Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Візантыйскае права 3/74
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЗАНТЫ́ЙСКАЕ ПРА́ВА,
прававая сістэма Візантыі 6—15 ст. Яго асновай былі кадыфікацыя Юстыніяна, выкладзеная ў зборніках пад назвай «Намаканоны», і рымскае права, якое дастасоўвала рабаўладальніцкае права да феад. адносін. Гэта дастасаванне адбылося пад уплывам звычаёвага права народаў, што засялілі імперыю, у т. л. славян. На сямейнае і спадчыннае права паўплывала і хрысц. рэлігія. Некаторыя нормы Візантыйскага права пераняты «Рускай праўдай», Статутамі Вял. княства Літоўскага 1529, 1566, 1588, Улажэннем Аляксея Міхайлавіча 1649 і інш. На тэр. Расіі і Беларусі былі пашыраны зборнікі Візантыйскага права Эклога, Земляробчы закон, Прахірон і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРМЯ́НСКАЕ ПІСЬМО́,
алфавітная сістэма, створаная каля 406 арм. епіскапам Месропам Маштоцам. Узнікненне армянскага пісьма было выклікана распаўсюджаннем хрысціянства (прынята армянамі ў 301) і неабходнасцю мець богаслужэбную л-ру на арм. мове. Армянскае пісьмо мае фанематычны характар. Першапачаткова алфавіт складаўся з 36 знакаў (кожны абазначаў асобную фанему), у 12 ст. дапоўнена 2 новымі літарамі. У такім складзе выкарыстоўваецца для перадачы сучаснай арм. мовы. Да пераходу на арабскія лічбы літары мелі і лічбавае значэнне. Кірунак пісьма злева направа, літарныя знакі запісваліся асобна. У якасці вытокаў армянскага пісьма разглядаецца грэч.-візантыйскае, сірыйскае і арамейскае пісьмо, аднак адназначнага рашэння гэтае спрэчнае пытанне не знайшло.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́ЧАСКАЕ ПІСЬМО́,
алфавітная сістэма, якая ўзыходзіць да фінікійскага пісьма. Верагодна ўзнікла ў 9—8 ст. да н.э. У грэчаскім пісьме, акрамя літар, якія абазначаюць зычныя, былі ўведзены самаст. літары для перадачы галосных гукаў, што было новым этапам у развіцці пісьменства. Класічны агульнагрэч. алфавіт склаўся ў 5—4 ст. да н.э. Напрамак пісьма — злева направа. Кожная літара мела і лічбавае значэнне. Знакі «стыгма», «копа» і «сампі» выкарыстоўваліся толькі для абазначэння лічбаў і пазней выйшлі з ужытку. Новагрэч. алфавіт мае 24 літары.
Алфавітнае грэчаскае пісьмо падзялялася на 2 галіны: усх.-грэч. і зах.-грэч. пісьмо. Усх.-грэч. развілося ў класічнае стараж.-грэч. і візантыйскае пісьмо, стала асновай копцкага, гоцкага, слав. кірылічнага (гл.Кірыліца), а магчыма, армянскага і часткова груз. пісьма (гл. адпаведныя арт.). Зах.-грэч. пісьмо было зыходным для этрускага, стараж.-герм. рунічнага і лацінскага пісьма. Найб.стараж. помнікі грэчаскага пісьма датуюцца 8—7 ст. да н.э. Грэчаскае пісьмо прадстаўлена некалькімі тыпамі: манум. пісьмо на цвёрдых прадметах — камені, метале, кераміцы (з 8 ст. да н.э.); уніцыяльнае — на папірусе (з 4 ст. да н.э.), на пергаменце (з 2 ст. да н.э.); курсіўнае (з 3 ст. да н.э.). У 13 ст. развіваецца малодшы мінускул (гл.Мінускульнае пісьмо), які паслужыў узорам для першага грэч. друкарскага шрыфту (15 ст.). Сучасныя друкаваныя грэч. літары створаны ў 17 ст.
Літ.:
Павленко Н.А. История письма. 2 изд. Мн., 1987;
Guarducci M. Epigrafia greca. Vol. 1—2. Roma, [1967—69].