («Кар’ера таварыша Брызгаліна», «Перамога», «Запяюць верацёны» Е.Міровіча), Ніколь («Мешчанін у дваранах» Мальера), Ляксандра («Мост» Я.Рамановіча) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́ЛІЧ (Канстанцін Фёдаравіч) (1906, г. Івангорад Кінгісепскага р-на Ленінградскай вобл. — 27.9.1944),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1935). З 1925 у Бел. трэцім дзярж.драм. т-ры, з 1937 у БДТ-1 (т-р імя Я.Купалы). Яго мастацтва адметнае рамантычнай узнёсласцю, шчырасцю пачуццяў, тэмпераментам. Сярод роляў: Андрэй, Мастак, Паромшчык («Плытагоны», «Пінская мадонна», «Ганка» У.Галубка), Кастусь Каліноўскі (аднайм. п’еса Е.Міровіча), Мікола («Кацярына Жарнасек» М.Клімковіча), пан Ендрыхоўскі («Партызаны» К.Крапівы), сяржант Дроб (аднайм. п’еса Э.Самуйлёнка), Дон Жуан («Каменны госць» А.Пушкіна), Фердынанд («Каварства і каханне» Ф.Шылера). Як мастак аформіў спектаклі «Кастусь Каліноўскі» (1928), «Правакатар» М.Ірчана (1931). Загінуў у чыгуначнай катастрофе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРА́НДА (англ. veranda ад інд.),
адкрытая або закрытая прыбудова да дома з боку ўваходных дзвярэй. Гістарычна развілася з ганка. З’яўляецца дадатковым гасп. памяшканнем. Часта выкарыстоўваецца як летняя кухня, часам у верандзе адгароджваецца кладоўка. На Беларусі пашырана з 19 ст. ў гарадах і мястэчках; сустракалася ў вясковым буд-ве ў заможных сялян. Найб. пашырэнне атрымала з 1920-х г. Цяпер веранды бытуюць па ўсёй Беларусі, найб. на ПдУ. Тыповыя веранды зашклёныя (памерам 10—15 м²). Некаторыя хаты маюць 2 веранды — на вуліцу і панадворак. Ніжняя частка каркаса веранды ашалёўваецца дошкамі, фарбуецца; верхняя звычайна зашклёная. Многія веранды аздоблены разьбой, вітражамі, з’яўляюцца сапраўднымі творамі мастацтва.
У.С.Гуркоў.
Веранда ў в. Галошава Талачынскага раёна Віцебскай вобласці.
помнік грамадзянскай архітэктуры пач. 17 ст. ў в. Гайцюнішкі (Воранаўскі р-н Гродзенскай вобл.). Пабудаваны ў 1613 уладальнікам вёскі, «каралеўскім будаўнічым», выхадцам з Нідэрландаў П.Нонхартам разам з інж. ван Дадэнам. Сіметрычны прамавугольны ў плане 2-павярховы будынак накрыты вальмавым дахам, фланкіраваны па вуглах 4 круглымі вежамі, завершанымі шатрамі.
Цэнтр гал. фасада вылучаны 3-яруснай прамавугольнай вежай-брамай з мураваным ганкам на слупах (дабудаваны ў канцы 19 ст.). Фасады амаль не маюць арх. дэкору. Тоўстыя (каля 1,5 м) сцены прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі, вежаў — вокнамі-байніцамі. У інтэр’еры сцены мелі жывапісную размалёўку, ляпныя ўпрыгожанні і інш. аздобу. У 1970-я г. да ганка зроблена мураваная лесвіца, да дваровага фасада прыбудаваны 1-павярховы цагляны корпус.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЧАНЕ́ЦКАЯ (Валянціна Фёдараўна) (9.12.1898, г. Ніжні Ноўгарад — 5.5.1980),
бел. спявачка (мецца-сапрана). Нар.арт. Беларусі (1955). Вучылася ў Маскоўскай кансерваторыі (1917—20) і прыватна ў В.Пятровай-Званцавай. Працавала ў Смаленскім перасоўным т-ры, у оперных т-рах Тбілісі, Саратава, Баку і інш. У 1940—57 салістка Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Валодала голасам прыгожага тэмбру, выдатнымі акцёрскімі здольнасцямі, была тонкім, удумлівым інтэрпрэтатарам. Сярод партый: у операх бел. кампазітараў — Ганка, Агата («Міхась Падгорны» і «Дзяўчына з Палесся» Я.Цікоцкага), Марыя Грагатовіч («Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса), Сцепаніда («Надзея Дурава» А.Багатырова); у класічных операх — Графіня («Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Любаша («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Княгіня («Русалка» А.Даргамыжскага), Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ), Няня («Дэман» А.Рубінштэйна).
Літ.:
Смольскі Б.С. Майстар музычнай справы. // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛУ́ШКІНА (Лідзія Іванаўна) (н. 15.6.1923, г. Іванава, Расія),
бел. спявачка (мецца-сапрана), педагог. Нар.арт. Беларусі (1963). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1950, клас Ф.Пятровай). У 1951—81 салістка Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. З 1974 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. Валодае яркім прыгожым голасам, вял. эмацыянальнасцю, майстэрствам сцэн. пераўвасаблення. Найб. блізкія ёй партыі гераінь з моцнымі характарамі, драм. і трагічным лёсам. Сярод партый у бел. операх: Надзея Дурава (аднайм. опера А.Багатырова), Алеся, Ганка («Алеся» і «Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага), Марына («Яснае світанне» А.Туранкова), Вераніка («Зорка Венера» Ю.Семянякі, Удава кнігагандлёўца («Джардана Бруна» С.Картэса); у класічным рэпертуары — Любаша, Амелфа («Царская нявеста», «Залаты пеўнік» М.Рымскага-Корсакава), Марына Мнішак, Марфа («Барыс Гадуноў», «Хаваншчына» М.Мусаргскага), Клітэмнестра («Арэстэя» С.Танеева), Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ), Амнерыс, Азучэна, Ульрыка («Аіда», «Трубадур», «Баль-маскарад» Дж.Вердзі), Клара («Заручыны ў манастыры» С.Пракоф’ева). Выканальніца многіх камерных твораў бел. кампазітараў.
А.Я.Ракава.
Л.І.Галушкіна.Л.Галушкіна ў ролях Марыны (уверсе) і Клары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУДРАШО́ВА (Клаўдзія Кузьмінічна) (н. 13.12.1925, хутар Белы Ленінградскага р-на Краснадарскага краю, Расія),
бел. і расійская спявачка (мецца-сапрана). Нар.арт. Беларусі (1955). Нар.арт.СССР (1970). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1952). З 1952 салістка Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, з 1960 — Пермскага т-ра оперы і балета. Валодае моцным голасам прыгожага мяккага тэмбру. Яе творчасць вызначаюць высокая вак. тэхніка, драм. тэмперамент, акцёрскае майстэрства. Сярод лепшых партый на бел. сцэне: Надзея («Надзея Дурава» А.Багатырова), Алеся, Ганка («Дзяўчына з Палесся», «Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага), Марына («Яснае світанне» А.Туранкова), Любаша, Любава («Царская нявеста», «Садко» М.Рымскага-Корсакава), Марына Мнішак («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Княгіня, Вольга, Графіня («Чарадзейка», «Яўген Анегін» і «Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Азучэна, Амнерыс («Трубадур», «Аіда» Дж.Вердзі), Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ), Шарлота («Вертэр» Ж.Маснэ); у Пермскім т-ры — Іаанна («Арлеанская дзева» Чайкоўскага), Варвара Васілеўна («Не толькі любоў» Р.Шчадрына), Каця («Вогненныя гады» А.Спадавекія).
Літ.:
Смольскі Б.С. Таленавітая спявачка // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.