ВІ́ЛАНД ((Wieland) Генрых) (4.6.1877, г. Пфорцгайм, Германія — 5.8.1957),

нямецкі хімік-арганік і біяхімік. Д-р філасофіі (1901), праф. (1909). Замежны чл.-кар. АН СССР (1929). Вучыўся ў Мюнхенскім і Берлінскім ун-тах, Вышэйшай тэхн. школе ў Штутгарце. У 1899—1917 і 1925—52 у Мюнхенскім ун-це, у 1917—18 у Ін-це хіміі ў Берліне, у 1921—25 у Фрэйбургскім ун-це. Навук. працы па хіміі гармонаў, стэроідаў, алкалоідаў, жоўцевых кіслот і інш. Прапанаваў тэорыю дэгідрыравання, што растлумачыла механізм акісляльных рэакцый, у т. л. працэс біял. акіслення. Нобелеўская прэмія 1927.

Г.Віланд.

т. 4, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛАНД ((Wieland) Крыштаф Марцін) (5.9.1733, Обергольцгайм, каля г. Біберах-ан-дэр-Рыс, Германія — 20.1.1813),

нямецкі пісьменнік-асветнік. Вучыўся ў Цюбінгенскім ун-це. Яго раннія творы пазначаны піетызмам і рэліг. роздумам (паэма «Выпрабаванне Аўраама», 1753, і інш.). З 1760-х г. у творчасці ўзмацняюцца сатыр. і вальнадумныя матывы. Раман «Перамога прыроды над летуценнасцю, або Прыгоды дона Сільвіо з Разальвы» (1764) — ням. аналаг «Дон Кіхота» М.​Сервантэса. Аўтар сатыр.-дыдактычнага рамана «Залатое люстэрка...» (т. 1—4, 1772), антыклерыкальнага «Агафадэман» (1796—97), вершаваных «Камічных навел» (1765), серыі дыялогаў «Новыя гутаркі багоў» (1789—93; наследаванне Лукіяну). «Гісторыя Агатона» (1766—67) — адзін з першых ням. «раманаў выхавання». Вяршыня сатыры — раман «Гісторыя абдэрытаў» (т. 1—2, 1774), у якім горад-дзяржава Абдэра паўстае як сімвал тыраніі, глупства і мяшчанства. Другі бок творчасці Віланда — паэмы на сюжэты з еўрап. і ўсх. казак, куртуазных раманаў у стылі ракако: «Ідрыс і Зеніда» (1768), «Зімовая казка» (1776) і інш. Яго фантастычная паэма «Аберон» (1780) — адзін з найлепшых паэт. твораў 18 ст. Віланд садзейнічаў папулярнасці жанру нар. і літ. казкі (зб-кі «Апавяданні і казкі», 1776—80; «Джыністан...», 1786—89). Пераклаў на ням. мову поўныя зборы твораў У.​Шэкспіра (т. 1—8, 1762—66) і Лукіяна (1788—89).

Тв.:

Рус. пер. — История абдеритов. М., 1978.

Літ.:

Пуришев Б.И. Виланд // История немецкой литературы. М., 1963. Т. 2;

Вебер П. Х.​М.​Виланд и «воспитательный роман» // История немецкой литературы: Пер. с нем. М., 1985. Т. 1.

Г.​В.​Сініла.

т. 4, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Віланд К. М. 3/442; 11/386

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АКІСЛЕ́ННЕ БІЯЛАГІ́ЧНАЕ,

біяхімічны працэс, сукупнасць акісляльна-аднаўляльных рэакцый. Адбываецца ва ўсіх жывых клетках (пераважна ў мітахондрыях), складае аснову тканкавага дыхання і браджэння. Асн. функцыя акіслення біялагічнага — забеспячэнне арганізма энергіяй, якая паступова вызваляецца з арган. рэчываў пры перадачы аднаўляльных эквівалентаў (АЭ) — пратонаў і электронаў (ці толькі электронаў) ад донара да акцэптара (з прычыны рознасці іх акісляльна-аднаўляльных патэнцыялаў) і назапашваецца пераважна ў форме багатых энергіяй сувязяў адэназінтрыфосфарнай кіслаты (АТФ) і інш. макраэргічных злучэнняў. У аэробаў (большасць жывёл і раслін, многія мікраарганізмы) канчатковы акцэптар АЭ — кісларод. Пастаўшчыкі АЭ — арган. і неарган. рэчывы. Найб. значэнне мае акісленне біялагічнае, якое адбываецца пры гліколізе, акісленні α-кетаглутаравай к-ты і пры пераносе АЭ у ланцугу акісляльных (дыхальных) ферментаў (гл. Акісляльнае фасфарыліраванне). У разліку на 1 малекулу глюкозы гліколіз дае 2, акісляльнае фасфарыліраванне ў дыхальным ланцугу — 34 малекулы АТФ. У працэсе дыхання адбываецца паслядоўнае многаступеньчатае акісленне вугляводаў, тлушчаў і бялкоў, што прыводзіць да аднаўлення асн. пастаўшчыкоў АЭ для дыхальнага ланцуга, якое ў значнай ступені ажыццяўляецца ў трыкарбонавых кіслот цыкле. Мяркуюць, што гліколіз, цыкл трыкарбонавых кіслот і дыхальны ланцуг функцыянуюць у клетках усіх эўкарыётаў. Рэакцыі акіслення біялагічнага ў клетках каталізуюць аксідарэдуктазы. Акісляльныя рэакцыі, аднак, не заўсёды суправаджаюцца назапашваннем энергіі. Яны таксама нясуць функцыі пераўтварэння рэчываў (напр., пры ўтварэнні жоўцевых к-т, стэроідных гармонаў, на шляхах метабалізму амінакіслот і інш.). Акісленнем абясшкоджваюцца многія чужародныя і таксічныя для арганізма рэчывы (араматычныя злучэнні, недаакісленыя прадукты дыхання і інш.). Такое акісленне біялагічнае наз. свабодным акісленнем і суправаджаецца ўтварэннем цяпла. Мяркуюць, што сістэма пераносу электронаў, якая ажыццяўляе акісляльнае фасфарыліраванне, здольная пераключацца на свабоднае акісленне пры павелічэнні патрэбнасці ў цяпле.

Вывучэнне працэсаў акіслення ў арганізме пачалося ў 18 ст. з прац А.​Лавуазье. Вял. заслуга ў даследаванні акіслення біялагічнага належыць У.І.Паладзіну (разглядаў акісленне біялагічнае як ферментацыйны працэс). Значны ўклад зрабілі таксама сав. вучоныя А.​М.​Бах, У.​А.​Энгельгарт, У.​А.​Беліцэр, С.​Я.​Севярын, У.​П.​Скулачоў, ням. О.​Варбург, Г.​Віланд, англ. Д.​Кейлін, Х.​Крэбс, П.​Мітчэл, амер. Д.​Грын, А.​Ленінджэр, Б.​Чанс, Э.​Рэкер і інш. (лакалізацыя акіслення біялагічнага ў клетцы, сувязь з інш. працэсамі абмену рэчываў, механізмы ферментацыйных акісляльна-аднаўляльных рэакцый, акумуляцыя і пераўтварэнне энергіі і інш.). Гл. таксама Біяэнергетыка.

На Беларусі розныя аспекты акіслення біялагічнага вывучаюць у ін-тах біяарганічнай хіміі, фотабіялогіі, фізіялогіі, біяхіміі (Гродна) АН, БДУ.

Літ.:

Кривобокова С.С. Биологическое окисление: Ист. очерк М., 1971;

Ленинджер А. Основы биохимии: Пер. с англ. Т. 1—3. М., 1985;

Строев Е.А. Биологическая химия. М., 1986;

Березов Т.Т., Коровкин Б.Ф. Биологическая химия. 2 изд. М., 1990.

М.​М.​Філімонаў.

т. 1, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)