ГАЛУБО́К (сапр. Голуб) Уладзіслаў Іосіфавіч

(15.5.1882, ст. Лясная Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 1937),

бел. тэатр. дзеяч, драматург, рэжысёр, акцёр, мастак. Буйны дзеяч нац. сцэны, першы нар. арт. Беларусі (1928). У 1908 пачаў літ. дзейнасць як паэт і празаік. Друкаваўся ў газ. «Наша ніва», час. «Лучынка», альманаху «Маладая Беларусь» і інш. Выдаў зб. «Апавяданні» (Пецярбург, 1913). Пісаў таксама гумарэскі, сатыр. апавяданні. З 1917 выступаў як драматург. Аўтар каля 40 п’ес з жыцця бел. народа (пераважна меладрамы, камедыі, вадэвілі, фарсы), якія шырока ставіліся ў бел. прафес. і самадз. т-рах. Значнае месца яны займалі ў Першым таварыстве беларускай драмы і камедыі, дзе Галубок у 1917—20 выступаў як акцёр і рэжысёр. Былі пастаўлены: «Апошняе спатканне» і «Пісаравы імяніны» (1917), «Бязвінная кроў» (1918), «Бязродны» і «Праменьчык шчасця» (1919). У Бел. дзярж. т-ры (цяпер Нац. т-р імя Я.Купалы) ставіліся яго «Залёты дзяка» («Пісаравы імяніны»), «Ганка», «Апошняе спатканне», «Бязродны» (усе 1921). Яго шматгранны талент найб. ярка і поўна раскрыўся ў арганізаваным ім у 1920 у Мінску калектыве — Трупе бел. артыстаў (гл. Беларускі трэці дзяржаўны тэатр). Аснову рэпертуару складалі п’есы Галубка: «За мураванай сцяной» (1920), «Душагубы», «Пісаравы імяніны», «Залаты бог» (1921), «Ганка», «Мужычае шчасце», «Былое», «Ліхадзеі» (1922), «Пан Сурынта», «Плытагоны», «Падкідыш» і «Ветрагоны» (1923), «Пан-князь» (1924), «Беларускія зажынкі» (1925), «Пінская мадонна» і «Краб» (1928), «Рыкашэт» (1935); рэж. усіх, акрамя апошняй, быў сам Галубок. Яго пастаноўкі вызначаліся сакавітасцю нар. гумару, маляўнічасцю, былі насычаны музыкай, песнямі, танцамі. Сам Галубок з жыццёвай верагоднасцю, бытавой і псіхал. дакладнасцю выконваў драм., характарныя і камедыйныя ролі ў сваіх п’есах: Авечка («Суд»), Дзяк («Пісаравы імяніны»), Ксёндз («Пінская мадонна»), Пан Сурынта (аднайм. п’еса) і інш. У сцэн. творчасці ён наследаваў традыцыі стараж. бел. нар. т-ра, што ішлі ад скамарохаў, батлейшчыкаў, выканаўцаў нар. драмы; творча развіваў вопыт Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага. Галубок стварыў глыбока самабытны, непаўторны свой т-р, выхаваў вял. групу бел. акцёраў (А.Бараноўскі, С.Бірыла, Б.Бусел, К.Быліч, У.Дзядзюшка, А.Згіроўскі і інш.). Праводзіў вял. культ.-асв. работу сярод насельніцтва, дапамагаў маст. самадзейнасці, выступаў з лекцыямі і дакладамі, выпускаў баявыя лісткі і насценгазеты, выступаў у перыяд. друку з публіцыст. і тэатразнаўчымі артыкуламі. Як мастак-дэкаратар ён афармляў пастаноўкі ўсіх сваіх п’ес. Вядомы як пейзажыст (карціны «Раніцай», «Туманы», «На рацэ Бярозе», «Сож»; удзельнічаў у шэрагу рэсп. выставак). У канцы 1920-х г. на Галубка пачаліся ганенні і абвінавачанні ў нацыяналізме. У 1931 яго адхілілі ад маст. кіраўніцтва т-рам, працаваў дырэктарам і акцёрам. У 1937 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1957.

Літ.:

Звонак А. Уладзіслаў Галубок // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967;

Сабалеўскі А. Уладзіслаў Галубок // Сабалеўскі А. Беларуская савецкая драма. Мн., 1969. Кн. 1;

Атрошчанка А. Уладзіслаў Галубок Мн., 1969;

Адхінуўшы заслону часу...: Успаміны пра Ўладзіслава Галубка. Мн., 1979;

Карабанава Л.В. Драматургія Уладзіслава Галубка. Мн., 1982.

А.В.Сабалеўскі.

т. 4, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛУБО́К (Эдуард Уладзіслававіч) (псеўд. Э.Горскі; 1906, Мінск — 1943),

бел. фалькларыст, літ.-знавец і крытык. Сын. У.І.Галубка. Скончыў БДУ (1930). У 1931—33 у Ін-це л-ры і мастацтва, у 1934—41 у Ін-це гісторыі АН БССР. Загінуў на фронце. Даследаваў бел. л-ру, найперш драматургію (арт. «Каштоўны ўклад у беларускую драматургію» і «Праблемы мастацкага росту беларускай драматургіі», 1934), бел. фальклор. Склаў зб. «Дарэвалюцыйная і савецкая Беларусь у народнай творчасці» (1938), «Беларускі народ супраць папоў і рэлігіі» (1939, з А.Калечыцам), «Жанчына ў беларускай народнай творчасці» (1940, з Калечыцам і Н. Багдановіч).

Тв.:

Творчы шлях 3-га Беларускага дзяржаўнага тэатра // Мастацтва і рэвалюцыя. 1932. № 3—4;

Пытанні стылю беларускай савецкай драматургіі // Пісьменнік і мова. Мн., 1934;

Аб маладзёжнай драматургіі БССР // Драматургія. Мн., 1934.

І.У.Саламевіч.

т. 4, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛУБО́К МАРСКІ́,

гл. ў арт. Чайкі.

т. 4, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРСКІ́ ГАЛУБО́К,

гл. ў арт. Чайкі.

т. 10, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Галубок Б. У. 10/434

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Галубок Э. У. 3/315

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Галубок У. І. 1/220; 2/233, 244, 246, 251, 258, 267, 494, 590; 3/314—315; 4/56, 216, 232, 270, 379, 415, 468, 546, 550; 5/248, 294; 6/273, 383, 475, 562; 7/132, 221, 287, 418, 420, 424—425 (укл.), 426; 8/89, 399, 499; 9/149, 245, 400, 429; 10/193, 368—369 (укл.), 369, 384, 396; 12/393, 450, 548, 557, 558, 634, 635, 657

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Голуб, гл. Галубок У. І.

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ТРЭ́ЦІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ТЭА́ТР (БДТ-3). Існаваў у 1920—37. У розны час меў назвы: Трупа бел. артыстаў пад загадам У.Галубка

(Трупа Галубка),

Другая бел. дзярж. трупа (з 1924), Бел. дзярж. вандроўны тэатр (з 1926), з 1932 БДТ-3. Арганізатар і маст. кіраўнік Галубок. Адкрыўся 10.8.1920 у Мінску спектаклем «Суд» Галубка. Выступаў у Мінску і па ўсёй Беларусі. Нёс у масы бел. нац. культуру, праводзіў вял. культ.-асв. работу. Пастаноўшчыкам усіх спектакляў быў Галубок, ён жа ствараў маст. і муз. афармленне. Калектыў наследаваў і прадаўжаў традыцыі бел. нар. т-ра, Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага і Першага таварыства беларускай драмы і камедыі, укр. труп. Спектаклі былі насычаны музыкай, песнямі, танцамі, нац. каларытам. Ставіліся п’есы Галубка, Ф.Аляхновіча, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Чарота, Л.Родзевіча, В.Дуніна-Марцінкевіча, К.Каганца і інш. Першымі акцёрамі былі сам Галубок і члены яго сям’і, бел. пісьменнікі (І.Барашка, А.Дудар, В.Сташэўскі, М.Чарот). У сярэдзіне 1920-х г. трупа папоўнілася маладымі акцёрамі (К.Быліч, У.Дзядзюшка, С.Бірыла, А.Згіроўскі і інш.). Асобныя спектаклі ставілі Е.Міровіч, У.Крыловіч, Ф.Ждановіч, М.Міцкевіч. У 1928 Галубку першаму ў рэспубліцы прысвоена званне нар. арт. БССР. З канца 1920-х г. з наступам ідэалогіі на мастацтва тэатр трапіў пад вострую афіц. парт. крытыку, яго кіраўніцтва абвінавацілі ў нацыяналіст. ухіле, у нізкім маст. узроўні пастановак. На пач. 1930-х г. адбылася рэарганізацыя тэатра. У 1931 яго маст. кіраўніком прызначаны К.Саннікаў (Галубок застаўся дырэктарам і акцёрам), у 1932 т-р атрымаў сталую базу ў Гомелі. У 1934 для павышэння кваліфікацыі калектыў быў накіраваны на 3-месячныя курсы ў Маскву. У рэпертуары быў узяты курс на сучаснасць. Ставіліся пераважна тагачасныя сав. п’есы, якія ішлі ў інш. т-рах краіны, а таксама асобныя класічныя творы (А.Астроўскага, А.Пушкіна, Ф.Шылера). У выніку такой перабудовы павысіліся агульны прафес. ўзровень калектыву, пастановачная культура спектакляў, але т-р страціў нац. самабытнасць і непаўторнасць. У 1937 Галубок і вядучы акцёр Згіроўскі былі рэпрэсіраваны, а т-р расфарміраваны.

А.В.Сабалеўскі.

т. 2, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ПРАЦАЎНІКО́Ў МАСТА́ЦТВА,

аб’яднанне тэатр. дзеячаў г. Мінска ў 1919—20. Пачало дзейнасць 14.8.1919 спектаклем «Паўлінка» Я.Купалы ў памяшканні «Беларускай хаткі». Складалася з удзельнікаў Першага таварыства беларускай драмы і камедыі, Беларускага савецкага тэатра і інш. Арганізатар і кіраўнік У.Фальскі. Ставіліся пераважна творы бел. драматургіі: «Бязродны» і «Праменьчык шчасця» У.Галубка, «Мікітаў лапаць» і «Жаніх без шлюбу» М.Чарота. У спектаклях удзельнічаў хор У.Тэраўскага. Сярод акцёраў Б.Бусел, П.Валасевіч, Галубок, М.Зароская, М.Кудзелька (М.Чарот).

т. 10, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)