БА́ЙДА,

герой укр. і бел. нар. песень-балад. Увасабляе ўяўленне народа пра мужнасць, адданасць радзіме, рыцарскую годнасць. За адмаўленне ажаніцца з турэцкай царэўнай павешаны за рабро на гак. Помсцячы за ганебнае для рыцара пакаранне, Байда забівае турэцкага цара, царыцу і царэўну.

Прататыпам Байды некаторыя даследчыкі лічаць чаркаскага і канеўскага старосту Дз.Вішнявецкага, які ў час вайны з туркамі трапіў у палон і быў такім чынам пакараны смерцю. Бел. варыянт балады пра Байду вядомы па кн. А.Рыпінскага «Беларусь» (Парыж, 1840).

т. 2, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАН

(польск. łan ад ням. Lehn лён),

зямельная мера ў сярэдневяковай Еўропе, якая адпавядала поўнаму сял. надзелу, абкладзенаму павіннасцямі. У асобных краінах выкарыстоўваліся нац. назвы Л. (манс у Францыі, гайда ў Англіі, гуфа ў Германіі, бол у Даніі, гак у Інфлянтах і інш.). Напачатку Л. складаў тэр. сял. гаспадаркі не менш за 3 маргі. Пазней (у Польшчы з 13 ст.) адзінкай вымярэння была плошча зямлі, якая апрацоўвалася. Найб. былі пашыраны Л. фламандскі (16,7—17,5 га) і Л. франконскі (або тэўтонскі; 22,6—25,8 га). У 16 ст. ў ВКЛ пашырылася валока, якая паходзіла ад рыжскага Л., вядомага з 13 ст. (складаўся з 30 маргоў). Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай 1772, 1793, 1795 Л. выкарыстоўваўся разам з новымі зямельнымі мерамі, у т. л. дзесяцінай, у Рас. імперыі.

Літ.:

Dunin-Wąsowicz A Pomiary gruntu w Koronie w XVI—XVIII wieku. Warszawa, 1994.

т. 9, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЦЕРАГА́ЛЬНАЕ ЎЗБРАЕ́ННЕ,

частка агульнага ўзбраення воінаў, баявое пакрыццё, прызначанае для аховы розных частак цела ад наступальнай зброі праціўніка. Прымітыўныя ўзоры З.ў. (шчыты, скураныя паясы і шапкі) вядомы з глыбокай старажытнасці. У арміях Стараж. Усходу карысталіся скуранымі і набранымі з пласцін металічнымі панцырамі, шлемамі (вядомы з 3-га тыс. да н.э. ў Шумеры). У Стараж. Грэцыі з 14 ст. да н.э. выраблялі суцэльнакаваныя даспехі, якія часта паўтаралі форму торса. Каля 5 ст. да н.э. кельты (галы) вынайшлі кальчугу, якая хутка пашыралася на У і З Еўропы, дзе была асн. відам даспеха ў раннім і сталым сярэдневякоўі. З. ў. дружыннікаў на Беларусі ў 10—14 ст. складалася са шчыта, кальчужнага ці набранага з пласцін панцыра і шлема, да якога маглі мацавацца барміца і лічына, што засцерагалі карак, шыю і твар воіна. На мяжы 14—15 ст. суцэльнакаваныя даспехі, сфарміраваныя ў Еўропе ў 1230—1410, якія закрывалі воіна з ног да галавы. У камплекце з імі ўжываліся шлемы больш дасканалых форм — капаліны, салады ці прылбіцы. Акрамя суцэльнакаваных даспехаў на Беларусі ў 15—16 ст. выкарыстоўвалі традыцыйныя кальчужныя і пласцінкавыя панцыры, а таксама неметалічныя віды З.ў. — цягіляі, ватаваныя зіпуны і кафтаны. З сярэдзіны 16 ст. ў сувязі з пашырэннем агнястрэльнай зброі поўныя рыцарскія даспехі паступова страцілі сваё значэнне. Замест іх пачалі карыстацца паўдаспехам у камплекце з аблегчанымі тыпамі шлемаў — штурмгабам, капалінам, шышаком. На Беларусі побач з імі выкарыстоўваўся кальчужны панцыр з лёгкім шлемам-місюркай. У 18 ст. значэнне З.ў. рэзка зменшылася, аднак у выглядзе кірасы і каскі яно выкарыстоўвалася некат. аддзеламі цяжкай кавалерыі (кірасіры) да пач. 20 ст. У пяхоце, сілах спец. прызначэння і паліцэйскіх фарміраваннях 20 ст. З.ў. складаецца з касак, шлемаў, бронекамізэлек, шчытоў.

Літ.:

Кирпичников А.Н. Древнерусское оружие. Вып. З. Л., 1971;

Яго ж. Военное дело на Руси в XIII—XV вв. Л., 1976;

Бохан Ю. М. Пласцінкавыя даспехі ў Вялікім княстве Літоўскім у другой палове XIV—XVI ст. // Весці АН Беларусі. Сер. гуманіт. навук. 1996. № 4;

Яго ж. Баявыя нагалоўі ў Нялікім княстве Літоўскім у другой палове XIV—канцы XVI ст. // Гіст.-археал. зб. Мн., 1996. № 10;

Яго ж. Пласцінавы даспех у Вялікім княстве Літоўскім у другой палове XIV—канцы XVI ст. // Там жа. 1997. № 11;

Żygulski Z. Broń w dawnej Polsce na tle uzbrojenia Europy i Blizkiego Wschodu. 2 wyd. Warszawa, 1982.

Ю.М.Бохан.

Да арт. Засцерагальнае ўзбраенне. Поўны гатычны даспех з закрытым шлемам-прылбіцай: 1 — грэбень; 2 — звон; 3 — зрокавая шчыліна (віздра); 4 — заслона; 5 — палічка; 6 — падбароднік; 7 — шчыток; 8 — абойчык; 9 — гак (крук для мацавання кап’я); 10 і 11 — кіраса (нагруднік і наспіннік); 12 і 13 — спаднічка (фартух і ахова паясніцы); 14 — ташка; 15 — наруч; 16 — наплечнік; 17 — апаха; 18 — налакотнік; 19 — крыльца налакотніка; 20 — зарукаўе; 21 — рукавіца; 22 — поўная засцярога нагі; 23 — набедранік; 24 — накаленнік; 25 — нагалёначнік; 26 — чаравік.
Да арт. Засцерагальнае ўзбраенне. «Максімілянаўскія» даспехі на рыцара і каня. 1-я чвэрць 16 ст. (асобныя часткі са збраёўні Радзівілаў у Нясвіжы).

т. 7, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)