Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́ (франц. halo ад грэч. halōs круг, дыск),
адна з аптычных з’яў у атмасферы. Узнікаюць гало ў перыстых, перыста-слаістых і перыста-кучавых воблаках (знаходзяцца на вышыні больш за 6 км) у выніку пераламлення святла ў ледзяных крышталях або адбіцця святла ад іх граней. Назіраюцца вакол Сонца і Месяца, маюць вуглавы радыус 22° і 46° і форму каляровых (як слабая вясёлка) ці белых кругоў, дугаў, слупоў, крыжоў, плям. Гало адрозніваюцца ад вянцоў, што ўтвараюцца пры дыфракцыі святла на дробных кроплях празрыстых, пераважна высокакучавых воблакаў і маюць меншы дыяметр. Ва ўмовах Беларусі (Мінск) гало назіраюцца каля 30 разоў за год.
Асноўныя формы гало: 1 — кругі з вуглавым радыусам 22° і 46°; 2 — слупы вышэй і ніжэй свяціла; 3 — несапраўдныя Сонцы ці Месяцы на гарызантальным крузе; 4 — датычныя дугі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕДЗЯНЫ́Я ВО́БЛАКІ, крышталічныя воблакі,
усе воблакі верхняга яруса (перыстыя, перыста-слаістыя, перыста-кучавыя, а таксама вяршыні кучава-дажджавых), якія складаюцца з дробных ледзяных крышталёў. Пры пераламленні святла ў тонкіх слаях такіх воблакаў могуць узнікаць аптычныя з’явы тыпу гало.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯНЦЫ́,
рознакаляровыя кольцы вакол Сонца, Месяца або яркіх зорак. Утвараюцца ў выніку дыфракцыі святла пры праходжанні яго праз кроплі вады або ледзяныя крышталікі ў тонкіх вадзяных або ледзяных воблаках. Вуглавая адлегласць паміж кольцамі адваротна прапарцыянальная радыусу кропляў: чым драбнейшыя кроплі, тым большыя вянцы. Адрозніваюцца ад гало меншым радыусам кольцаў (не больш за 5°). У метэаралогіі вянцы выкарыстоўваюць для вывучэння воблакаў і туманаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАПЕРУ́З (La Pérouse) Жан Франсуа дэ Гало
(Galaup; 22.8.1741, г. Альбі, Францыя — 1788),
французскі мараплавец. На ваенным флоце з 1756. У 1785—88 узначальваў кругасветнае падарожжа на фрэгатах «Астралябія» і «Бусоль». Экспедыцыя ўдакладніла контуры часткі ўзбярэжжа Паўн. Амерыкі, Усх. Азіі, адкрыла праліў паміж а-вамі Сахалін і Хакайда (гл.Лаперуза праліў), а-вы Манерон, Савайі. З Сіднея экспедыцыя накіравалася на Пн і прапала без вестак. У 1826 англ. капітан П.Дзілан і ў 1828 франц. мараплавец Ж.Дзюмон-Дзюрвіль знайшлі на в-ве Ванікора (з трупы Санта-Крус) і рыфах каля яго некаторыя рэчы экспедыцыі, а ў 1964 франц. экспедыцыя Брасара — рэшткі затанулага фрэгата.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́НДАН [London; сапр.Бёрнстайн
(Bumstein)] Джордж (30.5.1920, г. Манрэаль, Канада — 24.4.1985),
амерыканскі спявак (бас-барытон), рэжысёр. З 1935 у ЗША. Вучыўся спевам у Р.Лерта. У 1941—67 выступаў у буйнейшых т-рах ЗША і Еўропы. З 1975 кіраўнік Опернага т-ва ў Вашынгтоне. Яго творчасці ўласцівы выразная фразіроўка, разнастайнасць тэмбравых і эмацыянальных адценняў. Сярод партый: Дон Жуан («Дон Жуан» В.А.Моцарта), Вотан («Валькірыя» Р.Вагнера), Скарпія («Тоска» Дж.Пучыні), Гало («Пелеас і Мелізанда» К.Дэбюсі), Ліндорф, Капеліус, Дапертута, доктар Міракль («Казкі Гофмана» Ж.Афенбаха), Эскамільё («Кармэн» Ж.Бізэ), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно), Барыс Гадуноў (аднайм. опера М.Мусаргскага), Яўген Анегін (аднайм. опера П.Чайкоўскага). Паставіў шэраг опер Вагнера, Моцарта і інш.