Гамалагічных радоў закон зменлівасці 3/323

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАЛЕ́ЛЬНЫЯ ГЕ́НЫ,

гены, што вызначаюць развіццё неальтэрнатыўных адзнак арганізма (напр., колер вачэй, форма ногцяў). Калі пры меёзе не адбываецца красінговера і Н.г. знаходзяцца ў розных локусах гамалагічных храмасом, тады адбываецца іх поўнае счэпленае наследаванне, а пры наяўнасці красінговера — няпоўнае. Свабоднае камбінаванне Н.г. па 3-м законе Мендэля бывае пры іх знаходжанні ў розных парах гамалагічных храмасом.

Р.​Г.​Заяц.

т. 11, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАСО́МІЯ (ад мана... + грэч. sōma цела),

адсутнасць у храмасомным наборы клетак арганізма адной з парных храмасом. М. — вынік парушэнняў пры разыходжанні парных (гамалагічных) храмасом, прычына некаторых спадчынных хвароб (гл. Храмасомныя хваробы). Клетка ці арганізм, у якіх храмасома адна, наз. манасомікам. М. можа сустракацца і ў норме, напр., у самцоў некаторых конікавых адна палавая храмасома.

т. 10, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫПЛО́ІД (ад грэч. diploos двайны + eidos від),

асобіна або клетка з двайным (поўным) наборам гамалагічных пар храмасом. Утвараецца ад зліцця 2 гаплоідных гамет (мужчынскай і жаночай), кожная з якіх мае па аднаму набору храмасом. Дыплоіднымі з’яўляюцца спарафіты вышэйшых раслін, пераважная большасць жывёл, гаметы паліплоідных арганізмаў (гл. Поліплаідыя) або гаметы, якія ўзніклі ў дыплоідных асобін з парушаным меёзам.

т. 6, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОМАГАМЕ́ТНАСЦЬ (ад гома... + гаметы),

характарыстыка арганізма (або групы арганізмаў), які мае ў храмасомным наборы пару або некалькі пар гамалагічных палавых храмасом і ўтварае аднолькавыя па наборы храмасом гаметы. Пол, прадстаўлены такімі асобінамі, наз. гомагаметным. У млекакормячых, рыб і некат. відаў раслін (каноплі, хмель, шчаўе) гомагаметнасць характэрна для жан. полу, у птушак, матылькоў і некат. відаў суніц — для мужчынскага.

т. 5, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЁЗ (ад грэч. meiōsis памяншэнне),

спосаб дзялення клетак, пры якім адбываецца памяншэнне дыплоіднага (двайнога) набору храмасом да гаплоіднага (адзінарнага); асноўнае звяно гаметагенезу. Адкрыты ням. вучоным В.Флемінгам (1882). Уключае 2 паслядоўныя дзяленні клетачнага ядра. У складанай і працяглай прафазе 1-га дзялення (мае 5 стадый, у чалавека працягваецца 22,5, у ліліі — 8—10 сутак) адбываецца кан’югацыя гамалагічных храмасом, утварэнне бівалентаў, красінговер і інш. На стадыі метафазы біваленты выстройваюцца ў сярэдняй ч. верацяна дзялення. У анафазе пачынаецца рух гамалагічных храмасом да процілеглых полюсаў клеткі. На стадыі тэлафазы мацярынская клетка раздзяляецца на 2 даччыныя, якія пераходзяць у інтэркінез (перыяд паміж 1-м і 2-м дзяленнем М.). Тэлафаза і інтэркінез адбываюцца не заўсёды. 2-е дзяленне М. мае падобныя ўмоўныя стадыі. У выніку з адной зыходнай дыплоіднай клеткі ўтвараюцца 4 гаплоідныя генет. разнародныя клеткі. М. — абавязковае звяно палавога працэсу і ўмова для фарміравання палавых клетак (гамет). Адзін з ключавых механізмаў спадчыннасці і спадчыннай зменлівасці.

Літ.:

Цитология и генетика мейоза. М., 1975.

А.​І.​Ерашоў.

т. 10, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІГАМЕ́РЫ,

члены гамалагічных шэрагаў, якія па памеры малекул (мал. м.) займаюць прамежкавае становішча паміж манамерамі і высокамалекулярнымі злучэннямі. Верхняй мяжой мал. масы алігамераў з’яўляецца яе значэнне, пры якім праяўляюцца ўласцівасці высокамал. злучэнняў, у палярных алігамераў — 1,5∙10​4, у непалярных — 5∙10​3. Метады сінтэзу алігамераў заснаваныя на рэакцыях абмежавання росту макрамалекул (гл. Тэламерызацыя і Полікандэнсацыя) і на дэструкцыі высокамал. злучэнняў. Да сінтэтычных алігамераў належаць поліэфірныя, алкідныя, фенола-фармальдэгідныя, эпаксідныя смолы, вадкія каўчукі, сінт. маторнае паліва і інш. Прыродныя алігамеры — алігацукрыды, алігануклеатыды, цыклаалігапептыды, оксітацын і інш.

т. 1, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАФА́ЗА (ад грэч. pro раней, перад + phasis з’яўленне),

першая фаза дзялення клеткі і яе ядра шляхам меёзу ці мітозу. Найб. складаная і працяглая фаза. Важныя адзнакі П. — кандэнсацыя храмасом, спыненне сінтэзу РНК, растварэнне ядзерка і пачатак фарміравання верацяна дзялення. У клетках жывёл і некат. ніжэйшых раслін верацяно дзялення ўтварае мітатычны апарат разам з цэнтрыёлямі, у клетках вышэйшых раслін і некат. прасцейшых — без іх. У П. меёзу I, якая мае 5 стадый, акрамя таго адбываецца кан’югацыя гамалагічных храмасом. П. меёзу II адбываецца аналагічна П. мітозу.

Р.​Г.​Заяц.

т. 13, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ГЕЛЬ (Валянцін Аляксандравіч) (10.3.1882, Казань, Татарстан, Расія — 1.6.1955),

савецкі заолаг, заснавальнік навук. школы протазаолагаў і паразітолагаў. Чл.-кар. АН СССР (1939). Сын А.С.Догеля. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1904). З 1913 праф. у ім. З 1929 ва Усесаюзным НДІ азёрнай і рачной гаспадаркі, з 1944 у Заалагічным ін-це АН СССР. Навук. працы па протазаалогіі, паразіталогіі, эмбрыялогіі, параўнальнай анатоміі беспазваночных. Прапанаваў канцэпцыю полі- і алігамерызацыі гамалагічных органаў у эвалюцыі жывёл (1954). Аўтар падручнікаў «Агульная пратысталогія» (1951) і «Агульная протазаалогія» (1962, разам з Ю.​Е.​Палянскім). Ленінская прэмія 1957.

Тв.:

Олигомеризация гомологичных органов как один из главных путей эволюции животных. Л., 1954.

т. 6, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОМАЗІГО́ТНАСЦЬ (ад гома... + зігота),

спадчынная аднароднасць гібрыднага арганізма, звязаная з наяўнасцю ў яго гамалагічных храмасомах ідэнтычных алеляў дадзенага гена, якія аднабакова ўплываюць на пэўную прыкмету. Арганізм пры гэтым наз. гомазіготным адпаведна разглядаемай пары генаў. Пры размнажэнні гомазіготы звычайна адсутнічае расшчапленне прыкмет. Гомазіготнасць уласціва самаапладняльным арганізмам. Гомазіготы маюць паніжаную жыццяздольнасць і больш вузкую магчымасць прыстасаванасці да умоў асяроддзя, чым гетэразіготныя арганізмы (гл. Гетэразіготнасць). У эксперыментах іх атрымліваюць з дапамогай інбрыдзінгу. Гомазіготнасць неабходна для падтрымання розных формаў арганізмаў у генетычных калекцыях, захоўвання пэўных характарыстык ліній, сартоў і парод. Гомазіготныя формы (лініі) выкарыстоўваюць для вырашэння пытанняў спадчыннасці і зменлівасці, у с.-г. вытв-сці — для атрымання эфекту гетэрозісу.

т. 5, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)