ДАВІ́ЛЬ-СЮР-МЕР (Deauville-sur-Mer),

прыморскі кліматычны курорт у Францыі. На ПдЗ ад г. Гаўр, на беразе праліва Ла-Манш. Развіваецца з 19 ст., адно з найб. папулярных месцаў адпачынку, цэнтр міжнар. турызму. Шматлікія палацы, вілы, атэлі.

т. 5, с. 563

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛА (ад лац. villa сядзіба, маёнтак),

загарадны дом з садам ці паркам. У Стараж. Рыме вілай называлі загараднае памесце для адпачынку і забаў. Маляўніча размешчаныя пабудовы вілы групаваліся вакол адкрытага двара, жылыя памяшканні ўпрыгожвалі мазаікай і размалёўкай. Комплекс вілы іншы раз уключаў будынкі храма, т-ра, каналы, вадаёмы, дэкар. скульптуру (віла імператара Адрыяна ў Тывалі, 2 ст.). У эпоху Адраджэння склаўся тып вілы, які меў восевую кампазіцыю з гал. будынкам у цэнтры, яго лоджыя адкрывалася на тэрасныя сады (віла Мадама, цяпер у Рыме, пачата ў 1517, арх. Рафаэль, А. да Сангала Малодшы, віла «Ратонда» ў Вічэнцы, 1551 — 67, арх. А.​Паладыо). Строгія і зграбныя ансамблі віл эпохі Адраджэння змяніла складаная і мудрагелістая кампазіцыя пышных барочных віл. У 19—20 ст. вілай называюць камфартабельны аднасямейны дом з садам ці паркам у прыгарадзе ці курортнай мясцовасці (віла Савой каля Парыжа, 1929—31, арх. Ле Карбюзье; «Дом над вадаспадам» у Пенсільваніі, 1936, арх. Ф.​Л.​Райт; загарадны дом у Каліфорніі, 1946, арх. Р.​Нёйтра і інш.).

Віла Адрыяна ў Тывалі 125—135 н.э.
Да арт. Віла. Загарадны дом у Каліфорніі. Арх. Р.​Нёйтра. 1946.

т. 4, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГАУ́ДЫ (лац. Bagaudae),

удзельнікі антырым. руху ў Галіі і паўн. Іспаніі ў 3—5 ст. Асн. масу багаудаў складалі збяднелыя сяляне, дробныя рамеснікі, калоны, збеглыя рабы. Выступленні багаудаў пачаліся ў 283—285 (або 269—270). Атрады багаудаў нападалі на вілы буйных землеўладальнікаў і слаба абароненыя гарады. Правадыры багаудаў Аманд і Эліян былі абвешчаны імператарамі. Рух багаудаў падаўляўся рым., потым вестгоцкімі палкаводцамі.

т. 2, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСТА́НЬЁ [Castagno; дакладней Андрэа дэль Кастаньё (Andrea del Castagno; 1417 або 1419, Кастаньё, каля г. Фларэнцыя, Італія — 19.8.1457],

італьянскі жывапісец Ранняга Адраджэння; прадстаўнік фларэнційскай школы жывапісу. Зазнаў уплыў Мазачыо, Данатэла, П.​Учэла. Працаваў пераважна ў Фларэнцыі, таксама ў Венецыі (1442), магчыма, Рыме (1454). Творчасці ўласцівы майстэрскае валоданне малюнкам, энергічная пластычная мадэліроўка форм, напружаная выразнасць поз і ракурсаў, якая часта надае яго творам драм. вастрыню, грубавата-выразная прастата і мужнасць вобразаў: фрэскі ў капэле Сан-Таразіо царквы Сан-Дзакарыя ў Венецыі (1442, з Франчэска да Фаэнцам), «Укрыжаванне з перадстаячымі» ў царкве Санта-Марыя дэльі Анджэлі (каля 1443), «Аплакванне Хрыста», «Тайная вячэра», «Укрыжаванне», «Палажэнне ў труну», «Уваскрэсенне», «Партрэты 9 знакамітых людзей» (Дантэ, Дж.​Бакачыо, Петраркі і інш.; усе паміж 1445—57, цяпер у манастыры Сант-Апалонія, пераўтвораным у музей К.) у Фларэнцыі, «Вядомыя людзі» (каля 1450—51, з вілы Кардучы ў Леньяйі), партрэт мужчыны (каля 1455) і інш.

Андрэа дэль Кастаньё Сівіла Кумская. Фрэска цыкла «Вядомыя людзі» з вілы Кардучы ў Леньяйі. Фрагмент. Каля 1450—51.

т. 8, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ЙТАН (Brighton),

горад на Пд Вялікабрытаніі, на беразе праліва Ла-Манш. Засн. ў 1750. З 1782 тут была рэзідэнцыя прынца Уэльскага, пазней караля Георга IV. 143 тыс. ж. (1989). Прам-сць: маш.-буд. (у т. л. эл.-тэхн.), харч., мэблевая, паліграф., швейная, фармацэўтычная. Ун-т. Прыморскі кліматычны курорт. Мяккі, умерана вільготны клімат спрыяльны для лячэння органаў дыхання, руху і апоры, расстройстваў нерв. сістэмы. Шматлікія санаторыі, атэлі, вілы, палацы. Арх. помнікі 18 — пач. 19 ст., у т. л. Каралеўскі павільён (1811).

т. 3, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГІ́Я-ТРЫЯ́ДА (Hagia Triada),

паселішча неаліту і бронзавага веку каля в. Агія-Трыяда на в-ве Крыт, адзін з цэнтраў крыта-мікенскай культуры. Захаваліся рэшткі палаца («царскай вілы»), пабудаванага мінойцамі каля 1600 да н.э. Складаўся з жылых і інш. памяшканняў, упрыгожаных фрэскамі, ванных пакояў, тэрас. Выяўлены культавае памяшканне з алтаром і ахвярныя рэчы (статуэткі, посуд і інш.), керамічны саркафаг з выявамі сцэн пахавальнага рытуалу. Заняпад Агія-Трыяды звязаны з нашэсцем ахейцаў (сярэдзіна 15 ст. да н.э.).

Да арт. Агія-Трыяда. Ваза з палаца. Каля 1500 да н.э.

т. 1, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОХ ((Koch) Іозеф Антон) (27.7.1768, Эльбігенальп, Аўстрыя — 12.1.1839),

аўстрыйскі жывапісец і афартыст. Вучыўся ў г. Штутгарт (Германія; 1785—91). З 1795 працаваў у Рыме (у 1812—15 у Вене). Пісаў жывыя, напоўненыя экспрэсіяй пейзажы ў духу класіцызму. Значна паўплываў на развіццё пейзажнага жывапісу ў Германіі. Больш познім творам уласцівы рысы рамантызму. Сярод работ: «Ахвярапрынашэнне Ноя» (1813), «Бернскі Оберланд» (1815), «Вадаспад у Шмадрыбаху» (1821—22), «Пейзаж з Макбетам і вядзьмаркамі» (1829). Аўтар фрэсак для адной з залаў вілы Масімі ў Рыме (1827—29), ілюстрацый да «Боскай камедыі» Дантэ і інш.

І.Кох. Вадаспад у Шмадрыбаху. 1821—22.

т. 8, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВЕРЧЫ́НА, Гуэрчына

[Guercino; сапр. Барб’еры (Barbieri) Джавані Франчэска; хрышчаны 8.12.1591, г. Чэнта, Італія — 22.12.1666],

італьянскі жывапісец балонскай школы жывапісу. Вучыўся ў г. Чэнта. Зазнаў уплыў Л.​Карачы, М.Караваджа, венецыянскіх мастакоў, Г.Рэні. У сваіх творах спалучаў характэрныя для караваджызму жыццёвасць з драматычнай эмацыянальнасцю вобразаў, кантрасты святлаценю з кампазіцыйнай дынамікай, пышным дэкаратывізмам з барочнымі і ілюзійнымі эфектамі (фрэскі ў казіно вілы Лудавізі ў Рыме, 1621; «Пахаванне св. Петранілы», 1621; «Узнясенне мадонны», 1623, «Іакаў атрымлівае адзенне Іосіфа», каля 1625, і інш.). З канца 1620-х г. стаў на шлях акадэмізму.

Літ.:

Grimaldi N. Guercino. Bologna, 1968.

Гверчына. Іакаў атрымлівае адзенне Іосіфа. Каля 1625.

т. 5, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВУХХВО́СТКІ, вілахвосткі (Diplura),

атрад насякомых падкл. першаснабяскрылых. 3 сям.: кампадэіды (Campodeidae), япігіды (Japyeidae), праяпігіды (Projapygidae). 40 родаў, 600 відаў. Пашыраны пераважка ў трапічных і субтрапічных абласцях. Жывуць у глебе, лясным подсціле, мурашніках, гнілой драўніне, пал камянямі. На Беларусі найб. вядомыя кампадэя стафілінападобная (Campodea staphylinus) і клешчахвост звычайны (Catajapyx confusus).

Цела даўж. 2—8 мм, зрэдку да 50 мм, прадаўгаватае, малочна-белае, жаўтаватае, густа ўкрытае валаскамі. Галава круглаватая з доўгімі шматчленікавымі антэнамі; ротавыя часткі грызучыя. 3 пары ног. На заднім канцы цела парныя, як вілы, адросткі (адсюль назва). Пераважна драпежнікі (жывяцца дробнымі членістаногімі). Развіццё без пераўтварэння, лічынкі і дарослыя шмат разоў ліняюць.

т. 6, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́ВАД,

традыцыйная рыбалоўная снасць. Вядома са стараж. часоў у беларусаў, рускіх і інш. народаў. Складаецца з сеткавага мяшка (куля) і двух прывязаных да яго сеткавых палотнішчаў (крылаў). Па супрацьлеглых баках кожнага працягвалі вяроўкі (цяцівы). Верхняя вяроўка аснашчалася паплаўкамі, ніжняя — грузіламі. Па канцах крылаў мацавалі тоўстыя палкі (клячы, кабылы), каб у час руху яны не скручваліся, з абодвух канцоў да іх прывязвалі вяроўкі (вілы), якія пры нацягванні ўтваралі з палкамі трохвугольнікі. Па сярэдзіне віл прымацоўвалі другія вяроўкі (кадолы), за якія цягнулі Н. У залежнасці ад памераў і спосабаў лоўлі вылучалі зімовыя Н., летнія, мутнікі і брэдні. Пашыраны па ўсёй Беларусі.

І.​М.​Браім.

Невад.

т. 11, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)