у Стараж. Русі грашовы штраф, што спаганяўся са злачынца на карысць князя за забойства ці цяжкае калецтва вольнага чалавека. Калі злачынцу нельга было знайсці, віру плаціла сельская абшчына (верв), на тэрыторыі якой знойдзена цела (дзікая віра). Спагнанне віры замяніла кроўную помсту. Паводле «Рускай праўды» памер віры 40 грыўняў. За забойства дружынніка ці слугі князя віру плацілі ўдвая большую (80 грыўняў). За цяжкае калецтва (адсячэнне рукі, нагі) ці за забойства нявернай жонкі спаганялася палова віры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІР, водаварот,
кругавы лейкападобны рух вады ў паверхневым слоі на асобных участках вадаёмаў або рэк. Узнікае пры зліцці плыняў вады, пры абцяканні выступаў берага або пры рэзкім расшырэнні рэчышча. Можа быць пастаянным або часовым. Марскія віры ўтвараюцца ў месцах сутыкнення прыліўна-адліўных хваль з цячэннямі. Вір — небяспечнае месца; на тэр. Беларусі вада ў віры доўга не замярзае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́РАНАЎ (Мікола) (Мікалай Гаўрылавіч; н. 13.12.1936, в.Віры Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. пісьменнік. Працаваў у раённых газетах. Дэбютаваў вершамі ў 1952. У апавяданнях (зб. «Ветраны дзень», 1976, «Перад адлігай», 1984) адлюстроўвае вясковы побыт, расказвае пра сваё пакаленне, якое спазнала вайну, сіроцтва, пасляваен. цяжкасці. Аповесць «Завея» (1979) пра жыццё і працу рыбакоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛКАВЫ́ЦКІ (Георгій Фёдаравіч) (н. 13.3.1923, мяст. Белавеж Беластоцкага ваяв., Польшча),
бел. журналіст, публіцыст, паэт, мемуарыст. Скончыў Літ.ін-т у Маскве (1954). У 1956—87 рэдактар бел. штотыднёвіка «Ніва» (Беласток), дзе выступаў з публіцыстычнымі артыкуламі, вершамі (з 1961, пад псеўд. Юрка Зубрыцкі) і інш. З 1958 быў старшынёй літ.-маст. аб’яднання «Белавежа», прычыніўся да выдавецкай справы «белавежцаў» (зб. «Рунь», 1959, «Мой родны кут», 1963, альманахі «Белавежа», 1965, 1971, 1980, 1988, бел. календары, кніжкі аўтараў). Аўтар кн. мемуараў «Віры» (1991, Беласток), у якой на багатым фактычным матэрыяле раскрывае жыццё бел. дыяспары ў Польшчы, работу Бел. грамадска-культ.т-ва, праблемы грамадскай, выдавецкай і журналісцкай работы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАРАКО́ЎСКІ (Валяр’ян Дзмітрыевіч) (10.9 1904, Мінск — 18.8.1979),
бел. графік. Скончыў Вышэйшы маст.-тэхн. ін-т у Ленінградзе (1929). Працаваў у станковай і кніжнай графіцы, плакаце. У 1929—31 маст. рэдактар Белдзяржвыда. З 1931 у Ленінградзе. Аформіў кнігі «Сымон-музыка» Я.Коласа і «Два» А.Вольнага (1925), «Выбраныя апавяданні» (1926) і «У глыбі Палесся» (1927) Я.Коласа, «У віры жыцця» М.Зарэцкага, зборы твораў Я.Купалы (т. 2, 2-е выд.) і Ц.Гартнага (т. 2; усе 1929), «Яўген Анегін» А.Пушкіна (1937), «Выбранае» Ю.Тынянава (1941), «Байкі» І.Крылова (1944), «Лірыка» А.Пракоф’ева (1956), зб. «Нашы казкі» (1965) і інш. Творы Д. вызначаюцца высокай тэхнікай выканання, арыгінальнасцю кампазіцыйнай будовы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДЗЯНІ́К,
вобраз у старадаўніх павер’ях беларусаў і інш. народаў — уладар вадаёмаў, жывых істот у іх. На Беларусі яго ўяўлялі ў выглядзе старога чалавека, укрытага водарасцямі і цінай, з зялёнай барадой, доўгімі валасамі на клінападобнай галаве, расплывістым тварам. Месца яго жыхарства — віры рэк, асабліва каля млыноў («вірнік»), дно азёр, крыніц, глыбокіх калодзежаў («ціхоня»). Яму прыпісвалі рух, памутненне вады, пару над ёю, разлівы рэк, разбурэнне рыбалоўных прылад, млыноў, гібель людзей і жывёл. У першыя замаразкі млынары іншы раз ахвяравалі яму мяса, а ў некаторых мясцінах рыбакі прасілі ўдалай лоўлі. Вобраз Вадзяніка страціў рэліг. значэнне ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. і знайшоў адлюстраванне ў фальклоры (марскі цар у рус. былінах і чарадзейных казках беларусаў і інш. народаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́СЕМСКІ (Аляксей Феафілактавіч) (23.3.1821 с. Раменне Чухламскага р-на Кастрамской вобл., Расія — 2.2.1881),
рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1844). Друкаваўся з 1848. Першы раман — «Баяршчына» (1844—46, забаронены, апубл. 1858) напісаны ў рэчышчы натуральнай школы. У рамане «Тысяча душ» (1858) — карціна жыцця перадрэформеннага часу. Аповесці «Цюфяк» (1850), «М-г Батманаў» (1852), «Ці вінаватая яна?» (1855) з жыцця дваранска-чыноўніцкай правінцыі. Асэнсаванне духоўнага жыцця сучаснікаў у рамане «Людзі саракавых гадоў» (1869). Аўтар раманаў «Ускаламучанае мора» (1863), «У віры» (ч. 1—3, 1871), «Мяшчане» (1877), «Масоны» (ч. 1—5, 1880), камедый «Падзел» (1853, забаронена, паст. 1874), «Драпежнікі» («Падкопы», 1873, забаронена, паст. 1905), драмы «Горкі лёс» (1859, забаронена, паст. 1863), гіст. драмы «Паручнік Гладкоў» (1867, забаронена, паст. 1905), цыкла апавяд. «Рускія лгуны» (1865), апавяданняў з сялянскага жыцця, «Падарожных нарысаў» (1857), фельетонаў, літ.-крытычных артыкулаў і інш.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—5. М., 1982—84;
Повесть. Рассказы. М., 1988.
Літ.:
Плеханов С.Н. Писемский. М., 1987;
Могилянский АП. Писемский: Жизнь и творчество. Л., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗА́НАЎ (Эльдар Аляксандравіч) (н. 18.11.1927, г. Самара, Расія),
расійскі кінарэжысёр, кінадраматург, пісьменнік. Нар.арт. Расіі (1974). Нар.арт.СССР (1984). Скончыў Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі (1950). Першы маст. фільм — «Карнавальная ноч» (1956). Паставіў камедыі (ад лірычных да вострасатырычных): «Дзяўчына без адраса» (1958), «Гусарская балада» (1962, паводле п’есы А.Гладкова «Даўным-даўно»), «Дайце кнігу скаргаў», (1965), «Сцеражыся аўтамабіля» (1966), «Зігзаг удачы» (1969), «Старыя-разбойнікі» (1972), «Незвычайныя прыгоды італьянцаў у Расіі» (1973, з Італіяй), «Іронія лёсу, альбо 3 лёгкай парай!» (1975, Дзярж. прэмія СССР 1977), «Службовы раман» (паводле п’есы Р. і Э.Брагінскага «Калегі», 1977, Дзярж. прэмія Расіі 1979), «Гараж», «Пра беднага гусара закіньце слова» (абодва 1980), «Вакзал для дваіх» (1983), «Жорсткі раманс» (1984, паводле п’есы А.Астроўскага «Беспасажніца»), «Забытая мелодыя для флейты» (1987), «Дарагая Алена Сяргееўна» (1988), «Нябёсы запаветныя» (1991), «Прадказанне» (1993), «Прывітанне, дуралеі» (1996), «Старыя клячы» (1999), «Ціхія віры» (2000) і інш. Аўтар сцэнарыяў, аповесцей, п’ес (пераважна з Брагінскім), мемуараў, кнігі вершаў і навел-успамінаў «Настальгія» (1999). Некат. яго п’есы ставіліся на Беларусі.
Тв.:
Грустное лицо комедии. М. 1977;
Смешные невеселые истории: Комедии для кино и телевидения. М., 1979 (разам з Э.Брагінскім);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРЭ́ЦКІ (Міхась) (сапр.Касянкоў Міхаіл Яўхімавіч; 20.11.1901, с. Высокі Гарадзец Талачынскага р-на Віцебскай вобл. — 29.10.1937),
бел. пісьменнік. Скончыў Аршанскае духоўнае вучылішча, вучыўся ў Магілёўскай духоўнай семінарыі. Служыў перапісчыкам у паўвайсковай часці, настаўнічаў на Магілёўшчыне, узначальваў Шклоўскі валасны аддзел нар. асветы. У 1920—27 палітработнік Чырв. Арміі. Адзін з арганізатараў літ. аб’яднання «Маладняк», пасля ўваходзіў у аб’яднанне «Полымя». У ліст. 1936 па лжывым даносе арыштаваны. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957. Літ. дзейнасць пачаў у 1922 (апавяд. «Ці ж так?», «Спатканне», «Цімка Бабыль» у газ. «Савецкая Беларусь»). Гал. тэма творчасці ранняга перыяду (зб-кі апавяданняў «У віры жыцця», «Пела вясна», абодва 1925, «Пад сонцам», 1926) — перамены ў жыцці народа пад уздзеяннем рэвалюцыі, барацьба старога і новага, цяжкія пошукі шляхоў да будучыні. Распрацоўваў новую ў бел. л-ры тэму «былых», «учарашніх», тэму трагічнага лёсу прадстаўнікоў пераможаных рэвалюцыяй класаў. Гэтыя творы («Ворагі», «Кветка пажоўклая») прасякнуты гуманіст. пафасам, ідэяй спачування і міласэрнасці да ахвяр рэвалюцыі, учарашніх ворагаў. Апавяданні 1920-х г. вылучаюцца глыбокай змястоўнасцю, напружанасцю сюжэта, вастрынёй канфліктаў, псіхалагізмам, увагай да ўнутранага свету герояў, іх пачуццяў і перажыванняў. Як мастак і крытык распрацоўваў канцэпцыю «пазітыўнага рамантызму», рамант. стылявой плыні. Не прымаў пасіўнае адлюстраванне рэчаіснасці, статычнасць, кампазіцыйную аморфнасць, уласцівую тагачаснай бел. прозе апісальнасць, адстойваў суверэннасць і духоўную свабоду чалавека. На шляху яго ідэйна-творчага і светапогляднага развіцця заканамерным быў пераход ад «малой прозы» да буйных жанравых форм — аповесці «Голы звер» (1926), раманаў «Сцежкі-дарожкі» (1927), «Вязьмо» (1932). У аповесці пераканана выкрываюцца негатыўныя з’явы паслярэв. рэчаіснасці і носьбіты філасофіі эгаізму, індывідуалізму, абывацельскай маралі. Раман «Сцежкі-дарожкі» закладваў плённую традыцыю праўдзівага маст. асэнсавання рэвалюцыі ва ўсёй яе складанасці і супярэчлівасці, без ідэалізацыі і псеўдагероікі. У святле гуманіст. ідэалаў паказаны пакутлівы шлях інтэлігенцыі ў рэвалюцыю, выяўлены розныя погляды яе прадстаўнікоў на сродкі ажыццяўлення рэв. мэт. Маральна-этычным праблемам прысвечаны п’есы «Віхор на балоце» (1928) і «Белыя ружы» (1928—29), вытрыманыя ў рамант. ключы з выкарыстаннем элементаў прыгодніцтва і меладрамы, сімволіка-алегарычных вобразаў, фалькл. паданняў і літ. рэмінісцэнцый. П’есы апасродкавана звязаны з тэатр. дыскусіяй і абмеркаваннем праблем развіцця бел. кіно (арт. «Два экзамены: (Да пытання аб тэатральнай крытыцы» і «Чым пагражае нам Белдзяржкіно», 1928). Беспадстаўныя абвінавачанні вульгарызатарскай крытыкі ў прапагандзе антысав. поглядаў («Падарожжа на новую зямлю», 1929) перашкодзілі завяршэнню рамана «Крывічы» («Полымя», 1929, № 4), негатыўна паўплывалі на творчую дзейнасць З. (апавяданні «Хвіліна», «Пра дзеда Альпіна»). У рамане «Вязьмо» пераадолены творчыя цяжкасці, з выразна грамадз. пазіцый асвятляюцца трагічныя падзеі масавай калектывізацыі, у сюжэтна-вобразнай форме праводзіцца ідэя яе эканам. немэтазгоднасці і маральнай недапушчальнасці гвалтоўнага рассяляньвання сялянства, прымусовага разбурэння вясковага ўкладу жыцця. Раман прасякнуты пафасам абароны чалавека як найвышэйшай каштоўнасці. Выступаў як літ. крытык (арт. «Размова незвычайнае шчырасці», 1932, і інш.), нарысіст («Вясна 1930 года», 1930, «Новы вобраз Беларусі», 1934, і інш.), перакладчык («Цэмент Ф.Гладкова, 1930, «Прыгоды ўдалага ваякі Швейка ў сусветную вайну» Я.Гашака, ч. 1, 1931).
Тв.:
36. твораў. Т. 1—4. Мн., 1989—92.
Літ.:
Майсеенка А.Ф. Творчасць Міхася Зарэцкага. Мн., 1978;
Мушынскі М.І. Нескароны талент: Праўдзівая гісторыя жыцця і творчасці Міхася Зарэцкага. Мн., 1991.