ГАЛКО́НДА,

феадальная дзяржава ў 16—17 ст. у Індыі. Утворана ў 1512 у выніку распаду Бахманідскага султаната. Заснавальнік Кулі Кутб-шах, былы бахманідскі намеснік у Варангале, сталіца — крэпасць Галконда, з 1589 — г. Бхагнагар (пазней перайменаваны ў Хайдарабад). Была багатай дзяржавай, мела развітыя ткацкія рамёствы, гарнарудныя промыслы (асабліва здабыча і апрацоўка алмазаў). У 1687 далучана да дзяржавы Вялікіх Маголаў. Цяпер у складзе штата Андхра-Прадэш.

т. 4, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАХМАНІ́ДСКІ СУЛТАНА́Т, Бахмані,

дзяржава ў Індыі ў 1347—1525. Утвораны ў выніку паўстання дэканскіх феадалаў супраць Дэлійскага султаната. Заснавальнік Бахманідскага султаната Зафар-хан даў пачатак дынастыі Бахманідаў, сталіца Бахманідскага султаната — г. Гулбарга, з 1429 — Бідар. Улада Бахманідаў распаўсюджвалася на ўвесь Дэкан да р. Крышна на Пд. У канцы 15 — пач. 16 ст. распаўся на султанаты Ахмаднагар, Берар, Бідар, Біджапур, Галконда.

т. 2, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)