ГАВО́Т (франц. gavotte),

1) старадаўні франц. нар. танец, напачатку карагодны. Муз. памер 44 ці 22, тэмп умераны. Музыка гавота светлая, вытанчаная, часам з наіўна-пастаральным, радзей урачыстым адценнем. Вядомы з 16 ст. У 17—19 ст. прыдворны танец, грацыёзны і нярэдка манерны. Вядомы і цяпер у франц. правінцыі (асабліва ў Брэтані).

2) Частка інстр. сюіты (у музыцы І.​С.​Баха, Г.​Ф.​Гендэля і інш.), радзей самаст. п’еса. У оперу і балет уведзены Ж.​Б.​Люлі. Класічныя ўзоры гавота стварылі Ж.​Ф.​Рамо, К.​В.​Глюк, П.​Чайкоўскі, А.​Глазуноў, С.​Пракоф’еў.

т. 4, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРТАКО́Ў (Сяргей Венядзіктавіч) (н. 26.3.1908, г. Омск, Расія),

рускі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1984). Друкуецца з 1934. Першы зб. апавяданняў — «Аляксей Худаногаў» (1945). Асваенне прыродных багаццяў Сібіры, прац. подзвігі людзей у аповесці «Каменны фундамент» (1938—49), раманах «Ледзяны скарб» (1961—62), «Філасофскі камень» (кн. 1—2, 1966—71), трылогіі «Барбінскія аповесці» («Горны вецер», 1957; «Не аддавай каралеву», 1960; «Павольны гавот», 1967; Дзярж. прэмія СССР 1970) і інш. У рамане «Хрыбты Саянскія» (кн. 1—3, 1940—48, канчатковая рэд. 1954—55) працэс фарміравання рабочага класа Сібіры, яго ўдзел у рэвалюцыі 1905. Аўтар аўтабіягр. аповесці «Над чыстым лістом» (1978), аповесцей для дзяцей «Па Чунскіх парогах» (1946), «Плыт ідзе на Поўнач» (1949), раманаў «Свінцовы манумент» (1980), «Вечная песня — калыханка» (1983), зб-каў апавяд. «Садок пад вокнамі» (1959), «Першая сустрэча» (1967), п’ес і інш. Асобныя яго апавяданні на бел. мову пераклалі А.​Жук, Л.​Салавей, У.​Шахавец.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—6. М., 1978—80;

А ты гори, звезда: Роман. М., 1985.

Літ.:

Дремов А. Сергей Сартаков. М., 1975.

т. 14, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЛЬНЫ ТА́НЕЦ,

танец, які выконваецца парай ці большай колькасцю ўдзельнікаў на танц. вечарах, балях; часта называецца бытавым танцам. Узнік у 15 ст. ў Італіі, потым пашырыўся ў Францыі (у 16—17 ст. была яго заканадаўцам). Напачатку не меў устаноўленай формы. Пераважалі т.зв. «нізкія танцы» (бас-данс), часта ў выглядзе шэсцяў у суправаджэнні спеваў і муз. інструментаў (лютні, флейты і інш.). Праз мастацтва жанглёраў і трувераў на балі пранікалі народныя танцы, прыстасаваныя да дварцовага этыкету. У 17 ст. бальны танец распаўсюдзіўся па ўсёй Еўропе. Папулярныя сталі бальныя танцы бурэ, гавот, алеманда, чакона, жыга, сарабанда, асабліва менуэт. На Беларусі з 17 ст. пры дварах магнатаў, у калегіумах былі вядомыя зах.-еўрап. прыдворныя танцы (павана, марэска, куранта). У 18 ст. з’явіліся больш свабодныя танцы: пасп’е, мюзет, рыгадон, контрданс, экасез, лендлер. Пасля франц. рэвалюцыі 1789—94 бальны танец страціў арыстакратычна-ўзнёслы характар. Пашырыліся танцы лансье, мазурка, паланэз, галоп, канкан, полька, з сярэдзіны 19 ст. найб. пашыраны вальс, непарыўна звязаны з творчасцю І.​Ланера, бацькі і сына Штраусаў. У канцы 19 — пач. 20 ст. пад уплывам музыкі краін Амерыкі ўзніклі тустэп, уанстэп, блюз, факстрот, квікстэп, чарльстон, румба, самба і інш. Для сучасных бальных танцаў уласціва імправізацыйнасць, зменлівасць танц. моды. Большасць бальных танцаў 2-й пал. 20 ст. маюць свабодную кампазіцыю (твіст, шэйк, рок-н-рол і інш.). У наш час захаваліся лепшыя танцы старой бальнай школы (падэграс, падэспань, падэ-труа), а таксама вальс, мазурка, танга, факстрот, павольны вальс, сіртакі, летка-енка і інш. Праводзяцца конкурсы на лепшае выкананне бальных танцаў па спец. праграме. На Беларусі існуе развітая сетка гурткоў, школ і студый бальных танцаў.

Літ.:

Ивановский Н.П. Бальный танец XVI—XIX вв. Л.;

М., 1948.

т. 2, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)