БОРАРГАНІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя злучэнні, у якіх атам бору звязаны з арган. радыкаламі непасрэдна ці праз гетэраатам (кісларод, сера, азот, фосфар). Найб. вывучаны злучэнні агульнай формулы RnBX3-n (арганабараны), дзе R — арган. радыкал, X — галаген, вадарод, гідраксільная група, амінагрупа і інш.; n = 1, 2, 3. Выкарыстоўваюць як дабаўкі да маторнага і рэактыўнага паліва, змазак і фарбавальнікаў, як каталізатары палімерызацыі, антыаксіданты, бактэрыцыды, фунгіцыды, пры нейтроннай тэрапіі злаякасных пухлін.

т. 3, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫНЬЯ́РА РЭА́КЦЫЯ,

агульны спосаб сінтэзу арган. рэчываў з выкарыстаннем змешаных магнійарганічных злучэнняў тыпу RMgX (R — арган. радыкал, Х — галаген). Адкрыта Ф.Грыньярам у 1900. Грыньяра рэакцыю праводзяць звычайна ў асяроддзі арган. растваральніку (эфіру, тэтрагідрафурану і інш.). Пры ўзаемадзеянні RMgX са злучэннямі, якія маюць палярызаваныя кратныя сувязі (напр., альдэгідамі, кетонамі і інш.), утвараюцца карбонавыя к-ты, спірты; з галагенідамі розных элементаў — элементаарган. злучэнні. Выкарыстоўваюць у лабараторнай практыцы і прам-сці.

т. 5, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІЙАРГАНІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,

металаарганічныя злучэнні, у якіх атам магнію непасрэдна злучаны з вугляродам. Асн. тыпы М.з. маюць агульныя ф-лы: RMgX і R2Mg, дзе R — арган. радыкал, X — пераважна галаген.

Найб. важныя М.з., т.зв. рэактывы Грыньяра RMgX — бясколерныя крышталі або вязкія вадкасці, устойлівыя да 100—150 °C. Раскладаюцца пад уздзеяннем вады, спіртоў, кіслот. Узаемадзейнічаюць з галагенамі, серай, вуглякіслым газам (утвараюць солі карбонавых кіслот). Атрымліваюць узаемадзеяннем галагеналканаў з магніем у эфірным растворы. Выкарыстоўваюць у арган. сінтэзе (гл. Грыньяра рэакцыя) і для атрымання металаарган. злучэнняў; у прам-сці — як каталізатары полімерызацыі.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 9, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,

вуглевадародныя злучэнні і іх вытворныя. Падзяляюцца на ацыклічныя злучэнні, карбацыклічныя (гл. Ацыклічныя злучэнні, Араматычныя злучэнні) і гетэрацыклічныя злучэнні. Уласцівасці арганічных злучэнняў вызначаюцца прыродай замяшчальнікаў у вугляродным ланцугу ці цыкле, функцыянальных груп і наяўнасцю кратных сувязяў.

Арганічныя злучэнні, якія адрозніваюцца колькасцю CH2-груп, утвараюць гамалагічныя шэрагі, напр. метан (CH4), этан (C2H4), прапан (C3H8) і інш.; злучэнні з аднолькавым лікам атамаў вугляроду, але з рознымі функцыян. групамі — генетычныя шэрагі, напр. этан (C2H6), этылхларыд (C2H5Cl), этанол (C2H5OH), ацэтальдэгід (CH3CHO), воцатная к-та (CH3COOH) і інш. Паводле характару элементаў, якія ўтвараюць сувязь з атамам вугляроду, адрозніваюць галаген-, кісларод-, сера- і азотзмяшчальныя вытворныя вуглевадародаў, шэраг элементаарганічных злучэнняў, у т. л. металаарганічных злучэнняў. Арганічныя злучэнні даследуюцца арганічнай хіміяй.

т. 1, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РТУЦЬАРГАНІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,

металаарганічныя злучэнні, у малекулах якіх ёсць сувязь ртуць—вуглярод (Hg—C).

Большасць Р.з. — злучэнні тыпу RR′Hg (R, R′ — аднолькавыя або розныя арган. радыкалы) і RHgX (X — галаген, кіслотны астатак, OH, OR′, SH і інш.); вядомы Р.з. аднавалентнай ртуці.

Р.з. тыпу R2Hg (R — ніжэйшы алкіл) — бясколерныя лятучыя вадкасці з непрыемным пахам [напр., (CH3)2Hg дыметылртуць, tкіп 92 °C], астатнія — нізкаплаўкія цвёрдыя рэчывы [напр., (C6H5)2Hg дыфенілртуць, tпл 125 °C]. Нерастваральныя ў вадзе, раствараюцца ў арган. растваральніках. Злучэнні тыпу RHgX звычайна крышт. рэчывы, маларастваральныя ў вадзе. Р.з. хімічна даволі ўстойлівыя: не ўзаемадзейнічаюць з вадой, спіртамі, карбанільнымі злучэннямі; у паветры не акісляюцца. Лёгка раскладаюцца мінер. к-тамі, уступаюць у рэакцыі абмену вуглевадароднымі радыкаламі з інш. металаарганічнымі злучэннямі. Выкарыстоўваюць для атрымання высакачыстых металаарган. злучэнняў, некаторыя (напр., этылртуцьхларыд C2H5HgCl — граназан) як фунгіцыды. Усе Р.з. вельмі таксічныя (асабліва лятучыя); адсарбіруюцца скурай, раздражняюць вочы, верхнія дыхальныя шляхі. ГДК 0,01 мг/м³ (па ртуці), для граназану 0,005 мг/м³, у вадзе — 0,0001 мг/л.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 13, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)