ГАЛАМЯ́НКІ (Comephorus),

адзіны род рыб сям. галамянкавых атр. скарпенападобных. 2 віды: галамянка вялікая (Comephorus baicalensis) і галамянка малая (Comephorus dybowski) — эндэмікі воз. Байкал. Пелагічныя рыбы, жыццё праводзяць у тоўшчы вады на глыб. 100 м і болей.

Даўж. верацёнападобнага, паўпразрыстага цела 13—23 см, маса 15—64 г. Самкі буйнейшыя за самцоў. Цела голае, бледна-ружовага колеру з перламутравым адлівам. Грудныя плаўнікі доўгія, брушныя адсутнічаюць. Кормяцца пелагічнымі ракападобнымі, радзей сваімі маляўкамі. Жывародныя, характэрна малая колькасць самцоў (у галамянкі вялікай — 3% ад агульнай колькасці рыб, у галамянкі малой — 12—20%). У целе галамянкі вялікай да 33% тлушчу, які выкарыстоўваецца ў медыцыне. Здабываюцца дзеля тлушчу. Асноўны корм байкальскага цюленя.

т. 4, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫВАРО́ДНЫЯ РЫ́БЫ,

рыбы, якія нараджаюць сфарміраваных малявак. Жыванараджэнне найб. уласціва акулам, скатам, галамянцы, марскому акуню і 4 сям. карпазубых, якія жывуць у трапічных і субтрапічных водах Паўд. і Паўн. Амерыкі, у т.л. і сям. Poecilidae, да якога належыць гамбузія і многія прадстаўнікі акварыумных рыб (гупі, мечаносцы, пецыліі, гірардынусы, малінезіі). Адрозніваюць уласна Ж.р., у якіх зародак злучаны з целам маці і корміцца за яго кошт (напр., у куніцавай акулы), і яйцажывародных, у якіх яйцы знаходзяцца ў целе маці, але з ім не злучаны і развіваюцца за кошт жаўтка (большасць Ж.р.). Апладненне ўнутранае, развіццё малявак адбываецца ў яечніках або ў відазмененых яйцаводах.

Жывародныя рыбы. Скаты: 1 — піла-рыба; 2 — хвастакол, або марскі кот; 3 — звычайны электрычны; 4 — вялікая галамянка. Акварыумныя рыбы 5 — гупі; 6 — пецылія; 7 — малінезія (самка). Акулы: 8 — сіняя; 9 — тыгровая.

т. 6, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЦІ́СТЫЯ РЫ́БЫ (Teleostei),

надатрад прамянёвапёрых рыб. Каля 40 атр., 420 сям., каля 20 тыс. сучасных відаў. Жывуць амаль ва ўсіх марскіх і прэсных вадаёмах. Вядомы з сярэдняга трыясу (каля 215 млн. гадоў назад), з верхняга мелу (каля 80 млн. гадоў назад), дамінуюць сярод рыб (больш за 90% усіх відаў).

Даўж. ад 7 мм (некат. бычкі) да 5 м (меч-рыба, тунцы, самы). Шкілет касцявы, пазванкі амфіцэльныя (дваякаўвагнутыя), луска касцявая—цыклоідная (гладкая) або ктэноідная (з шыпікамі), у некат. яе няма. Брушныя плаўнікі абдамінальныя (на бруху), таракальныя (на грудзях) або югулярныя (на горле). Хваставы плаўнік звычайна гомацэркальны (раўналопасцевы). У плаўніках калючкі (у вышэйшых К.р.). Плавальны пузыр (бывае недаразвіты) закрыты або праз канал можа быць звязаны са страваводам. Ёсць цыбуліна аорты, артэрыяльны конус захоўваецца толькі ў найб. стараж. форм. Раздзельнаполыя, некат. гермафрадыты (напр., марскія акуні). Апладненне звычайна вонкавае. Некат. К.р. жывародныя (напр., галамянка, гамбузія). Расліннаедныя і драпежнікі, ёсць паразіты (напр., некат. вугры, сомікі). Да К.р. належаць амаль усе асн. прамысл. рыбы.

т. 8, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЙКА́Л,

возера ў Расійскай Федэрацыі, на Пд Усх. Сібіры (у Бураціі і Іркуцкай вобл.). 456 м над узр. м. Пл. 31,5 тыс. км² , даўж. 636 км, найб. шырыня 79,4 км. Самае глыбокае (1620 м) і вялікае па аб’ёме прэснай вады (23 тыс. км³) у свеце, змяшчае каля ​1/5 сусв. запасаў прэснай вады (без ледавікоў). Пл. вадазбору больш за 550 тыс. км². У Байкал упадае 336 рэк, у т. л. Селенга, Баргузін, Верхняя Ангара, Турка. Выцякае р. Ангара, якая выносіць за год каля 61 км³ вады. Катлавіна возера тэктанічнага паходжання. Раён Байкала высокасейсмічны, шматлікія землетрасенні. 27 астравоў, найбольшы Альхон (пл. каля 730 км²). Байкал абкружаны горнымі хрыбтамі. Берагавая лінія слаба парэзаная. Самыя вял. залівы ў сярэдняй ч. возера: Баргузінскі, Чывыркуйскі (падзеленыя п-вам Святы Нос), Правал, губы Аяя і Фраліха. Ветравыя хвалі (да 5 м), згонна-нагонныя з’явы. Т-ра вады на паверхні ў жн. ў адкрытай частцы 12—14 °C, каля берагоў 18—20 °C, на глыбіні амаль пастаянная ўвесь год (3,2—3,5 °C). Ледастаў з канца снеж.пач. студз. да пач. мая. У вытоку Ангары Байкал не замярзае. Вада адрозніваецца вял. празрыстасцю (да 40 м) і чысцінёй. Праводзяцца работы па памяншэнні адмоўнага ўплыву гаспадаркі навакольных раёнаў на водныя рэсурсы возера. Раён Байкала характарызуецца складанай сістэмай мясцовых вятроў: з ПнЗ — сарма (у раёне в-ва Альхон), з ПнУ — баргузін, з ПдЗ — култук. У флоры і фауне каля 2600 відаў і разнавіднасцяў, у тым ліку ¾ эндэмікі: бычкі, жывародная рыба галамянка і інш. Прамысл. рыбы: байкальскі омуль, сіг, харыус, часцікавыя і інш. Водзіцца байкальскі цюлень. Развіты рыбалоўства, суднаходства. Гал. гарады Слюдзянка, Байкальск; прыстані Байкал, Лісцвянка, Танхой, Усць-Баргузін, Северабайкальск. У пас. Лісцвянка Лімналагічны ін-т Сібірскага аддзялення АН Расіі, у пас. Вялікія Каты гідрабіял. станцыя Іркуцкага ун-та. Паўн.-ўсх. ч. Байкала ў складзе Баргузінскага запаведніка, на паўд. узбярэжжы Байкальскі запаведнік, на зах. — Прыбайкальскі нац. парк і Верхняленскі запаведнік. Байкал і навакольныя мясцовасці — раён турызму і адпачынку. Па паўд. узбярэжжы Байкала праходзіць Транссібірская, па паўн. — Байкала-Амурская магістралі.

т. 2, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)