ВІ́ШЧЫНСКІ СКАРБ,

грашова-рэчавы скарб, знойдзены ў 1979 у час даследавання крапасной сцяны гарадзішча Вішчын Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. Ухаваны ў 2-й пал. 12 — 1-й трэці 13 ст. Рэчавая частка скарба прадстаўлена жаночымі ўпрыгожаннямі з высакапробнага серабра (фрагменты караляў з авальных пацерак і крынападобных падвесак, залачоныя з выявамі птушак, 6-прамянёвы і з ажурным беражком колты, адна- і двухстворкавы пласціністыя залачоныя бранзалеты і інш.), грашовая складалася з сярэбраных 2 наўгародскіх, 8 літоўскіх, 6 кіеўскіх зліткаў-грыўняў і 2 палцін. Зберагаецца ў нумізматычным кабінеце БДУ.

т. 4, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ШЧЫН,

гарадзішча канца 11 — сярэдзіны 13 ст. паміж в. Вішчын і Кісцяні Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл., на беразе Дняпра. Пляцоўка ўмацавана 3 лініямі валоў і равоў, знаходзіцца на месцы стаянкі эпохі мезаліту і ранняга неаліту. Выяўлены рэшткі абарончай сцяны, свірна, майстэрні ювеліра, 6 наземных драўляных пабудоў (у 2 жытлах захаваліся рэшткі печаў і падлогі). Знойдзены разнастайны гасп. інвентар, прадметы ваен. справы, бытавыя рэчы і ўпрыгожанні з каляровых і каштоўных металаў, імпартны посуд, Вішчынскі скарб. Верагодна, гарадзішча было феад. сядзібай-замкам. Знаходка віслай свінцовай пячаткі Мсціслава Расціславіча Храбрага сведчыць пра сувязь замка з дынастыяй смаленскіх князёў.

т. 4, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)