ВІ́СЛІНСКІ ЗАЛІ́Ў,

заліў у паўд. частцы Балтыйскага м., каля берагоў Польшчы. Разам з Калінінградскім залівам мае даўж. каля 90 км, шыр. 2—25 км, глыб. 3—5 м. Аддзелены ад мора Балтыйскай касой даўж. 60 км, на Пн злучаецца пралівам з Гданьскім залівам.

т. 4, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГДА́НЬСКІ ЗАЛІ́Ў, Гданьская бухта (польск. Zatoka Gdańska),

заліў Балтыйскага м., каля берагоў Польшчы і Расіі. Даўж. да 74 км, шыр. каля ўваходу 107 км, глыб. да 115 м. У Гданьскі заліў упадае р. Вісла. Салёнасць 8 ‰. На ПнЗ Гэльская каса аддзяляе ад Гданьскага заліва Пуцкую бухту, на ПдУ Балтыйская каса — Віслінскі і Калінінградскі залівы. Прылівы мяшаныя (да 0,1 м). Гал. парты: Гдыня, Гданьск (Польшча), Балтыйск (Расія).

т. 5, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́СЛА

(Wisła),

самая вялікая рака Польшчы. Даўж. 1068 км, пл. бас. 198,5 тыс. км². Пачынаецца ў Зах. Карпатах, упадае ў Гданьскі і Віслінскі залівы Балтыйскага м. Гал. прытокі: Дунаец, Віслока, Сан, Вепш, Буг (справа), Піліца, Брда (злева). У вярхоўях Віслы — бурны горны паток; ніжэй за г. Кракаў, прыняўшы шэраг прытокаў з Карпат, становіцца мнагаводнай (шырыня русла каля ўпадзення Дунайца 200 м, ніжэй Сана 600—1000 м). У сярэднім і ніжнім цячэнні — тыповая раўнінная рака, цячэ па шырокай, месцамі тэрасаванай даліне. Рэчышча на значным працягу звілістае, месцамі падзяляецца на рукавы і пратокі, характарызуецца няўстойлівасцю, шматлікімі мелямі і перакатамі. Ад г. Торунь берагі штучна замацаваныя ад размываў. За 50 км ад мора Вісла падзяляецца на рукавы (Ногат, Мёртвая Вісла і інш.), утвараючы вялізную дэльту (Жулавы). Частка дэльты, якая ляжыць ніжэй узр. м., засцерагаецца дамбамі. Жыўленне мяшанае. Разліў вясной ад раставання снегу, летнія паводкі ад дажджоў у Карпатах. Сярэднегадавы расход вады каля Варшавы 600 м³/с, у нізоўях — 1090 м³/с. Каля г. Улацлавак ГЭС. Суднаходная ў сярэднім і ніжнім цячэнні. Злучана прытокамі і каналамі з рэкамі Дняпро, Одра, Нёман. На Вісле — гарады Кракаў, Варшава, Плоцк, Улацлавак, Торунь, Тчэў, у дэльце — Гданьск. У 1918—26 і 1939 на рацэ дзейнічала Віслінская флатылія ВМФ Польшчы (базіравалася ў г. Торунь).

М.В.Лаўрыновіч.

т. 4, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)