КАРЫ́ДА (ісп. corrida de toros літар. бег быкоў),

бой быкоў, нац. ісп. відовішча. Вядома са старажытнасці, звязана з тагачасным культам быка. З пач. 18 ст. — традыц. цыркавое відовішча ў Іспаніі, Партугаліі, Паўд. Францыі і краінах Лац. Амерыкі, якое звычайна наладжваецца ў час свят. Адбываецца на спец. арэне ці абгароджанай пляцоўцы. Кожная К. праходзіць у некалькі этапаў: спачатку тарэра (удзельнікі К.) дражняць быка чырв. плашчамі, потым пікадоры (конныя тарэра) наносяць жывёле лёгкія ўдары доўгімі пікамі, а бандэрыльё раздражняюць яе кароткімі коп’ямі (бандэрыльямі); завяршае К. матадор (гал. фігура К.), які трапным ударам шпагі ў загрывак забівае раз’юшанага быка. У краінах, дзе пашырана К., у яе ёсць шмат праціўнікаў, якія разглядаюць К. як крывавае, небяспечнае для людзей, негуманнае ў адносінах да жывёлы і таму амаральнае відовішча.

т. 8, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТАДО́Р (ісп. matador ад matar забіваць), 1) галоўная асоба ў групе ўдзельнікаў бою быкоў (карыды). На заканчэнне відовішча павінен шпагай забіць быка.

2) Гал. ўдзельнік у якой-н. справе.

3) У некат. картачных гульнях 3 вышэйшыя козыры.

т. 10, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСЦЭНІРО́ЎКА (ад лац. in у, на + сцэна),

1) перапрацоўка апавядальнага (празаічнага ці паэтычнага) твора для сцэны, радыё, тэлебачання. Мае форму п’есы з лагічна пабудаваным дзеяннем. Можа мець самаст. маст. значэнне (напр., «Апантаныя» А.​Камю паводле Ф.​Дастаеўскага «Д’яблы»).

2) Масавае відовішча, якое ўзнаўляе эпізоды гіст. падзей (гл. Масавае дзейства).

т. 7, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПЕКТА́КЛЬ (франц. spectacle ад лац. spectaculum відовішча),

твор сцэнічнага мастацтва, які ствараецца тэатр. калектывам, у сучасным т-ры ўзначальваецца рэжысёрам-пастаноўшчыкам. У С. аб’ядноўваюцца мастацтва драматурга, рэжысёра, акцёраў, мастака, кампазітара і інш. Ідэйная і творчая задума С. вызначаюцца зместам п’есы, асаблівасцямі трупы, духоўнымі і эстэт. запатрабаваннямі гледача. Гл. таксама Акцёрскае мастацтва, Рэжысёрскае мастацтва, Сцэнаграфія, Тэатр.

т. 15, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАДАФЭ́ (партуг. auto-de-fé літар. акт веры),

абвяшчэнне і выкананне прыгавору інквізіцыі — публічнае спаленне на вогнішчы асуджаных за ерась або грахі. Першыя аўтадафэ праведзены ў 13 ст. ў Іспаніі, Партугаліі і іх калоніях. У канцы 15 ст. набылі характар масавага тэатралізаванага рытуальнага відовішча. У Іспаніі на працягу 1481—1808 спалена каля 35 тыс. чал. Апошняе аўтадафэ адбылося ў 1826 у Валенсіі.

т. 2, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДЖАЛІ́НІ (Angiolini) Даменіка Марыа Гаспара (9.2.1731, Фларэнцыя — 5.2.1803),

італьянскі балетмайстар, артыст, лібрэтыст і кампазітар. Адзін з заснавальнікаў дзейснага балета. Падзяляў балетныя жанры на 4 групы: гратэск, камічны, паўхарактарны і высокі. Важнейшае месца ў балеце адводзіў музыцы. На аснове камедый Мальера стварыў новае для муз. т-ра відовішча. Працаваў у Італіі, Германіі, Аўстрыі, у 1766—86 (з перапынкамі) у Пецярбургу і Маскве. Паставіў шэраг балетаў, у т. л. на ўласную музыку.

т. 1, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛАГА́Н (ад перс. балахане верхні пакой, балкон),

1) (уст.) часовая лёгкая пабудова для розных патрэб.

2) У 18 — пач. 20 ст. тэатр. відовішча пераважна камічнага характару на кірмашах, нар. гуляннях. Вядомы ў Расіі з сярэдзіны 18 ст., на Беларусі ў 19 ст. У балагане выступалі ралёшнікі, сілачы, балаганныя дзяды, акрабаты, нар. хары, лялечнікі, штукары; ставіліся фарсы, арлекінады, нар. драмы. Гл. таксама Кірмашовы тэатр.

3) У перан. значэнні — штосьці штукарскае, грубавата-пошлае, несур’ёзнае.

т. 2, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГРУ́НВАЛЬД»,

летні лагер для адпачынку дзяцей. Створаны ў 1990 у пас. «Энергетык» (Дзяржынскі р-н Мінскай вобл.) бацькоўскім к-там беларускамоўных класаў і школ Мінска (з 1996 Т-ва бел. школы) на базе піянерскага лагера «Дружба». Дзейнасць «Грунвальда» накіравана на нац.-патрыят. выхаванне, развіццё грамадскай актыўнасці дзяцей, удасканаленне іх фіз. падрыхтоўкі з выкарыстаннем методыкі скаўтызму. Праводзіць фізкультурна-тэатралізаваныя святы (напр., Грунвальдскае відовішча), спаборніцтвы, мерапрыемствы каляндарна-абрадавага характару, археал. і фальклорна-этнагр. экспедыцыі і інш. Адпачываюць дзеці з Беларусі, а таксама з замежжа.

А.​Ю.​Лозка.

т. 5, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМУІ́Л (?—6.10.1014),

цар [997—1014] Заходне-Балгарскага царства, якое ў 969 вылучылася са складу Першага Балгарскага царства і адстойвала сваю незалежнасць пасля захопу Візантыяй Усх. Балгарыі (971). Нанёс шэраг паражэнняў візантыйцам і вызваліў ад іх б.ч. балг. зямель, далучыў да свайго царства Сербію, значныя часткі Фесаліі і Эпіра. У 1014 пры Бяласіцы пацярпеў паражэнне ад візант. імператара Васілія II Балгарабойцы. Пераможца асляпіў 15 000 балг. палонных і накіраваў іх да С., які не вытрымаў гэтага відовішча і раптоўна памёр. У балг. гіст. традыцыі С. — узор цара-воіна і барацьбіта за незалежнасць.

т. 14, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭА́ТР ЦЕ́НЯЎ,

від тэатр. відовішча, у якім сюжэт раскрываецца пры дапамозе дынамічных кадраў-карцін, спраецыраваных на экране плоскімі фігуркамі (з кардону, скуры або каляровых плёнак), якімі кіруюць артысты з дапамогай палачак ці нітак. Лялькі асвятляюцца ззаду, контражурам — на экране з’яўляецца чорна-белая ці каляровая выява. Т.ц. пашыраны ў народаў Азіі і Б.​Усходу; характэрны зварот да эпасу, фальклору, традыц. захаванне сюжэтаў. Адзін са старэйшых Т.ц. — інданезійскі. Прадстаўленне вядзе адзін чалавек (даланг), які ў суправаджэнні аркестра распавядае пра падзеі, што разгортваюцца на экране. У 1937 створаны Маскоўскі Т.ц.

т. 16, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)