ВІСКО́ЗНАЕ ВАЛАКНО́,

штучнае валакно, якое атрымліваюць з віскозы. Гіграскапічнае, лёгка афарбоўваецца, мае параўнальна нізкую трываласць і зносаўстойлівасць.

Складаецца з гідратцэлюлозы. Віскознае валакно фармуюць «мокрым» спосабам: для асаджэння выкарыстоўваюць водны раствор сернай к-ты, сульфатаў натрыю і цынку. Вырабляюць у выглядзе неперарыўных ніцей (тэкстыльныя і тэхн., пераважна корд) і штапельных валокнаў звычайнай трываласці і мадыфікаваных высокатрывалых (гл. Палінознае валакно).

Выкарыстоўваюць у сумесі з натуральнымі і сінт. валокнамі для вырабу адзежных тканін, трыкатажу. Прамысл. вытв-сць віскознага валакна пачалі у Вялікабрытаніі (1905). У Беларусі вырабляюць віскозны шоўк і штапель (Магілёўскае ВА «Хімвалакно»), віскозныя ніткі, тэкст. і кордавую тканіну (Светлагорскае ВА «Хімвалакно»).

Літ.:

Серков А.Т. Производство вискозных штапельных волокон. М., 1986.

М.Р.Пракапчук.

т. 4, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАТЦЭЛЮЛО́ЗА,

структурная мадыфікацыя цэлюлозы. Цвёрдае рэчыва белага колеру. У адрозненне ад прыроднай цэлюлозы (з якой яе атрымліваюць) лепш раствараецца ў шчолачах, афарбоўваецца, больш гіграскапічная і рэакцыйназдольная ў водных растворах. З гідратцэлюлозы складаюцца віскознае валакно, медна-аміячныя валокны, вытв-сць якіх уключае стадыю пераводу цэлюлозы ў гідратцэлюлозу (напр., асаджэннем з раствору, мех. разломам).

т. 5, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛО́КНЫ ХІМІ́ЧНЫЯ,

валокны, якія фармуюць з раствораў ці расплаваў палімераў. Падзяляюцца на сінт.сінт. палімераў, напр., поліамідныя валокны, поліэфірныя валокны, поліакрыланітрыльныя валокны) і штучныя (з прыродных палімераў, пераважна з цэлюлозы і яе эфіраў — ацэтатнае валакно, віскознае валакно, медна-аміячныя валокны).

Выпускаюць у выглядзе монаніткі, штапельнага валакна ці пучка з многіх тонкіх і доўгіх валокнаў, злучаных пры дапамозе кручэння. Вытворчы працэс складаецца з 3 стадый: падрыхтоўка прадзільных расплаваў ці раствораў; фармаванне — працісканне расплаву (раствору) праз тонкія адтуліны фільеры ў асяроддзе, якое выклікае зацвердзяванне валокнаў у халодным ці гарачым паветры («сухі» спосаб) ці спец. растворы («мокры» спосаб) з далейшым арыентацыйным выцягваннем у 3—10 разоў і тэрмафіксацыяй для павышэння трываласці; апрацоўка валокнаў рознымі тэкстыльна-дапаможнымі рэчывамі.

Выкарыстоўваюць для вытв-сці тканін рознага прызначэння, штучнага футра, дывановых і панчошна-шкарпэткавых вырабаў, рыбалоўных сетак. У Беларусі штучныя валокны вырабляюць на Магілёўскім і Светлагорскім ВА «Хімвалакно», сінтэтычныя — на Наваполацкім ВА «Палімір» і Гродзенскім ВА «Хімвалакно».

Літ.:

Папков С.П. Теоретические основы производства химических волокон. М., 1990;

Цебренко М.В. Ультратонкие синтетические волокна. М., 1991.

М.Р.Пракапчук.

т. 3, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)