ВЯХА́,

1) шост, тычка, звычайна з пучком травы або галінак на канцы для абазначэння мяжы зямельных участкаў, напрамку ў полі.

2) Вяха плывучая — навігацыйны знак у выглядзе шаста з флажком ці з якой-небудзь фігурай (шар, конус і інш.) пэўнай афарбоўкі, замацаваны на заякараным паплаўку. Выкарыстоўваюць для абазначэння навігацыйных небяспечнасцей, месцаў стаянкі суднаў, правядзення работ і інш. 3) Важны этап у развіцці чаго-небудзь (напр., гісторыі).

т. 4, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІКЕ́Т (франц. piquet літар. калок, вяха),

1) адзін з элементаў вартавой аховы ў арміях шэрагу еўрап. краін, у т. л. ВКЛ, у 18—19 ст. Прызначаўся ў складзе да ўзвода (пяхоты або кавалерыі) у мэтах прадухілення нечаканага нападу праціўніка на размяшчэнне войска, якое адпачывае. Высылаўся ў бок праціўніка на 2—4 км ад сваіх войск; меў паперадзе парных вартавых або аванпост. У выпадку нападу праціўніка выконваў ролю бліжэйшай падтрымкі аванпоста. У рас. арміі ў канцы 19 ст. называліся вартавымі заставамі.

2) Прынятая ў СНД адзінка вымярэння даўжыні чыг. ліній, роўная 100 м.

3) Часам П. называюць дом лясной аховы, будку дарожнай службы і інш. 4) Група дэманстрантаў, забастоўшчыкаў і інш., якія стаяць каля ўрадавых устаноў, пасольстваў і інш. з напісанымі на плакатах паліт. ці эканам. лозунгамі і патрабаваннямі.

т. 12, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАСЛА́ННЕ ДА ЛАТЫ́Н З ІХ ЖА КНІГ»,

«Послание до латын из их же книг», ананімны палемічны твор. Напісаны на старабел. мове не пазней 1582 манахамі Супрасльскага манастыра ў адказ на кнігу П.​Скаргі «Пра еднасць касцёла божага» (1577). Захаваўся ў некалькіх спісах, надрукаваны ў «Рускай гістарычнай бібліятэцы» (т. 19, 1903). Накіраваны супраць каталіцызму і яго прапаведнікаў. Выкарыстаўшы каталіцкія хронікі, творы рым. гісторыка Марцэліна, лац. тэолагаў Грацыяна, Плаціна і інш., аўтар з сарказмам паказаў гісторыю панавання папства, усё, што хаваецца пад маскай святасці. Насуперак Скаргу, які называў пап духоўнымі пастырамі і «намеснікамі бога на зямлі», у «Пасланні...» яны паказаны як хціўцы, рабаўнікі, авантурысты, антыхрысты, якія ў пагоні за раскошай і неабмежаванай уладай ператварылі каталіцкі касцёл у дом распусты. Мова твора максімальна набліжана да гутарковай, з вобразнымі выслоўямі і параўнаннямі. «Пасланне...» — пэўная вяха ў развіцці антыкаталіцкай палемічнай публіцыстыкі. Ідэі твора, матывы і маст.-стылявыя сродкі выкарыстоўвалі ў сваёй творчасці М.​Сматрыцкі, С.​Зізаній, В.​Суражскі, І.​Вішанскі і інш. пісьменнікі-палемісты.

т. 12, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)