ХМЯЛЬНІ́ЦКІ Цімафей (Цімох) Багданавіч (каля 1632—25.9.1653),

удзельнік вызваленчай вайны ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54. Сын Б.Хмяльніцкага. Вясною 1648 быў пакінуты заложнікам у крымскага хана, з якім Б.​Хмяльніцкі вёў перагаворы пра заключэнне саюза супраць Польшчы. З 1648 чыгірынскі сотнік, удзельнічаў у шматлікіх паходах і бітвах (пад Піляўцамі, Зборавам, Берасцечкам, Батагом); у 1650 — у паходзе ў Малдавію з мэтай разарваць яе саюз з Польшчай. У 1652, вясною і летам 1653 узначальваў паходы ў Малдавію. Загінуў у час аблогі валошскімі, венг. і польскімі войскамі занятага ім г. Сучава (Румынія).

т. 17, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́СНА (Bosna),

рака ў Еўропе, у Босніі і Герцагавіне, правы прыток р. Сава. Даўж. 308 км, пл. бас. 10,5 тыс. км². Пачынаецца ў масіве Трэскавіца, цячэ па Дзінарскім нагор’і і Сярэднедунайскай нізіне. Паўнаводная вясною. Сярэдні расход вады 142 мус. На Босне — гарады Добай і Зеніца.

т. 3, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЫЛКАСЫ́МАВА Майрамкан (н. 8.1.1936, калгас «Камсамол» Кемінскага р-на, Кыргызстан),

кіргізская паэтэса. Нар. паэтэса Кыргызстана (1980). Скончыла Кіргізскі жаночы пед. ін-т (1958). Аўтар зб-каў вершаў і паэм «Венера» (1962), «Гэтай вясною шмат кветак» (1965), «Веру ў сэрцы берагу» (1968), «Ты ведаеш мяне, Айчына» (1973), «Невычэрпная песня» (1977), «Рэха юнацтва» (1979) і інш.

т. 1, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРДА́Р (Vardar),

рака ў Македоніі і Грэцыі. Даўж. 388 км, пл. бас. 25,4 тыс. км². Пачынаецца і цячэ пераважна ў гарах Македоніі, нізоўі — на Саланікскай нізіне, упадае ў заліў Тэрмаікос Эгейскага м. Паводкі ў асенне-зімовы перыяд і вясною. Сярэдні расход вады 151 м³/с. Суднаходная. Выкарыстоўваецца пераважна на арашэнне. На Вардары — г. Скоп’е (Македонія).

т. 4, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЧАЛІ́НАЯ СЯМ’Я́,

згуртаванне, калонія, якая складаецца з некалькіх тысяч рабочых пчол, маткі і трутняў (гл. Пчала меданосная). Вясною і ўвосень мае 15—20, летам 60—80 тыс. пчол. У прыродных умовах П.с. жывуць у дуплах дрэў, расколінах і інш., дзе будуюць васковыя соты. У ячэйках сотаў захоўваюцца мёд, пярга, вырошчваюцца лічынкі. Размнажаюцца П.с. раеннем. Зімой пчолы збіраюцца на сотах у шчыльны клубок. Вясною тыя, што зімавалі, гінуць, іх замяняе веснавое пакаленне.

Матка (даўж. да 25 мм) адкладвае яйцы (да 3 тыс. за суткі) 2—3 гады, не мае васковых залоз, не збірае нектар і пылок. Рабочыя пчолы (даўж. да 15 мм) — самкі з недаразвітымі палавымі органамі, не здольныя да спароўвання — выхоўваюць патомства, будуюць соты, збіраюць нектар і пылок, перапрацоўваюць нектар у мёд, пылок у пяргу, ахоўваюць гняздо і інш. Летам жывуць 35—40 дзён, увосень і зімою 6—8 месяцаў. Трутні (даўж. да 17 мм) маюць моцна развітую палавую сістэму, паяўляюцца ў П.с. ў пачатку лета, пасля шлюбнага палёту і апладнення маткі гінуць, астатніх рабочыя пчолы ўвосень выганяюць з гнязда.

Асобіны пчалінай сям’і: 1 — рабочая пчала; 2 — матка; 3 — труцень.

т. 13, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛА́КА, селядзец балтыйскі (Clupea harengus membras),

рыба сям. селядцовых, падвід селядца атлантычнага. Пашырана ў Балтыйскім м., асабліва ва ўсх. яго частцы і ў некат. прэснаводных азёрах Швецыі. Пелагічная чародная рыба. Утварае 2 экалагічныя групы: адны С. нерастуюць вясною, другія — увосень.

Даўж. да 20 см, маса да 75 г. Хуткарослая форма — С. гіганцкая (стрэмлінг) дасягае даўж. 38 см, з’яўляецца драпежнікам. С. корміцца планктоннымі ракападобнымі. Асн. прамысл. рыба Балт. мора.

Салака.

т. 14, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕ́ВА, Панна (лац. Virgo),

адно з 12 сузор’яў задыяка. Самая яркая зорка — Спіка (L Дз., 1-й візуальнай зорнай велічыні) разам з 3 менш яркімі зоркамі ўтварае фігуру ромба, бачную простым вокам. У сузор’і 95 зорак ярчэй 6-й зорнай велічыні; выяўлена скопішча (2,5 тыс.) галактык спіральнай структуры, сярод якіх размешчана магутная крыніца радыёвыпрамянення — радыёгалактыка Дз.-А. У Дз. знаходзіцца пункт асенняга раўнадзенства. На тэр. Беларусі сузор’е відаць у канцы зімы і вясною.

Сузор’е Дзева.

т. 6, с. 100

т. 6, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЁЦЯ,

у язычніцкай міфалогіі ўсх. славян багіня дабрабыту і ўрадлівасці. У каляндарным цыкле беларусаў яе ўладаранне прыпадала на перыяд жніва і да канца збору ўраджаю на палях, агародах і ў садах. Уяўлялі Ц. прыгожай, мажнай жанчынаю з жытнім вянком на галаве, у руках яна трымала бохан хлеба, Садавіну, агародніну, якімі адорвала кожнага стрэчнага. Была сімвалам дабраты і шчодрасці. Галоднай зімою ці вясною селянін гаварыў: «Голад не Цёця, падапрэ — лыка з’ясі». Верагодна, гэты выраз ператварыўся ў прымаўку «голад — не цётка».

І.​Л.​Хаўратовіч.

т. 17, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКО́ЛА,

старадаўняе каляндарна-абрадавае свята ў беларусаў і інш. слав. народаў у гонар апекуна земляробства і нар. заступніка св. Міколы. Вытокі свята, якое спалучыла элементы язычніцкай персаніфікацыі дабрадзейных сіл прыроды з прынцыпамі хрысціянства, у шанаванні культу Вялеса. Адзначалі 2 разы ў год — вясною (9 мая с. ст.) і зімою (6 снежня с. ст.). Да веснавога М. заканчвалася сяўба, упершыню пасля зімы выводзілі коней на начлег, спраўлялі магічныя абрады, якія мелі ахоўны сэнс, пачыналі стрыгчы авечак; пасля М. забаранялася пасвіць статак на сенажацях. Да зімовага М. заканчвалася малацьба.

т. 10, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗВІ́НСКАЯ ВАЕ́ННАЯ АКРУ́ГА,

ваенна-тэр. адзінка ў Расіі ў час 1-й сусв. вайны. Створана ў ліп. 1914 замест скасаванай Віленскай ваен. акругі; тылавы раён Паўн.-Зах., з 1915 — Паўн. франтоў. Тэр. акругі ў выніку ваен. дзеянняў неаднаразова мянялася, у 1917 уключала Віцебскую, Пскоўскую і частку Ліфляндскай губ. Штаб дыслацыраваўся ў Вільні, а пасля яе здачы ў жн. 1915 — у Віцебску. Камандаванне акругі займалася камплектаваннем і размяшчэннем вайск. часцей, нарыхтоўкай усяго неабходнага для дзеючай арміі, эвакуацыяй параненых і цывільнага насельніцтва, загадвала ўсімі ваен. ўстановамі, займалася пытаннямі цэнзуры і контрразведкі і інш. Штаб акругі расфарміраваны вясною 1918.

М.​М.​Смальянінаў.

т. 6, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)