Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЕНІ́Т (ад лац. galena свінцовая руда),
свінцовы блішчак, мінерал класа сульфідаў, сульфід свінцу, PbS. Мае 86,6% свінцу. Прымесі: селен, серабро, вісмут, волава, цынк, жалеза і інш. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Крышталі кубічныя і актаэдрычныя, вядомыя двайнікі. Часцей трапляецца ў выглядзе зярністых (свінчак) і суцэльных мас. Колер свінцова-шэры. Бляск ярка-металічны. Цв. 2—3. Крохкі. Шчыльн. 7,4—7,6 г/см³. Электраправодны. Трапляецца ў гідратэрмальных радовішчах разам з пірытам, сфалерытам, арсенапірытам і інш. сульфідамі. Галеніт — свінцовая руда і каштоўная руда серабра. З галенітавага канцэнтрату атрымліваюць бялілы і інш. фарбы. Радовішчы ў Расіі, ЗША і інш. На Беларусі галеніт трапляецца ў крышт. фундаменце, у пародах дэвону і карбону.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Свінцовы блішчак, гл.Галеніт
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БРО́КЕН-ХІЛ (Broken Hill),
поліметалічнае радовішча ў Аўстраліі, унікальнае па колькасці свінцу і цынку. Адкрыта і распрацоўваецца з 1883. Складзена з кварц-палевашпатавых гнейсаў, крышт. сланцаў, кварцытаў, амфібалітаў ніжнепратэразойскага ўзросту. Гал. рудныя мінералы галеніт і сфалерыт, ёсць таксама халькапірыт, арсенапірыт, самароднае серабро і інш. Здабываюць свінец, цынк, серабро, кадмій, як спадарожныя — золата, медзь, сурму, кобальт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ЛІВАН (Sullivan),
адно з буйнейшых калчадана-поліметалічных радовішчаў свету ў Канадзе (прав.Брыт. Калумбія, каля г. Кімберлі). Адкрыта ў 1892, распрацоўваецца з 1900. Агульныя запасы 44 млн.т руды, з сярэднім утрыманнем волава 4,4%, цынку 6,1%, серабра 35 г/т. Руды пірацінавыя масіўныя і пірацін-сфалерыт-галеніт-пірытавыя палосчатыя. Паклады пластавыя ў верхнепратэразойскай дыслацыраванай тоўшчы метамарфізаваных парод. Здабыча падземным спосабам, спадарожна здабываюцца медзь, золата, свінец, кадмій, стыбій і сера.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІНЦО́ВЫЯ РУ́ДЫ,
састаўная частка поліметалічных руд, радзей утвараюць самаст. паклады. Вядома каля 180 мінералаў свінцу, прамысл. значэнне маюць сульфіды (галеніт — 86,6% свінцу), меншае — сульфасолі і карбанаты. Акісленыя руды складзены з цэрусіту (карбанат свінцу) і англезіту (сульфат свінцу). С.р. маюць цынк (мінералы сфалерыт, смітсаніт, каламін), серу, радзей медзь і барый, а таксама серабро, золата, кадмій, вісмут, сурму, ртуць, талій, германій і інш.Гал. радовішчы ў ЗША, Аўстраліі, Канадзе, Перу, Мексіцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́НТЭЗ МІНЕРА́ЛАЎ,
штучнае атрыманне мінералаў і монакрышталёў; адзін з раздзелаў эксперымент. мінералогіі. Ажыццяўляецца рознымі метадамі з аднакампанентных і многакампанентных сістэм.Крышталізацыя з расплаву — найб. пашыраны працэс прамысл. вырошчвання крышталёў і мінер. злучэнняў: карунд і яго разнавіднасці, рутыл, фабуліт, шпінэлі, флюарыт, александрыт, гранаты і інш.Крышталізацыя з насычаных раствораў адбываецца пры т-рах 30—600 °C — з водных раствораў (гідратэрмальны метад), 600—1400 °C — з солевых і інш. раствораў-расплаваў пры розных цісках (напр., пры сінтэзе алмазаў некалькі гігапаскаляў). Гэтым метадам атрымліваюць кварц (зялёныя і блакітныя крышталі, аметыст, цытрын), кальцыт, берлініт, цынкіт, карунд і яго разнавіднасці, сфалерыт, садаліт, кінавар і інш.Крышталізацыя з паравой (газавай) фазы адбываецца праз кандэнсацыю з малекулярных або плазменных пучкоў, катоднае або высокачастотнае распыленне, сінтэз у замкнёных аб’ёмах або ў патоку інертных газаў. Гэтым метадам вырабляюць галеніт, паратэлурыд і інш. Існуюць таксама метады хім. асаджэння з раствораў (напр., сінтэз апалу), цвердафазных рэакцый з прасаваннем пры высокіх цісках (напр., атрыманне бірузы, жадэіту). Гл. таксама Мінералы штучныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ДКІХ І РАССЕ́ЯНЫХ ЭЛЕМЕ́НТАЎ РУ́ДЫ,
прыродныя мінеральныя ўтварэнні, якія змяшчаюць рэдкія элементы і рассеяныя элементы ў канцэнтрацыях, мэтазгодных для прамысл. здабычы. У буйных радовішчах рэдкія элементы ўтрымліваюцца ад некалькіх працэнтаў (ніобій, літый, берылій) да дзесяткаў працэнтаў (стронцый). Адрозніваюць руды, якія маюць у сабе гэтыя элементы ў выглядзе ўласна рэдкаметальных мінералаў (складаюць гал.прамысл. каштоўнасць), і руды, што змяшчаюць іх у выглядзе ізаморфных прымесей і здабываюцца спадарожна з пашыранымі металамі і неметаламі. Руды ўласна рэдкаметальных радовішчаў утвараюць комплексныя радовішчы, напр., рэдкаметальныя пегматыты змяшчаюць тантал, літый, берылій, часам цэзій, волава. Комплекснымі з’яўляюцца таксама і шматлікія рудныя мінералы (напр., лапарыт — крыніца здабычы танталу, ніобію, тытану, рэдкіх зямель). Радовішчы рэдкаметальных руд генетычна разнастайныя. Гал. аб’ёмы здабычы тытану, цырконію, танталу, ніобію, рэдкіх зямель і інш. звязаны з россыпамі і корамі выветрывання. Рассеяныя элементы здабываюць спадарожна пры комплекснай перапрацоўцы руд інш. карысных выкапняў і мінер. канцэнтратаў. Руды рассеяных элементаў — мінералы нефелін (рубідый, цэзій, галій), апатыт (стронцый, рэдкія землі), біятыт (літый, хром, рубідый, талій, галій), светлыя слюды, халькапірыт, кінавар, ільменіт, касітэрыт, вальфраміт, сфалерыт, галеніт і (інш. Паводле геахім. уласцівасцей рассеяных элементаў (халька-, літа-, сідэра-, аргана- і гідрафільных) вызначаюцца іх металагенія і прымеркаванасць да пэўных геолага-геахім. груп і тыпаў радовішчаў. Гл. таксама Берыліевыя руды, Літыевыя руды, Ніобіевыя руды, Танталавыя руды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІМЕТАЛІ́ЧНЫЯ РУ́ДЫ,
свінцова-цынкавыя руды, комплексныя руды, кампаненты якіх — свінец (Pb) і цынк (Zn), спадарожныя — медзь, золата, серабро, кадмій, радзей вісмут, волава, індый і галій. У некат. П.р. прамысл. каштоўнасць маюць барыт, флюарыт і сера. Гал. рудныя мінералы П.р. — галеніт, сфалерыт, таксама прысутнічаюць пірыт, халькапірыт, радзей арсенапірыт, касітэрыт і бляклыя руды. Колькасць асн. кампанентаў у прамысл. радовішчах П.р. змяняецца ад некалькіх працэнтаў да 10% і больш. Колькасныя суадносіны свінцу і цынку ў рудах радовішчаў розных тыпаў вагаюцца ў шырокіх межах, да ўтварэння ўласна цынкавых, радзей свінцовых руд. Звычайная колькасць свінцу ў рудах 1—2%, цынку — 2—4%. Паводле сумарнай колькасці свінцу і цынку П.р. падзяляюцца на багатыя (больш за 7%), радавыя (4—7%) і бедныя (2—4%). Радовішчы П.р. падзяляюцца на дробныя (з запасамі менш за 0,5 млн.т сумы металаў), сярэднія (0,5—2 млн.т), буйныя (2—10 млн.т) і унікальныя (больш за 10 млн.т). Першасныя П.р. фарміраваліся ў розныя геал. эпохі (ад дакембрыю да кайназою) шляхам крышталізацыі з гідратэрмальных раствораў. Паводле ўмоў утварэння падзяляюцца на экзагенна-эндагенныя (часцей пластавыя, сярод асадкава-вулканагенных і тэрыгенна-флішоідных адкладаў) і эндагенныя (жылы, ўкрапанікі ў карбанатных пародах). Другасныя (акісленыя) П.р. ўтвараюцца у выніку выветрывання паверхневых ч. рудных цел (да глыб. 100—200 м). Найб. радовішчы ў Канадзе (Пайн-Пойнт), ЗША, Аўстраліі і інш.