БЛА́ГАЎСКАЯ КЕРА́МІКА,
ганчарныя вырабы з вёсак Благаўка, Новае Вільянава, Літвінавічы Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл. У 19 — пач. 20 ст. тут працавалі каля 200 ганчароў, якія выраблялі чырвонагліняныя непаліваныя, а таксама гартаваныя і чорназадымленыя гаршкі, гладышы, збанкі, цёрлы, вазонніцы, спарышы (парнікі). У 20 ст. пашырылася глазураваная кераміка з палівай зялёнага колеру, адвольныя пацёкі якой прыгожа кантрастуюць з непаліванай паверхняй. Часам на верхнюю частку вырабаў наносіўся выціснуты дэкор у выглядзе 2—3 хвалістых ці роўных паяскоў. Промысел заняпаў у 1970-я г. Калекцыі благаўскай керамікі зберагаюцца ў Нац. музеі гісторыі і культуры Беларусі, у Нац. маст. музеі Беларусі.
Я.М.Сахута.
т. 3, с. 183
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСЕ́Я,
гістарычная воласць, у верхнім цячэнні р. Басі, на стыку сучасных Горацкага і Шклоўскага р-наў Магілёўскай вобласці. Упершыню згадваецца каля 1136 у грамаце смаленскага кн. Расціслава Мсціславіча, які атрымліваў з Басеі даніну ў памеры 15 грыўняў і вызначаў з яе дзесяціну на карысць смаленскага епіскапа. Цэнтр воласці ў 12—13 ст. знаходзіўся, верагодна, у сучасным урочышчы Пагост каля в. Новае Вільянава Шклоўскага р-на. У складзе ВКЛ разам з суседняй Горскай воласцю належала кн. Друцкім. У 1-й пал. 16 ст. адна частка Басеі належала кн. В.Ю.Друцкаму-Талачынскаму, другая — кн. С.Ямантовічу-Падбярэзскаму. Пазней у выніку падзелаў частка Басеі ўвайшла ў Шклоўскае і Капыскае графствы, паўд. ўскраіна — у Магілёўскую эканомію. Астатняя частка ператварылася ў самаст. маёнткі Сялец і Якаўлевічы Аршанскага пав.
В.Л.Насевіч.
т. 2, с. 340
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)