МІХАІ́Л (у свеце Галубовіч; 1800, Літоўская губ. — 18.3.1881),

уніяцкі, потым правасл. царк. дзеяч. Д-р багаслоўя і царк. права. Скончыў Віленскую гал. семінарыю. З 1828 выкладаў у Літ. духоўнай семінарыі ў Жыровічах, потым служыў у Літ. уніяцкай духоўнай кансісторыі, быў архімандрытам Быценскага кляштара базыльян. На Полацкім царкоўным саборы 1839 разам з інш. вышэйшым духавенствам падпісаў Саборны акт пра скасаванне Брэсцкай уніі 1596 і далучэнне уніяцкай царквы да праваслаўя. З 1839 вікарны епіскап пінскі (з 1840 наз. брэсцкі), з 1848 епіскап, у 1853—68 архіепіскап мінскі. Аўтар перакладу на польск. мову правасл. катэхізіса для б. уніяцкіх святароў, якія не ведалі або дрэнна ведалі рус. мову.

Літ.:

Кісялёў Г. Дыярыуш Міхала Галубовіча // Голас Радзімы. 1998. 29 кастр., 5 лістап.

А.​М.​Філатава.

т. 10, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЛХІСЕДЭ́К (у свеце Паеўскі Міхаіл Львовіч; вер. 1878, с. Вітулін Люблінскага ваяв., Польшча — 17.5.1931),

бел. праваслаўны царкоўны дзеяч. Скончыў Казанскую духоўную акадэмію (1904). Выкладаў у Магілёўскай духоўнай семінарыі (1904—05). Настаяцель Магілёўскага Богаяўленскага манастыра (1905—07) і інш. манастыроў. З 1914 епіскап таўрычаскі, архіепіскап астраханскі. З 1919 вікарны епіскап слуцкі, епіскап мінскі і тураўскі. З ліп. 1922 мітрапаліт мінскі і беларускі.

Выступаў супраць абнаўленцаў, якія стварылі Беларускую аўтаномную праваслаўную царкву, прыхільнік абвяшчэння Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. У 1925 прыгавораны да 3 гадоў зняволення ўмоўна па абвінавачванні ў «раскраданні царк. маёмасці» і «контррэв. прапагандзе». У тым жа годзе пасля арышту ў Маскве сасланы ў Краснаярскі край. З 1927 архіепіскап краснаярскі. З 1930 у Маскве, абраны ў Сінод Рус. правасл. царквы. Раптоўна памёр у Дарагамілаўскім саборы.

Літ.:

Процька Т. Пакутнік за веру і бацькаўшчыну. Мн., 1996;

Шэйкін Г. Мінская епархія // Беларускі праваслаўны каляндар, 1997. Мн., 1996.

Т.​С.​Процька.

т. 10, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНЦЕЛЯЙМО́Н (свецкае Ражноўскі Павел Стафанавіч; 21.10.1867, г. Кастрама, Расія —30.12.1950),

мітрапаліт, царк. дзеяч Беларусі. Скончыў духоўныя курсы пры Казанскай духоўнай акадэміі. У 1897 прыняў манаства. Настаяцель Маркава манастыра ў Віцебску (1906—13), вікарны епіскап дзвінскі (1913—20), епіскап пінскі (1920—22). З-за нязгоды з царк. палітыкай польскіх улад, пазбаўлены кафедры і знаходзіўся пад наглядам у розных манастырах Польшчы. У 1939—40 патрыяршы экзарх Заходніх Беларусі і Украіны, у 1940—41 архіепіскап гродзенскі. У 1941—44 ва ўмовах ням.-фаш. акупацыі мітрапаліт мінскі і ўсяе Беларусі. У ліп. 1944 эмігрыраваў у Германію. У 1946 разам з большасцю бел. епіскапаў, якія эмігрыравалі, перайшоў пад юрысдыкцыю Рус. праваслаўнай царквы ў замежжы. Пахаваны на могілках у прыгарадзе Мюнхена. У 1987 перапахаваны на рус. гіст. могілках каля г. Вісбадэн.

Літ.:

Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны. Мн.;

Мюнхен, 1999.

Г.​М.​Шэйкін.

т. 12, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)