ГО́ЧАР (Gočár) Іосеф

(14.3.1880, Семін, каля Пршэлавуча, Чэхія — 10.9.1945),

чэшскі архітэктар. Вучыўся ў Празе ў Вышэйшай прамысл. (1898—1902) і Мастацка-прамысл. (1902—05) школах у Я.Котэры. З 1923 выкладаў у Пражскай АМ. Эвалюцыяніраваў ад стылю мадэрн да функцыяналізму. Відны прадстаўнік т.зв. чэшскага арх. кубізму з характэрнымі для яго гранёнымі геам. формамі ў афармленні карнізаў, балконаў, завяршэнняў акон і інш. Яго пабудовы (дом «Каля Чорнай Божай маці» ў Празе, 1911—12; яслі, 1924; гімназія, 1924—26; царк. комплекс, 1926—29; усе ў Градзец-Кралаве) вылучаюцца свабодай і мэтазгоднасцю прасторавай кампазіцыі, строгай адточанасцю формаў і прапорцый.

т. 5, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЛО́ (Lalo) Эдуар Віктор Антуан

(27.1.1823, г. Ліль, Францыя — 22.4.1892),

французскі кампазітар, адзін з папярэднікаў імпрэсіянізму ў музыцы. Сын выхадца з Іспаніі. Вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі ў Ф. Хабенека (з 1839, скрыпка), у Ю. Шульгафа (кампазіцыя). Удзельнічаў як альтыст у камерна-інстр. ансамблях. Відны майстар франц. інструментальнай музыкі 2-й пал. 19 ст.: стварыў новы тып канцэрта — «канцэрт-сюіту» (у т.л. «Іспанская сімфонія» для скрыпкі з арк., 1875). Адным з першых сярод франц. кампазітараў звярнуўся да ісп. муз. фальклору. Асн. творы: опера «Кароль горада Іс» (паст. 1888), балет «Намуна» (паст. 1882); сімфонія (1889) і інш. творы для арк.; канцэрты для фп. (1889), 3 для скрыпкі, у т.л. «Рускі канцэрт» (1883), з арк.; камерна-інстр. ансамблі; рамансы, песні і інш.

т. 9, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)