Галаснікі (археал.) 3/304
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАСНІ́К,
керамічная пасудзіна ў выглядзе збана, якую ўмуроўвалі ў сцены будынкаў горлам у інтэр’ер. У якасці галаснікоў выкарыстоўвалі і амфары. Галаснікі паляпшалі акустычныя магчымасці зальных памяшканняў, аблягчалі мураваную сцяну. Вядомыя з часоў Стараж. Рыма. На ўсходнеславянскай тэр. набылі пашырэнне ў 12 ст. (Ноўгарад, Полацк, Гродна). Найб. даследаваныя галаснікі Гродзенскай Барысаглебскай царквы і Гродзенскай ніжняй царквы. Гэта высокія (38—49,5 см) пасудзіны з круглым тулавам і доўгім вузкім горлам (дыяметр 7—8 см). Іх паверхня (у верхняй частцы) аздаблялася густым паралельна-лінейным арнаментам.
А.А.Трусаў.
т. 4, с. 451
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЯ ПРАЧЫ́СЦЕНСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік стараж.-рус. дойлідства 12 ст. Пабудавана майстрамі Гродзенскай школы дойлідства. Пашкоджана пажарам у 1654. Рэшткі яе выяўлены археолагамі ў 1980 на тэр. Гродзенскага манастыра базыльянак.
6-слуповы 3-нефавы храм меў 3 прамавугольныя ў плане апсіды са зрэзанымі вугламі. Сцены (таўшчыня 1—1,1 м) складзены з плінфы ў тэхніцы роўнаслаёвай муроўкі. У верхнія часткі сцен і скляпенні былі ўмураваны керамічныя збаны (галаснікі). Фасады былі аздоблены лапаткамі, маёлікавымі пліткамі квадратнай і трапецападобнай формы, устаўкамі з абчасаных паліраваных валуноў. Падлога, выкладзеная маёлікавай пліткай жоўтага, зялёнага і карычневага колеру разнастайнай формы, сваім малюнкам нагадвае падлогу Гродзенскай Ніжняй царквы.
І.М.Чарняўскі.
т. 5, с. 428
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЯ ШКО́ЛА ДО́ЙЛІДСТВА,
самабытная арх. школа, якая склалася ў 12 ст. ў Гродне. Пабудовы Гродзенскай школы дойлідства вызначаліся арыгінальнымі сродкамі выразнасці — выкарыстаннем у роўнаслаёвай муроўцы з плоскай цэглы (плінфы) дэкар. прыроднага каменю (абчасаных, паліраваных валуноў), геам. кампазіцый з каляровых паліваных кафляў, наборнай маёлікавай падлогі з плітак разнастайных формаў. Для аб’ёмна-прасторавых кампазіцый характэрна адносна невял. таўшчыня апорных канструкцый, круглая і гранёная форма ўнутр. слупоў. Каб палепшыць акустыку, у верхнія часткі сцен умуроўваліся керамічныя збаны (галаснікі). Узоры Гродзенскай школы дойлідства — Гродзенская Ніжняя царква, Гродзенская Барысаглебская царква, Гродзенская Прачысценская царква, Гродзенскі княжацкі церам, царква ў Ваўкавыску (сярэдзіна 12 ст.; у 1956 выяўлены рэшткі падмурка на замчышчы).
т. 5, с. 429
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЯ БАРЫСАГЛЕ́БСКАЯ ЦАРКВА́, Каложская царква,
помнік мураванай стараж.-рус. архітэктуры, адзін з помнікаў Гродзенскай школы дойлідства. Пабудаваны ў 2-й пал. 12 ст. ў Гродне на высокім правым беразе Нёмана, побач з замкавай гарой, на тэр. б. Каложскага пасада. Часткова разбурана ў 1853 у выніку апоўзня, паўд. апсіда абвалілася ў 1889. Праведзены работы па кансервацыі (1910 і 1935) і кансервацыйна-рамонтныя (1970, 1985—87). Захаваліся паўн. і частка зах. Сцяны, 3 апсіды і 2 зах. круглыя (дыяметр каля 1,2 м) падкупальныя слупы.
Цагляны 6-слуповы 3-апсідны крыжова-купальны храм. Даўжыня каля 21,5 м, шыр. 13,5 м. Таўшчыня сцен каля 1,2 м. Сцены складзены з плінфы ў тэхніцы роўнаслаёвай муроўкі. Фасады ўпрыгожаны лапаткамі ступеньчатага профілю, устаўкамі з гранітных і гнейсавых камянёў розных адценняў са шліфаванай вонкавай паверхняй, рознакаляровымі паліванымі керамічнымі пліткамі. У верхняй ч. сцен вузкія аконныя праёмы з арачнымі перамычкамі. У час рэстаўрацыйных работ 1985—86 знойдзены фрагменты фрэсак на ўнутр. сцяне і шматлікія графіці на сценах. У 1894 В.В.Гразновым выяўлены ў муроўцы будынка галаснікі, знакі на цэгле, ім выказана думка, што царква мела фрэскавую размалёўку. Падлога храма першапачаткова была выкладзена з паліваных квадратных, трохвугольных і фігурных плітак, у 18 ст. — з мармуровых пліт. Фрагмент падлогі 12 ст. захаваўся ў бакавой апсідзе. Фундамент храма складзены з валуноў сярэдняй велічыні і заглыблены на 1,5 м. Каля царквы выяўлены сляды манастыра 15—18 ст. Царкву даследавалі: у 19 ст. В.В.Гразноў, у пач. 20 ст. П.П.Пакрышкін, у 1935 Ю.Ядкоўскі, у 1946 І.І.Хозераў, у 1982, 1983—84 А.А.Трусаў, П.А.Рапапорт.
Літ.:
Трусов О.А. Памятники монументального зодчества Беларуси. XI—XVII вв. Мн., 1988.
А.А.Трусаў.
т. 5, с. 422
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)