ВІРА́Ж (франц. virage),
1) паварот.
2) Фігура пілатажу — поўны разварот лятальнага апарата ў гарыз. плоскасці.
3) Хім. раствор для надання пэўнага колеру чорна-белым фатаграфічным здымкам.
т. 4, с. 190
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЛАТА́Ж (франц. pilotage),
майстэрства кіравання самалётам (планёрам, інш. лятальным апаратам — ЛА) у гарыз. і верт. плоскасцях з наданнем яму розных становішчаў. Адбываецца са зменай скорасці, вышыні, напрамку палёту ЛА. Характарызуецца т.зв. фігурамі П.
Паводле складанасці выканання фігур П. падзяляецца на просты (віраж, спіраль, слізганне, пікіраванне і інш.), складаны (баявы разварот, паўпераварот, бочка, Несцерава пятля, штопар, пераварот на горцы і інш., а таксама ўсе фігуры простага П., калі яны выконваюцца групай ЛА), вышэйшы (замаруджаная кіроўная бочка, паўтарачная і шматразовая бочка, паўтарачная пятля, верт. васьмёрка і інш., а таксама ўсе фігуры складанага П., калі яны выконваюцца групай ЛА, і ўсе віды перавернутага палёту).
т. 12, с. 356
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)