ГА́ЛЕЧНІК,

1) буйнаабломкавая горная парода, складзеная з галькі з дамешкамі жвіру, пяску, дробных валуноў. Прамежкі паміж цвёрдымі часцінкамі могуць быць запоўнены гліністым або карбанатным матэрыялам. Пласты галечніку звязаны з прыбярэжна-марскімі, водна-ледавіковымі, рачнымі адкладамі. Галечнік з антрапагенавых адкладаў шырока выкарыстоўваецца для дарожнага буд-ва, баластавання чыгункі, фільтрацыйных збудаванняў і інш. 2) Спецыяльная расчышчаная ў лесе пляцоўка з падсыпаным буйназярністым пяском у месцах зімовага знаходжання глушцоў, рабчыкаў, цецерукоў (неабходная птушкам для лепшага засваення грубага зімовага корму).

т. 4, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЮ́ВІЙ,

алювіяльныя адклады (ад лац. alluvio нанос, намыў), адклады водных патокаў (рэк, ручаёў), якія намножыліся ў рэчышчах, на поймах і тэрасах рачных далін. Складаюцца з абломкавага матэрыялу рознай велічыні, ступені сартавання і абкатанасці (галечнік, жвір, пяскі, супескі, суглінкі, гліны), нярэдка з лінзамі торфу. Утварае поймы (паплавы), алювіяльныя тэрасы ўсіх рэк, алювіяльныя раўніны, займае больш за 5% тэр. Беларусі. Звычайна слаісты. Характэрна косая слаістасць, што абумоўлена напрамкамі руху водных патокаў. Вылучаюць рэчышчавую, поймавую і старычную разнавіднасці (фацыі). Фарміраванне алювію ў рэчышчы адбываецца ў выніку папярочнага цыркуляцыйнага руху вады, якая падмывае ўвагнуты бераг, наслойваючы сегменты грубага матэрыялу (галечнік, жвір, пяскі) каля выпуклага берага. Поймавы алювій адкладваецца пры шырокіх разлівах у поймах рэк і складзены з найб. тонкага пясчана-гліністага матэрыялу. Старычны фарміруецца ў азёрападобных старых рэчышчах і складзены з багатых арган. рэчывамі супескаў, суглінкаў, ілу, торфу. З валунова-галечным алювіем горных рэк звязаны россыпы золата, плаціны, волава і інш. цяжкіх мінералаў; са жвірова-пясчаным рэчышчавым алювіем рэк нізкагор’яў і раўнін — радовішчы буд. пяскоў і жвіру. Алювій — субстрат алювіяльных глебаў (гл. Поймавыя глебы).

М.Я.Зусь.

т. 1, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЛЬКА,

абломкі горных парод дыяметрам ад 1 да 10 см, абкатаныя і адшліфаваныя цякучай вадой рэк, азёрнымі ці марскімі хвалямі, ледавікамі і іх водамі. Форма (шарападобная, падоўжаная, пласціністая і інш.) залежыць ад рэчыўнага саставу, будовы парод, умоў пераносу і намнажэння. Марская галька звычайна мае больш плоскую форму, чым рачная. Па велічыні гальку падзяляюць на дробную (1—2,5 см), сярэднюю (2,5—5 см) і буйную (5—10 см). У будаўніцтве зерні ад 0,5 см да 7 см адносяць да жвіру. Пашырана ў сучасных і стараж. асадкавых тоўшчах (гл. Галечнік). На Беларусі галька вельмі разнастайная ў антрапагенавых ледавіковых адкладах і алювіі. Трапляецца ў слаях грубаабломкавага матэрыялу рыфею і венду, дэвонскай, кам.-вуг., пермскай, трыясавай, юрскай, мелавой, палеагенавай і неагенавай сістэм. Намнажэнні галькі ўтвараюць радовішчы. Гальку выкарыстоўваюць у якасці напаўняльнікаў бетону, у дарожным буд-ве і пры пабудове фільтрацыйных установак.

В.П.Кісель.

т. 4, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОДАПРАНІКА́ЛЬНАСЦЬ,

здольнасць глебы і горных парод прапускаць ваду. Характарызуецца каэф. фільтрацыі (магутнасцю слоя вады, якая прасочваецца ў глебу за адзінку часу). Вымяраецца ў дарсі (1 дарсі прыблізна адпавядае каэф. Фільтрацыі 1 м/сут). 1) Водапранікальнасць глебы залежыць ад мех. складу, колькасці арган. рэчыва і структуры. Адрозніваюць глебы добра водапранікальныя (на Беларусі дзярнова-падзолістыя пясчаныя і супясчаныя на рыхлых супесках, падасланых пяскамі, акультураныя дзярнова-падзолістыя на лёсападобных суглінках), сярэдневодапранікальныя (дзярнова-падзолістыя лёгкасугліністыя), слабаводапранікальныя (дзярнова-падзолістыя сярэдне- і цяжкасугліністыя, гліністыя). У добра акультураных, рыхлых глебах ападкі паглынаюцца і забяспечваюць іх нармальны водны рэжым. Дрэнная водапранікальнасць сугліністых і гліністых глеб прыводзіць да павялічанага паверхневага сцёку і развіцця эрозіі глебы. Тое ж можа адбывацца і на лёгкапранікальных пясчаных глебах на схілах пры ліўневых ападках, калі і пры высокай водапранікальнасці вада не паспявае паглынацца глебай або насычае яе поўнасцю.

2) Водапранікальнасць горных парод. Паводле ступені водапранікальнасці горныя пароды падзяляюцца на водапранікальныя (галечнік, жвір, буйназярністыя пяскі і інш.), паўпранікальныя (супескі лёгкія суглінкі і практычна воданепранікальныя (водатрывалыя — гліны, шчыльныя суглінкі і інш. асадкавыя пароды, нетрэшчынаватыя крышт. пароды). Ад водапранікальнасці залежаць дэбіт свідравін на ваду, забалочванне тэрыторыі, рэжым рачнога сцёку, страты вады з вадасховішчаў праз фільтрацыю. Водапранікальнасць улічваецца пры горных, меліярацыйных і ачышчальных работах, праектаванні вадасховішчаў і водазабораў, інж.-геал. вышуканнях.

А.В.Кудзельскі.

т. 4, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРАПАГЕ́НАВАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД),

антрапаген (ад антрапа... + грэч. genos нараджэнне), чацвярцічная сістэма (перыяд), апошняя сістэма кайназойскай эратэмы (групы) і апошні перыяд геал. гісторыі Зямлі, які доўжыцца і цяпер. Назву даў у 1922 рускі геолаг А.П.Паўлаў па найважнейшай падзеі — станаўленні чалавека. Ніжняя ўзроставая мяжа 1,65 млн. гадоў (некаторыя даследчыкі лічаць 2,4—3 млн. гадоў). Традыцыйна падзяляецца на галацэн (0—10 тыс. гадоў назад), плейстацэн (10—800 тыс. гадоў назад) і эаплейстацэн (800—1650 тыс. гадоў назад). Антрапаген вывучае чацвярцічная геалогія, адзін з цэнтраў развіцця якой на Беларусі.

Агульная характарыстыка. Адклады антрапагену ўтварыліся ў выніку дзеяння спецыфічных для канца кайназою прыродных працэсаў, сярод якіх найважнейшыя — глабальнае пахаладанне клімату, інтэнсіўныя тэктанічныя рухі і вулканізм, мацерыковыя зледзяненні і звязаныя з імі ваганні ўзроўню акіяна. Тэктанічныя рухі зямной кары ў поясе альпійскай складкавасці і пахаладанне клімату прывялі да павелічэння крыясферы і ўзнікнення зледзянення на мацерыках Паўн. паўшар’я. Ледавіковыя покрывы ахапілі да 45 млн. км² сушы, што ў 3разы перавышала сучаснае зледзяненне. Паўд. мяжа макс. пашырэння лёду дасягала ў Еўропе 48°30′ паўн. ш., у Паўн. Амерыцы — 37°30′ паўн. ш. Даследчыкі вылучаюць ад 3 да 9 зледзяненняў, якія чаргаваліся з міжледавікоўямі. На тэр. Беларусі праходзяць межы большасці вял. ледавіковых покрываў. У час зледзяненняў вял. масы вады акумуляваліся ў ледавіковых шчытах, што выклікала зніжэнне ўзроўню акіяна на 100 м і больш і злучэнне мацерыкоў Паўн. паўшар’я па Берынгавым мосце. Узровень акіяна і клімат міжледавіковых часоў нагадваў сучасны. У субтрапічных шыротах зледзяненням адпавядалі вільготныя перыяды (плювіялы), міжледавікоўям — больш сухія.

Адклады антрапагену пераважна кантынентальныя, сярод іх найб. пашыраны ледавіковыя (марэнныя, канцова-марэнныя, водна-ледавіковыя і лёсавыя) і такія генетычныя тыпы, як алювій, перлювій, калювій, азёрныя, балотныя, эолавыя. На прыморскіх раўнінах і шэльфе намнажаліся ледавікова-марскія і марскія адклады. У тоўшчы антрапагену на Беларусі на ледавіковыя адклады прыпадае да 88%. Пяскі складаюць 39%, гліны — 4, буйнаабломкавыя пароды — 4, марэны — 8, лёсападобныя — 0,5, карбанатныя — 1, інш. — 3,5%. Магутнасць кантынентальных адкладаў да 300 м, сярэдняя на Беларусі — 80 м, макс. — 324,5 м (у Лагойскай астраблеме). На адкладах антрапагену ўтварыўся сучасны рэльеф раўнін і нізін Зямлі, яны з’яўляюцца субстратам для глебаў, аб’ектам горных, інж.-геал. работ і антрапагеннага ўздзеяння на прыроду.

Станаўленне чалавека супадае з антрапагенавым перыядам: пітэкантрап з’явіўся ва Усх. Афрыцы каля 1,6 млн. гадоў назад. У канцы плейстацэну людзі рассяляліся паблізу ледавіка, дзе жылі буйныя жывёлы (у прыватнасці, маманты), паляванне на якіх было асновай існавання познапалеалітычнага чалавека. Мяркуюць, што на тэр. Беларусі чалавек з’явіўся каля 100 тыс. гадоў назад (вядомыя стаянкі першабытных людзей Бердыж і Юравічы маюць узрост 26—24 тыс. гадоў).

Карысныя выкапні. У адкладах антрапагену вядомы радовішчы золата, алмазаў, баксітаў, нікелю, буд. матэрыялаў (гліна, суглінак, пясок, жвір, галечнік, валуны, вапняк), торфу, сапрапеляў, прыроднага газу, дыятамітаў, солі, лячэбных гразяў, серы, марганцу, прэснай пітной вады. На Беларусі з гэтых адкладаў здабываюць буд. матэрыялы, торф, сапрапелі, лячэбныя гразі, пітную ваду, россыпнае золата.

Стратыграфічны падзел. У пач. 20 ст. аўстрыйскія вучоныя А.Пенк і Э.Брыкнер распрацавалі ледавіковую стратыграфію для Альпаў, у якіх вылучылі 4 зледзяненні — гюнцкае, міндэльскае, рыскае і вюрмскае, пазней дунайскае (самае старажытнае). Найчасцей антрапагенавая сістэма (перыяд) падзяляюць на 4 звяны (адпавядаюць пададдзелу) — ніжняе, сярэдняе, верхняе і сучаснае. У рэгіянальных стратыграфічных шкалах асн. адзінка расчлянення — гарызонт, які адпавядае палавіне кліматычнага рытму — пахаладанню (зледзяненню) або пацяпленню (міжледавікоўю). У схеме чацвярцічных (антрапагенавых) адкладаў Беларусі вылучаны (1981) брэсцкі перадледавіковы, нараўскі, бярэзінскі, дняпроўскі, сожскі, паазерскі ледавіковыя і белавежскі, александрыйскі, шклоўскі, муравінскі і галацэнавы міжледавіковыя гарызонты. Многія бел. даследчыкі з белавежскага гарызонта вылучаюць карчоўскі міжледавіковы, атаясамліваюць белавежскі і шклоўскі міжледавіковыя гарызонты, аб’ядноўваюць дняпроўскі і сожскі ледавіковыя гарызонты і вылучаюць эаплейстацэн і інш. падраздзяленні. У Зах. Еўропе найб. пашырана школа, распрацаваная В.Загвійнам (1989) для Нідэрландаў, у Расіі — І.І.Красновым і А.П.Зарынай (1987), С.М.Шыкам (1992), на Беларусі — схемы Б.М.Гурскага з сааўтарамі (1981) і Л.М.Вазнечука (1981).

Літ.:

Материалы по стратиграфии Белоруссии. Мн., 1981;

Стратиграфия СССР: Четвертич. система. Полутома 1—2. М., 1982—84;

Zagwijn W.H. The Netherlands during the Tertiary and the Quaternary: A case history of Coastal Lowland evolution // Geologie en Mijnbouw. 1989. Vol. 68, Nr. 1.

Э.А.Ляўкоў, М.Я.Зусь.

т. 1, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)