ВІНТ,
адзін з найпрасцейшых механізмаў (разам з клінам, рычагом, колам), якія з’яўляюцца асн. элементамі тэхн. канструкцый. Звычайна вінт — цыліндрычнае ці канічнае цела з нарэзкай па вінтавой лініі або прыстасаванне, дзе выкарыстаны ўласцівасці вінтавой паверхні. Асн. характарыстыка вінта — ход (вышыня пад’ёму вінтавой лініі за адзін абарот).
Прынцып вінта адкрыты больш як 800 гадоў да н.э. Упершыню выкарыстаны Архімедам (3 ст. да н.э.) у водападымальнай машыне (гл. Архімедаў вінт). Ідэю паветранага вінта (прапелера) як сродку руху ў паветр. асяроддзі выказаў Леанарда да Вінчы; М.В.Ламаносаў выкарыстаў яго для стварэння цягі ў мадэлі прылады для метэаралагічных даследаванняў (1754). Прынцыпы выкарыстання паветра вінта тэарэтычна абгрунтаваў Д.Бернулі, сучасную тэорыю яго распрацаваў М.Я.Жукоўскі. Практычнае выкарыстанне двух-, трох- і чатырохлопасцевых вінтоў пачалося з развіццём самалёта- і дырыжаблебудавання (з 1903). Ідэю грабнога вінта абгрунтаваў І.Рэсел (1827), які пабудаваў і першы параход з грабным вінтом (1829). Укараненне грабнога вінта прывяло да якасных змен у мараплаўстве і суднабудаванні. Вял. пашырэнне атрымаў вінт для злучэння (гл. Вінтавое злучэнне) або прымусовага перамяшчэння асобных частак машын і механізмаў. Такія вінты падзяляюцца на: мацаваныя (раздымнае злучэнне дэталей), грузавыя (рым-балты і дамкраты), сілавыя (у прэсах), хадавыя (у супартах і сілавых сталах станкоў), мікраметрычныя (у вымяральных прыладах), установачныя (у геадэзічных, лабараторных і інш. прыладах). Паводле характару нарэзкі яны бываюць: правай і левай, трохвугольнай, трапецаідальнай і прамавугольнай разьбы, адна-, двух- і шматзаходныя, саманаразальныя (укручваюцца ў гладкія адтуліны). Вінты для дрэва — шурупы, маюць востры канец і спец. разьбу. Вінт мае і шмат іншых спосабаў выкарыстання (напр., у ветрарухавіках, вентылятарах); укараненне яго садзейнічала прагрэсу многіх галін тэхнікі.
У.М.Сацута.
т. 4, с. 186
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІМЕ́ДАЎ ВІНТ,
водападымальная машына, вынайдзеная Архімедам у 3 ст. да н.э. Уяўляе сабой вал з вінтавой паверхняй, устаноўлены ў нахіленай трубе, ніжні канец якой апушчаны ў ваду. Пры вярчэнні (напр., ад ветравога кола ці інш. рухавіка) вінтавая паверхня вала перамяшчае ваду ўверх па трубе (на вышыню да 3—4 м).
т. 1, с. 526
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАБНЫ́ ВІНТ,
найбольш пашыраны суднавы рухач. Мае насаджаную на грабны вал калодку з лопасцямі, якія размешчаны на аднолькавых вуглавых адлегласцях адна ад адной і арыентаваны пад пэўным вуглом да падоўжнай восі вала. Грабныя вінты бываюць суцэльныя (лопасці адлітыя або адштампаваныя разам з калодкай), са здымнымі або паваротнымі (вінты са зменным ходам) лопасцямі. Вырабляюць з латуні, бронзы, чыгуну, сталі, пластмас.
т. 5, с. 380
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛІКАПТЭ́Р [ад грэч. helix
(helikos) спіраль, вінт + pteron крыло),
устарэлая назва верталёта. Выкарыстоўваецца ў шэрагу замежных краін.
т. 5, с. 140
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАЖЫ́Р
(франц. autogyre ад грэч. autos сам + gyros круг),
вінтакрылы лятальны апарат, цяжэйшы за паветра, папярэднік верталёта. Выкарыстоўвалі аўтажыр для сувязі, разведкі, карэкціроўкі артыл. агню і інш. Вынаходнік аўтажыра — іспанскі інж. Хуан дэ ла Сіерва (1922). У б. СССР будаваліся ў 1929—40.
Пад’ёмная сіла аўтажыра стваралася нясучым вінтом-ротарам, што знаходзіўся на верт. восі і свабодна круціўся ў гарыз. плоскасці пад дзеяннем патоку паветра. Цягу для гарыз. палёту забяспечваў самалётны вінт, аўтажыр не меў патрэбы ў вял. узлётнай (пасадачнай) скорасці і даўжыні разбегу, не зрываўся ў штопар. Выцеснены верталётамі.
т. 2, с. 109
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІМЕ́Д (Archimēdēs; каля 287, Сіракузы — 212 да н.э.), старажытнагрэчаскі вучоны; адзін з заснавальнікаў матэматыкі і механікі. Распрацаваў матэм. метады вызначэння плошчаў паверхняў і аб’ёмаў розных фігур і целаў, на аснове якіх створаны дыферэнцыяльнае і інтэгральнае злічэнні. Вызначыў суму бесканечнай геам. прагрэсіі з назоўнікам ¼ (першы прыклад бесканечнага шэрагу ў матэматыцы); даследаваў уласцівасці архімедавай спіралі, стварыў тэорыю паўправільных выпуклых мнагаграннікаў (целы Архімеда); пабудаваў злічэнне, якое дазваляла запісваць і называць даволі вял. лікі; з вял. дакладнасцю вызначыў лік π і межы яго памылкі:
; даў вызначэнне цэнтра цяжару цела; сфармуляваў Архімеда аксіёму. Архімед заклаў асновы гідрастатыкі і сфармуляваў яе асн. палажэнні (гл. Архімеда закон). Вынайшаў сістэму рычагоў, блокаў, паліспастаў і вінтоў для падымання цяжкіх прадметаў, машыну для абваднення палёў (архімедаў вінт), ваенную кідальную машыну, прыладу для вызначэння бачнага (вуглавога) дыяметра Сонца, мех. мадэль нябеснай сферы, якая дазваляла назіраць рух планет, фазы Месяца, зацьменні Сонца і Месяца, і інш. Архімед быў блізкі да сіракузскага цара Гіерона II, у час вайны супраць Рыма кіраваў абаронай Сіракузаў і быў забіты рымлянамі.
Літ.:
Голин Г.М., Филонович С.Р. Классики физической науки (с древнейших времен до начала XX в.). М., 1989.
т. 1, с. 525
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)