Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЯЛЕ́-ЛЕ-ДЗЮК ((Violett-le-Duk) Эжэн Эмануэль) (27.1.1814, Парыж — 17.9.1879),
французскі архітэктар, гісторык і тэарэтык архітэктуры; адзін з заснавальнікаў тэорыі і практыкі рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры. Рэстаўрыраваў шэраг франц. гатычных сабораў і замкаў (сабор Нотр-Дам у Парыжы, з 1845, разам з Ж.Б.Ласю; умацаванні Каркасона, замак П’ерфон і інш.). У гістарычна-тэарэт. працах імкнуўся выявіць агульныя заканамернасці архітэктуры, своеасаблівасць нац. школ, прыроду сярэдневяковага мастацтва («Тлумачальны слоўнік французскай архітэктуры», т. 1—10, 1854—68; «Гутаркі аб архітэктуры», т. 1—2, 1858—72, рус. пер. 1937—38; «Рускае мастацтва», 1877, рус. пер. 1879).
Літ.:
Pevsner N. Ruskin and Violett-le-Duk... London, 1969.
т. 4, с. 243
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКАЙ БО́ЖАЙ МА́ЦІ САБО́Р Нотр-Дам дэ Пары
(Notre-Dame de Paris),
помнік ранняй франц. готыкі ў Парыжы. Пабудаваны ў 1163—1257 на в-ве Сітэ. 5-нефавая базіліка (даўж. 130 м, шыр. 108 м, выш. інтэр’ера 35 м) з кароткім трансептам, хорам з двайным абыходам і вянком капэл, 2 вежамі (выш. 69 м), што фланкіруюць зах. фасад. Для архітэктуры сабора характэрна спалучэнне рыс раманскага стылю (гарыз. чляненні фасадаў, часткова неапрацаваныя паверхні сцен, прастата арх. дэкору) з новым, гатычным разуменнем прасторы будынка і выкарыстаннем новых канструкцый (стральчатая арка, аркбутаны). Фрагментарна захаваліся вітражы (ружы зах., паўд. і паўн. фасадаў, 13 ст.) і скульптура (на фасадах, каля 1165—1225; у хоры, 13—14 ст.). Інтэр’ер і фасады перабудаваны ў 17—18 ст. Сабор значна падноўлены рэстаўрацыяй 19 ст. (арх. Ж.Б.Ласю, Э.Э.Віяле-ле-Дзюк). На ўзор П.Б.М.с. пабудавана многа храмаў у Францыі і інш. краінах. Іл. гл. да арт. Готыка.
т. 12, с. 152
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)