дзяржаўны штомесячны бібліяграфічны паказальнік Беларусі. Выдаецца з 1937 у Мінску Нац. кніжнай палатай. Да 1995 уваходзіў у «Летапіс друку Беларусі». Рэгіструе артыкулы, дакумент. матэрыялы, творы маст. л-ры з міжрэгіянальных газет, рэспубліканскіх, абласных, гарадскіх, а таксама газет т-ваў, асацыяцый, аб’яднанняў, партый, рухаў, незалежных, рэлігійных, газет прыватных заснавальнікаў, дадаткаў да газет і спец. выпускаў, прысвечаных міжнар. падзеям і інш.Бібліягр. апісанне артыкулаў даецца на мове выданняў, у якіх выкарыстана кірылічная ці лац. графіка. Бібліягр. запісы групуюцца па галіновых раздзелах, у якія ўключаюцца часовыя тэматычныя рубрыкі, прысвечаныя падзеям паліт., эканам., культ. жыцця Беларусі і замежжа, юбілеям асоб, арг-цый і г.д. Мае паказальнікі: імянны, геагр., газет, артыкулы якіх зарэгістраваны ў летапісе, моў (акрамя бел. і рускай), на якіх надрукаваны артыкулы, штогадовы (у № 12) паказальнік часовых тэматычных рубрык.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСАШЫЭ́ЙТЭД ПРЭС (Associated Press; АП),
адно з самых вялікіх інфарм. агенцтваў у ЗША, кааператыўнае аб’яднанне газетных выдаўцоў. Засн. ў 1848 у Нью-Йорку. Мае 143 філіялы ў ЗША і 86 у інш. краінах; інфармацыю Асашыэйтэд прэс на 6 мовах прымаюць 110 дзяржаў (1993).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НСА (ANSA; Agenzia Nazionale Stampa Associata Нац. агенцтва аб’яднанага друку),
італьянскае інфарм. агенцтва. Засн. ў 1945 у Рыме ўладальнікамі італьян.газетных і часопісных выд-ваў. Мае дагаворы на абмен інфармацыяй з найбуйнейшымі сусв. агенцтвамі, шырокую сетку карэспандэнцкіх пунктаў у краіне і за яе межамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́ДЗІ ЦУСІ́Н,
інфарм. агенцтва Японіі, другое (пасля Кіода Цусін) па велічыні і значэнні. Засн. ў 1945 у Токіо на акцыянерных пачатках. Распаўсюджвае ўнутр. (эканам., паліт., спарт.) і міжнар. інфармацыю ўласных карэспандэнтаў і замежных агенцтваў. Абменьваецца інфармацыяй з Рэйтэр, ЮПІ, АФП, ІТАР—ТАСС, Сіньхуа і інш. агенцтвамі. Абслугоўвае 124 японскія і 28 замежных газетных выдавецтваў, радыё- і тэлестанцый (1992). Выдае 2 штотыднёвікі, інфарм. бюлетэні на спец. тэмы. Мае 80 аддзяленняў у краіне і 25 за яе межамі (1992).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІБЛІЯГРАФІ́ЧНЫЯ ЧАСО́ПІСЫ,
перыядычныя выданні, у якіх вядзецца ўлік і рэферыраванне твораў друку і аўдыёвізуальных матэрыялаў, асвятляюцца пытанні гісторыі, тэорыі, методыкі і арганізацыі бібліягр. дзейнасці. Падзяляюцца на міжнар. і нац., універсальныя і галіновыя.
Бібліяграфічныя часопісы, якія адлюстроўваюць нац. друк, выдаюцца ў большасці краін свету: у Францыі («Bibliographie de la France», «Бібліяграфія Францыі», з 1811), Італіі («Bibliografia nationale Italiana», «Нац. бібліяграфія Італіі», з 1886), ЗША («Cumulative Book Index», «Кумулятыўны паказальнік кніг», з 1898), Расіі («Книжная летопись», з 1907), на Украіне («Літопис книг», «Летапіс кніг», з 1924), у Польшчы («Przegodnik bibliograficzny», «Бібліяграфічны даведнік», з 1946), Кітаі («Цюаньго сінь шуму», «Усекітайскі паказальнік новых кніг», з 1951) і інш. сярод міжнародных бібліяграфічных часопісаў выданні ЮНЕСКА «Index translatonum» («Паказальнік перакладаў», з 1949), «Библиография, документация, терминология» (з 1961). Акрамя універсальных выходзяць галіновыя бібліяграфічныя часопісы: «World list of social science periodical» («Міжнародны паказальнік грамадска-палітычных перыядычных выданняў», ЮНЕСКА з 1980), «Humanities index» («Паказальнік па гуманітарных навуках», ЗША з 1975), «British technology index» («Паказальнік брытанскай тэхналогіі», Вялікабрытанія, з 1962) і інш.
У СССР выходзілі бібліяграфічныя часопісы, у якіх адлюстроўваліся друкаваныя творы на ўсіх мовах народаў СССР: «Нотная летопись» (з 1931), «Летопись периодических и продолжающихся изданий» (з 1933), «Летопись изоизданий» (з 1934) і інш., а таксама бібліяграфічныя часопісы з інфармацыяй (у т. л. і бел.) аб матэрыялах з часопісаў і газет на рус. мове: «Летопись газетных статей» (з 1936), «Летопись рецензий» (з 1935) і інш. Цяпер гэтыя выданні, у т. л. і тэарэтыка-метадычны час. «Библиография», працягваюць выдавацца ў Расіі з расійскімі матэрыяламі. На Беларусі з 1924 Нац. кніжнай палатай Беларусі выдаецца «Летапіс друку Беларусі», які складаецца з 7 тыпаў летапісаў па відах выданняў: «Кніжны летапіс» (з 1924), «Летапіс нотаў» (з 1924), «Летапіс рэцэнзій» (з 1932), «Беларусь у сусветным друку» (з 1946), «Летапіс выяўленчага мастацтва» (з 1955), «Летапіс нарматыўна-тэхнічнай, тэхнічнай дакументацыі і выданняў вузкага прызначэння» (з 1985), «Летапіс картаграфічных выданняў» (з 1994). З 1995 з «Летапісу друку Беларусі» ў самастойныя выданні вылучаны «Летапіс перыядычных выданняў і выданняў, якія прадаўжаюцца» (з 1925), «Летапіс часопісных артыкулаў» (з 1934) і «Летапіс газетных артыкулаў» (з 1937). У 1932 у БССР выходзіў штомесячны час. «Кніга масам». Нац.б-ка Беларусі (да 1992 Дзярж.б-каБССР) у 1934 выдала 10 нумароў «Крытыка-бібліяграфічнага бюлетэня», у 1954—55 і 1958—59 — бюлетэнь «Новыя кнігі». Выдае штомесячны бюлетэнь «Новыя кнігі. Па старонках беларускага друку» (з 1960), шматгаліновыя бібліяграфічныя часопісы: «Зводны паказальнік замежных перыядычных выданняў, выпісаных бібліятэкамі Рэспублікі Беларусь на... год» (з 1945), «Зводны каталог новых замежных кніг, якія паступілі ў бібліятэкі Рэспублікі Беларусь у ... годзе» (з 1969), «Грамадскія навукі» (з 1969), «Беларуская мова, літаратура, мастацтва» (з 1970), «Новая літаратура па гісторыі і гістарычных навуках Беларусі» (з 1972), «Новая літаратура па культуры і мастацтву Беларусі» (з 1972), «Сістэматычны паказальнік неапублікаваных дакументаў па культуры і мастацтву Беларусі» (з 1978), «Штотыднёвы агляд літаратуры па культуры і мастацтву» (з 1986), «Чарнобыль» (з 1991).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНАДЗЁНКА,
аднаразовае газетнае выданне. Часам выдавалася як лістоўка або альманах, без нумарацыі. Першая бел. аднадзёнка «Новіны грозные а жалостливые...» з прычыны нападу Івана IV Грознага на Полацк выд. ў 1563 у Нясвіжскай друкарні. У каталогу 1684 Бадлеанскай (Оксфард) б-кі зафіксавана 7 бел. аднадзёнак 1563, 1571, 1580, 1597, 1602, 1610 і 1617 на бел., лац., ням., англ. і інш. мовах. У 20 ст. аднадзёнкі выдаваліся найчасцей з-за цэнзурнага ўціску. Выходзілі ў Гродне («Колас беларускай нівы», 1913), Мінску («Над Свіслаччу», май 1914, на польск. мове; «Чырвоная варта», 15.4.1921; «Беларусь — Паволжу», 4.10.1921) і інш.Асн. прычына выхаду аднадзёнак ў Зах. Беларусі — канфіскацыя бел. прэсы польскімі ўладамі. Яны прысвячаліся пераважна грамадска-паліт. падзеям і выдаваліся ў Вільні («Беларуская крыніца», 25.12.1921; «Беларуская доля», 23.5.1923; «Абух», 20.8.1924; «Беларускі селянін», 14.8.1925; «Новая маланка», 30.11.1928; «Весткі Таварыства Беларускае школы», 28.2.1929; «Беларуская праўда», 12.5.1931; «За беларускую школу», 16.6.1936; «Голас студэнта», 25.6.1937, і інш.), у Гродне («Выстрал», 8.10.1924; «Стрэха», 12.2.1928; «Пралом», 19.6.1929), у Беластоку («Лясны работнік», студз. 1934). Бел. аднадзёнкі выходзілі ў Дзвінску («Праца», 29.6.1928; «Новы шлях», 29.4.1931), Рызе («Шлях праўды», 24.10.1930), Варшаве («Першы крок», ліп. 1935) і інш.; у пасляваенны час — у Нямеччыне, ЗША, Канадзе.
Зберагаюцца ў Нац. б-цы Беларусі, Цэнтр. навук б-цы АН Беларусі, Цэнтр.Навук. б-цы АН Літвы, у архівах і б-ках Польшчы і інш. Усяго выйшла больш за 100 аднадзёнак.
Літ.:
Максімовіч Р. (Тумаш В.). «Навіны Грозныя» 1563 году: Да гісторыі зачаткаў беларускіх газетных выданняў // Запісы Бел. ін-та навукі і мастацтва. Мюнхен, 1966. Кн. 4;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ КНІ́ЖНАЯ ПАЛА́ТА БЕЛАРУ́СІ,
навуковы цэнтр нац. бібліяграфіі, статыстыкі друку, аўтаматызаванай і цэнтралізаванай апрацоўкі дакументаў, галіновай службы стандартызацыі і навук.-тэхн. інфармацыі ў галіне выдавецкай справы, паліграфічнай прам-сці і кніжнага гандлю. Засн. 15.9.1922 у Мінску пры Бел.дзярж. і універсітэцкай б-цы як Бел. кніжная палата, з 1977 самастойная ўстанова ў сістэме Дзяржкамдруку Беларусі, да 1992 наз.Дзярж. кніжная палата Беларусі. Атрымлівае і захоўвае абавязковы бясплатны кантрольны экзэмпляр усіх выданняў рэспублікі (штогод каля 50 тыс.экз. кніг, брашур, перыяд. выданняў, аўтарэфератаў, дысертацый, плакатаў, нот, афіш, картаў, атласаў, паштовак і інш.), які пасля бібліягр. апрацоўкі захоўваецца ў Архіве друку (4,3 млн. адзінак; 1999). Інфармуе аб гэтых выданнях праз дзярж.бібліягр. паказальнікі, аб’яднаныя пад агульнай назвай «Летапіс друку Беларусі» (выходзіць з 1924); у 1995 падзелены на 4 самастойныя выданні. «Кніжны летапіс» (з 1924); «Летапіс часопісных артыкулаў» (з 1934); «Летапіс газетных артыкулаў» (з 1937); «Летапіс перыядычных выданняў і выданняў, якія працягваюцца» (з 1925). Рыхтуе і выдае штогоднікі: «Друк Беларусі» (з 1976), «Паказальнік бібліяграфічных дапаможнікаў Беларусі» (з 1978), «Кнігі Беларусі» (з 1984), рэтраспектыўныя паказальнікі, у т. л. «Музычная літаратура БССР» (1963—77), «Мастацкая літаратура народаў СССР у перакладзе на беларускую мову» (1967—97), «Летапіс часопісных артыкулаў, 1928—1933 гг.» (ч. 1—2, 1992) і інш. Ажыццяўляе работу па статыстыцы друку, распрацоўвае дзярж. і галіновыя стандарты па выдавецкай дзейнасці, паліграф. прам-сці. Выконвае функцыі нац. цэнтра па стандартнай нумарацыі кніг і брашур (ISBN). Прысвойвае ідэнтыфікатары выд-вам, прыватным выдаўцам, якія маюць выдавецкія правы (ліцэнзіі). Супрацоўнічае з ЮНЕСКА, Міжнар. агенцтвам ISBN і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЕ́ТАПІС ДРУ́КУ БЕЛАРУ́СІ»,
дзяржаўны штомесячны аб’яднаны бібліягр. паказальнік. Выдаецца з 1924 у Мінску Нац. кніжнай палатай Беларусі на бел. і рус. мовах. Да 1995 называўся «Летапіс друку БССР» і складаўся з 10 тыпаў летапісаў, у якім кожны від выдавецкай прадукцыі рэгістраваўся ў адпаведных спец. выпусках. З павелічэннем аб’ёму інфармацыі ў 1995 як самаст. выданні вылучыліся: «Летапіс часопісных артыкулаў», «Летапіс газетных артыкулаў», «Летапіс перыядычных выданняў і выданняў, якія прадаўжаюцца». «Л.д.Б.» складаецца з 8 тыпаў летапісаў.
«Кніжны летапіс» выдаецца з 1924. Інфармуе аб кнігах і брашурах, перыяд. выданнях тыпу «прац», а таксама пра замежныя выданні, падрыхтаваныя або выдадзеныя з удзелам бел. выдаўцоў. Да 1999 уключаў раздзел аўтарэфератаў дысертацый. Мае паказальнікі: імянны, прадметны, загалоўкаў, геагр., серый, моў (акрамя бел. і рускай), на якіх надрукаваны кнігі, памылковых ISBN (міжнар. стандартная нумарацыя кніг), нумарацыйны бібліягр. запісаў замежных кніг, выдадзеных з удзелам бел. выдаўцоў.
«Летапіс нот» выдаецца з 1924. Інфармуе аб нотных выданнях, муз. творах, надрукаваных у часопісах і газетах. Бібліягр. запісы групуюцца па відах выданняў. Мае паказальнікі: імянны, загалоўкаў зб-каў нотных Выданняў, перыяд. выданняў, у якіх апублікаваны ноты.
«Летапіс рэцэнзій» выдаецца з 1932. Уключае рэцэнзіі, агляды кніг і часопісаў, якія маюць крытычны матэрыял на асобна выдадзеныя творы і творы, што змешчаны ў перыяд. выданнях. Мае паказальнікі: імянны, назваў выданняў, на якія апублікаваны рэцэнзіі, перыяд. выданняў, рэцэнзіі якіх зарэгістраваны.
«Беларусь у сусветным друку» выдаецца з 1946 (у 1982—91 штоквартальнае асобнае выданне). Змяшчае інфармацыю пра Беларусь і беларусаў, якая апублікавана ў друку замежных краін, а таксама аб выданнях і публікацыях на бел. мове (незалежна ад зместу), выдадзеных па-за межамі Беларусі. Мае паказальнікі: імянны, загалоўкаў, геагр., моў, перыяд. выданняў.
«Летапіс выяўленчага мастацтва» выдаецца з 1955. Інфармуе пра асобна выдадзеныя або змешчаныя ў часопісах творы выяўл. мастацтва, у т. л. плакаты, партрэты, рэпрадукцыі, эстампы, паштоўкі, альбомы, дзіцячыя кніжкі-карцінкі і альбомы для размалёўкі, коміксы і інш.Бібліягр. запісы групуюцца па відах выданняў. Мае паказальнікі: імянны, загалоўкаў, альбомаў і камплектаў паштовак, перыяд. выданняў, у якіх змешчаны матэрыял.
«Летапіс нарматыўна-тэхнічных, тэхнічных дакументаў і выданняў вузкага прызначэння» выдаецца з 1985. Змяшчае інфармацыю пра нарматыўна-тэхн. дакументы (стандарты, нармалі, цэннікі, прэйскуранты, тэхн. апісанні машын, прылад і інш.). Мае паказальнікі: імянны, загалоўкаў, моў.
«Летапіс картаграфічных выданняў» выдаецца з 1994. Выходзіць 2 разы на год (у № 6 і № 12). Змяшчае інфармацыю пра картаграфічныя выданні (карты, карты-схемы, планы, атласы), часткі картаграфічных выданняў (карты-урэзкі на асн. картах), карты або атласы, якія з’яўляюцца дадаткам да выдання, уклееныя або тэкставыя карты з кніг і серыяльных выданняў. Бібліягр. запісы групуюцца па буйных раздзелах. Мае паказальнікі: імянны, геагр., прадметна-тэматычны, загалоўкаў, выданняў, з якіх аналітычна распісаны матэрыял.
«Летапіс аўтарэфератаў дысертацый» выдаецца штоквартальна з 1999. Бібліягр. запісы групуюцца па комплексах навук. Кожны раздзел складаецца з рубрык: «На ступень доктара навук», «На ступень кандыдата навук». Мае імянны і геагр. паказальнікі.
Літ.:
Текущие библиографические издания книжных палат и их использование. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІГРАФІ́ЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна прамысловасці, якая спецыялізуецца на выпуску друкарскай прадукцыі: кніг, часопісаў, газет, тапаграфічных карт, каштоўных папер, бланкаў дакументаў, календароў, плакатаў, сшыткаў, альбомаў, білетаў і інш. У залежнасці ад асн. відаў прадукцыі, якія выпускаюцца паліграф. прадпрыемствам, адрозніваюць спецыялізаваныя кніжныя, газетныя, часопісныя, а таксама кніжна-часопісныя, газетна-часопісныя і этыкетка-ўпаковачныя прадпрыемствы, картаграфічныя ф-кі, прадпрыемствы спец. прызначэння, прадпрыемствы малой (аператыўнай) паліграфіі, а таксама тыя, што выпускаюць друкарскую прадукцыю культ.-быт. прызначэння. У залежнасці ад перавагі на паліграф. прадпрыемстве аднаго з асн. відаў прадукцыі адрозніваюць друкарні — прадпрыемствы, якія ў асноўным выкарыстоўваюць спосаб высокага друку, прадпрыемствы плоскага афсетнага, глыбокага, трафарэтнага і інш. відаў друку; паліграф. камбінаты выпускаюць друкарскую прадукцыю некалькімі спосабамі друку.
П.п. прайшла доўгі і складаны шлях развіцця. Тэхн. асновай паліграфіі з’яўляецца вынайдзенае каля 1440 І.Гутэнбергам кнігадрукаванне. У 16 ст. паліграфія набыла характар развітой мануфактуры. Вынаходніцтва ў 19 ст. друкарскай машыны азначала прамысл. рэвалюцыю ў паліграфіі, стварэнне паліграф. машынабудавання. 3 сярэдзіны 20 ст. ў ходзе навук.-тэхн. рэвалюцыі паліграфія развіваецца па наступных кірунках: пераход да электронных спосабаў вырабу друкарскіх форм для ўсіх спосабаў друку (выкарыстанне ЭВМ для фотанабору і электроннага колерадзялення для каляровага друку), выкарыстанне ролевага афсетнага друку на высокахуткасных машынах, стварэнне аўтам. паточных ліній у апрацоўчых цэхах, комплексная механізацыя і аўтаматызацыя вытв-сці, выкарыстанне фотатэлеграфнай тэхнікі для перадачы газетных палос.
На Беларусі развіццё П.п. пачалося з дзейнасці Ф.Скарыны, які ў 1522 заснаваў друкарню ў Вільні, выкарыстаўшы выразаныя ўручную шрыфты і застаўкі. Друкарскае майстэрства ўдасканальвалі С.Будны, В.Цяпінскі, П.Мсціславец і інш. Першая друкарня на тэр. сучаснай Беларусі — Брэсцкая (1550—70-я г.). Пазней друкарні працавалі ў Нясвіжы, Заблудаве, Слуцку, Любчы, Магілёве, Куцейне (гл. адпаведныя артыкулы). Кнігі выдаваліся на старабел., польскай, стараслав. мовах. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі адкрыты друкарні ва ўсіх губ. гарадах. У 1913 выдадзена 232 назвы кніг тыражом 212 тыс.экз. У 1920 у БССР было 76 паліграф. прадпрыемстваў; пабудаваны Дом друку (з 1960 друкарня выдавецтва «Звязда», з 1969 друкарня Выдавецтва ЦККПБ, з 1992 у сістэме Дзяржкамдруку, потым Савета Міністраў, з 1994 — Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь; гл.Беларускі дом друку). У 1940 па Беларусі надрукавана 76 млн. аркушаў-адбіткаў. Пасля Вял.Айч. вайны адноўлены разбураныя паліграф. прадпрыемствы, пабудаваны Мінскі паліграфічны камбінат. З сучасных паліграф. прадпрыемстваў найб. буйныя Мінскі паліграфічны камбінат, Мінская фабрыка каляровага друку, Беларускі дом друку, Мінская шпалерная фабрыка, Гомельская фабрыка«Палесдрук», друкарня «Перамога» ў Маладзечне.
Сярод краін свету найб. развітую П.п. маюць Германія, ЗША, Італія, Канада, Францыя, Швецыя, Швейцарыя, Японія і інш.Гл. таксама Друк, Выдавецкая справа, Нотадрукаванне, Картадрукаванне.
Выпуск прадукцыі паліграфічнай прамысловасці Рэспублікі Беларусь
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЭ́ЦКІ (Максім Іванавіч) (18.2.1893, в. Багацькаўка Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 10.2.1938),
бел. пісьменнік, літаратуразнавец, публіцыст, фалькларыст, грамадскі дзеяч. Адзін з пачынальнікаў нац.маст. прозы. Зрабіў вял. ўклад у развіццё бел. культуры, у фарміраванне нац. свядомасці. Брат Г.І.Гарэцкага. Скончыў Горацкае каморніцка-агранамічнае (1913), Паўлаўскае ваен. (Петраград, 1916) вучылішчы. У 1913—14 працаваў на Віленшчыне, у 1914—17 на фронце, быў цяжка паранены. З канца 1917 у Смаленску, супрацоўнічаў у «Известиях Смоленского Совета рабочих, солдатских и крестьянских депутатов», у газ. «Звезда» (1918), з рэдакцыяй якой пераехаў у Мінск, на пач. 1919 — у Вільню. У выніку захопу горада польскімі войскамі апынуўся на акупіраванай тэрыторыі. Выкладаў на бел. настаўніцкіх курсах і ў Віленскай беларускай гімназіі. Рэдактар газ.«Наша думка» (снеж. 1920 — ліп. 1921), з вер. 1921 выдавец і рэдактар газ.«Беларускія ведамасці». У студз. 1922 арыштаваны і зняволены ў Лукішскую турму. Яму было прад’яўлена абвінавачванне «ў прыналежнасці да партыі камуністаў, у арганізацыі тайных баявых дружын з мэтаю замаху на дзяржаўную ўладу, у друкаванай і вуснай прапагандзе». За гэта пагражала смяротная кара або катарга. Дзякуючы пратэсту грамадскасці суд не адбыўся. Паводле слоў пісьменніка, ён «без суда, са здзекам, быў выкінуты з Вільні ў нейтральны пас паміж польскім і літоўскім фронтам». У кастр. 1923 пераехаў у Мінск. Выкладаў беларусазнаўства на рабфаку БДУ, бел. мову і л-ру ў Камуністычным ун-це Беларусі. Працаваў у Інбелкульце (з 1925 правадз. член), у Горацкай с.-г. акадэміі (люты 1926 — жн. 1928), у АН Беларусі. 18.7.1930 арыштаваны на падставе сфабрыкаванага органамі АДПУ абвінавачання ў прыналежнасці да «Саюза вызвалення Беларусі». 10.4.1931 асуджаны да 5 гадоў высылкі ў Вятку. З 1935 выкладаў рус. мову і л-ру ў школе ў пас. Пясочня Смаленскай вобл. (цяпер г. Кіраў Калужскай вобл.). 4.11.1937 зноў арыштаваны, 5.1.1938 прыгавораны да расстрэлу (расстраляны ў Вязьме). Рэабілітаваны ў 1957.
Літ. дзейнасць пачаў з газетных нататак і карэспандэнцый. Першае апавяданне «У лазні» апубл. ў 1913. Дамінуючая тэма яго творчасці — лёс бел. сялянства, працоўнай вёскі на гіст. зломе эпох, народ і інтэлігенцыя, пошукі ёю шляхоў сац. і нац. вызвалення. Зборнікам апавяданняў «Рунь» (1914), драматызаванай аповесцю «Антон» (1914, апубл. 1919) і інш. творамі пашырыў тэматычныя і жанрава-стылёвыя межы бел. прозы, увёў новага героя — вясковага інтэлігента («Роднае карэнне» і інш.) і форму лірыка-экспрэсіўнага спасціжэння рэчаіснасці («Патаёмнае», «Страхаццё»). Да гэтага перыяду адносіцца паспяховая спроба маст. асваення гіст. тэмы («Лірныя спевы») і жанру філас., інтэлектуальнай прозы (цыкл апавяданняў «За што?»). Гарэцкі прайшоў шлях складанага ідэйна-творчага і светапогляднага развіцця. Значныя карэктывы ў асветніцкае ўспрыманне рэчаіснасці, што ўласціва ранняму перыяду яго творчасці, унесла вайна і рэвалюцыя. Паглыбіўся гістарызм пісьменніцкага мыслення, узмацніўся аналітычны пачатак у творчасці, іншай стала філас. канцэпцыя чалавека як істоты складанай, супярэчлівай, падуладнай уздзеянню разнастайных фактараў і ўплываў («Маці», «Хадзяка»). Апавяданні ваеннай тэматыкі («Літоўскі хутарок», «Генерал», «Рускі») прасякнуты антымілітарысцкім пафасам, пратэстам супраць разбурэння маральных асноў быцця. У публіцыстыцы смаленскага перыяду (кастр. 1917 — люты 1919) выказваў спадзяванне на перамогу сацыяліст. рэвалюцыі (арт. «Новая буржуазія»), падтрымліваў асобныя палажэнні бальшавіцкай праграмы (арт. «Няхай жыве камуністычная Беларусь!»); творчая і грамадская дзейнасць віленскага перыяду (люты 1919 — кастр. 1923) прасякнута асуджэннем тэрору і непрыманнем новай улады (аповесць «Дзве душы», 1919, апавяданні «Апостал», «Усебеларускі з’езд 1917-га года»). Абноўленая нац.-адраджэнская праграма, скіраваная на выхаванне сац. і нац. свядомасці, духоўнае ўзвышэнне чалавека, пераадоленне ім прыгонніцкай спадчыны, выявілася ў апавяданнях «Панская сучка», «Смачны заяц» (зб. «Досвіткі», 1926). У творчасці 1930-х г. адзначаецца далейшае паглыбленне эпічных асноў, больш грунтоўная распрацоўка тэм інтэлігенцыя і народ, будучыня Беларусі. Своеасаблівыя этапы духоўнай біяграфіі вясковай моладзі адлюстраваны ў аповесцях «У чым яго крыўда?» (1926), «Меланхолія» (нап. ў 1920-я г.), дакументальна-маст. дзённіку «На імперыялістычнай вайне» (1926). Творы Гарэцкага засведчылі новы падыход у адлюстраванні падзей вайны і зараджэнне традыцыі «акопнай праўды» як літ.-эстэт. з’явы. У рамане-хроніцы «Віленскія камунары» (1931—32, апубл. 1963) паказаў герояў, якія лічылі рэв. барацьбу універсальным сродкам вырашэння сацыяльных праблем. Панарама жыцця бел. народа ад часоў прыгоннага права да 1930-х г. створана ў аповесці «Камароўская хроніка» (незаконч., апубл. ў 1966). Дакументальна-маст. сродкамі ў ёй адлюстраваны сац. супярэчнасці эпохі, побыт, праца, норавы, звычаі бел. вёскі і інш. пластоў грамадства, раскрыты рысы характару беларуса. У творах Гарэцкага арганічна спалучаюцца сац. аспекты з маст. даследаваннем духоўнай сферы, выяўляецца глыбіня і змястоўнасць філас. канцэпцыі жыцця як няспыннага працэсу выпрацоўкі і перадачы ад пакалення да пакалення сац. і маральна-этычнага вопыту, духоўных каштоўнасцей. Незакончаныя творы «Лявоніус Задумекус» (1931—32), «Скарбы жыцця» (1932—35, 1937?), «Кіпарысы» (апрацоўка запісаў 1928) разам з асобнымі раздзеламі «Камароўскай хронікі» раскрываюць трагізм становішча рэпрэсіраванага мастака, з’яўляюцца пачаткам эстэт. асваення бел.літ. тэмы ГУЛАГа. Гарэцкі — аўтар «Гісторыі беларускае літаратуры» (1920, факс. выд. 1992), «Хрэстаматыі беларускае літаратуры: XI век — 1905 г.» (1922), слоўнікаў «Невялічкі беларуска-маскоўскі слоўнік» (1919), «Практычны расійска-беларускі слоўнік» (1924, разам з М.Байковым), зб. «Народныя песні з мелодыямі» (1928, з А.Ягоравым) і інш. Пераклаў на бел. мову раман А.Фадзеева «Разгром», аповесці Ю.Лібядзінскага «Тыдзень», «Камісары», асобныя апавяданні М.Горкага («Зброднік», «Канавалаў», «Чалкаш»), а таксама артыкулы і дадаткі да 3-га тома Зб.тв. У.І.Леніна (выд. 1929). Рукапісная спадчына Гарэцкага захоўваецца ў аддзеле рэдкай кнігі і рукапісаў Цэнтральнай навук. б-кі імя Я.Коласа Нац.АН Беларусі. Творы пісьменніка перакл. на рус., укр., балг., лат., літ., ням., польск. мовы. На радзіме пісьменніка створаны музей, пастаўлены помнікі ў Мінску, Вязьме, імем Гарэцкага названы вуліцы ў Мінску, Мсціславе, Горках. У 1997 створаны Міжнар. фонд братоў Гарэцкіх.
Тв.:
Выбр.тв.Т. 1—2. Мн., 1973;
Зб.тв.Т. 1—4. Мн., 1984—1986;
Творы. Мн., 1990.
Літ.:
Максім Гарэцкі: Успаміны, артыкулы, дакументы. Мн., 1984;
Адамовіч А. «Браму скарбаў сваіх адчыняю...» Мн., 1980;
Бугаёў Дз. Максім Гарэцкі. Мн., 1968;
Дасаева Т.М. Летапіс жыцця і творчасці Максіма Гарэцкага. Мн., 1993;
Гарэцкі Р. Расстрэл Максіма Гарэцкага // ЛІМ. 1992. 9 і 16 кастр.;
Першыя Гарэцкія чытанні: (Тэз. дакл. і паведамл.). Горкі, 1992;
Гарэцкія чытанні: Тэз. дакл. і паведамл. Горкі, 1993;
Гарэцкія чытанні: Матэрыялы дакл. і паведамл. Горкі, 1994, 1996.