ГАНДО́ЛА (італьян. gondola),

1) аднавёславая пласкадонная лодка з узнятымі фігурнымі носам і кармой. Пашырана (з 11 ст.) у Венецыі. Даўж. каля 10 м, шыр. 1,3 м. Звычайна мае каюту або навес для пасажыраў.

2) Кабіна аэрастата для размяшчэння людзей, сілавых установак, абсталявання і баласту. Гандола стратастата — герметычная кабіна, дырыжабля — убудаванае або падвеснае на стропах памяшканне.

3) Канструкцыя абцякальнай формы некат. тыпаў суднаў, вынесеная за межы корпуса і прызначаная для размяшчэння гідралакацыйнай апаратуры, механізмаў вінтарулявой калонкі, грабных рухавікоў.

4) Элемент канструкцыі самалёта або верталёта, які мае абцякальную форму і прызначаны для размяшчэння рухавіка, шасі і інш. 5) Самаразгрузны чыгуначны паўвагон з плоскай гарыз. падлогай, у якой зроблены люкі.

т. 5, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЁСЛАВАЕ СУ́ДНА,

судна, якое рухаецца пры дапамозе вёслаў. Бывае з уключынамі (упорамі для вёслаў) і без іх. Уключыны знаходзяцца на бартах (шлюпкі, лодкі розных тыпаў), на кранштэйнах за бортам (акадэмічнае вёславае судна), у карме (гандола); Вёславыя судны без уключын — байдаркі, каноэ. Вёславыя судны могуць мець ветразі ці падвесны матор. Сучасныя марскія і рачныя вёславыя судны — у асноўным спартыўныя, невял. прамысловыя, транспартныя, выратавальныя і інш.

т. 4, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫРЫЖА́БЛЬ (ад франц. dirigeable кіроўны),

кіроўны аэрастат падоўжанай формы, аснашчаны адной або некалькімі вінтаматорнымі ўстаноўкамі, якія ствараюць цягу для гарыз. палёту. Вызначаецца вял. грузападымальнасцю і далёкасцю палёту, невял. (да 150 км/гадз) скорасцю, павышанай залежнасцю ад метэаўмоў.

Адрозніваюць Д. мяккай сістэмы (аб’ём 1—7 тыс. м³, корпус з прагумаванага матэрыялу, што служыць адначасова і абалонкай для газу), паўжорсткай (8—35 тыс. м³, у ніжняй ч. мае метал. ферму, якая не дапускае дэфармацыі абалонкі) і жорсткай (да 200 тыс. м³, увесь корпус у выглядзе метал. каркаса). Д. маюць адну або некалькі гандол (для размяшчэння экіпажа, рухавікоў, грузаў), апярэнне (стабілізатары, кілі, рулі вышыні і кіравання). Выкарыстоўваліся для перавозкі грузаў, у навук. і ваен. мэтах і інш. Першы палёт на Д. з паравым рухавіком ажыццявіў А.Жыфар у 1852 (Францыя). Першы Д. жорсткай сістэмы пабудаваў у 1900 Ф.Цэпелін (Германія), першы Д. мяккай сістэмы грамада. прызначэння спраектаваў і пабудаваў у 1911 у Кіеве Ф.Ф.Андэрс. Гл. таксама Паветраплаванне.

Схема дырыжабля жорсткай сістэмы: 1, 4 — стабілізатары; 2, 3 — рулі напрамку і вышыні; 5 — вонкавая абалонка; 6 — гандола кіравання; 7 — пасажырскія палубы; 8 — месца бакавой маторнай гандолы.

т. 6, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)