Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КРАПЕ́ЖНЫЯ ДЭТА́ЛІ,
дэталі для нерухомага змацавання элементаў канструкцый і машын. Да К.д. адносяцца вінты, заклёпкі (гл.Заклёпачнае злучэнне), балты, гайкі, шпількі, шрубы, шпонкі і інш., а таксама дапаможныя дэталі — шайбы, шплінты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПРА́ЎКА,
1) прыстасаванне, якое выкарыстоўваецца для мацавання на ім пустацелых вырабаў ці інструментаў пры апрацоўцы на металарэзных станках; від аснасткі тэхналагічнай. Бывае суцэльная — у выглядзе метал. стрыжня канічнай, цыліндрычнай ці камбінаванай формы, і распускальная — у выглядзе пустацелага цыліндра з конусным стрыжнем унутры. Апраўка надае інструменту, дэталям і загатоўкам неабходнае становішча, папярэджвае магчымае працісканне сценак вырабаў, памяншэнне дыяметра адтулін і інш. 2) Інструмент (цыліндрычны стрыжань), які ўстаўляецца ў поласць вырабаў пры коўцы, раскачванні кальцавых паковак, пракатцы трубаў з патанчэннем сценак, выпраўленні змятых трубаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЧЫЦКІ МЕТЫ́ЗНЫ ЗАВО́ДЗасн. ў 1912 у г.Рэчыца Гомельскай вобл. на базе лесапільнай вытв-сці купцамі Б. і У. Рык як дротава-цвіковы завод «Прыдняпроўскі». Выпускаў да 30 пудоў цвікоў за суткі. У 1917 з-д нацыяналізаваны. У грамадзянскую вайну часткова разбураны. Адноўлены ў 1920, з 1927 дротава-цвіковы з-д імя Інтэрнацыянала. У 1940 вырабляў 27 т цвікоў за суткі.
У 1941 гал. вузлы і агрэгаты эвакуіраваны ў г. Ніжні Ноўгарад і Барнаул. У Вял.Айч. вайну будынкі разбураны. Адноўлены ў 1943. У 1945 выпусціў 1000 т цвікоў і шрубаў. З 1959 сучасная назва. Мае 5 асн. цэхаў (сталядротавы, крапежны, спец. крапежных вырабаў, цвіковы, тавараў нар. ужытку), 3 дапаможныя (аўтацэх, падрыхтоўкі вытв-сці і інструментальны). Вытв-сць тэхнічна пераабсталявана, устаноўлены высокапрадукц. аўтаматы. Асн. прадукцыя (2001): дрот, цвікі, крапежныя вырабы (балты, гайкі, шрубы, вінты нармальнай і павышанай дакладнасці, шайбы, заклёпкі), шплінты.