ЛІСІ́ЦЫН (Уладзімір Сяргеевіч) (13.4.1944, канцлагер Флігенорт, Германія — 12.7.1973),
бел. паэт. Дзіцячыя гады правёў у в. Пагосцішча Лёзненскага р-на Віцебскай вобл. Скончыў Лісічанскае горнапрамысл. пед. вучылішча (Украіна, 1965), Бел. тэатр.-маст. ін-т (1970). Працаваў шахцёрам, журналістам, настаўнічаў. Апошнія гады жыў у Джанкоі (Украіна), працаваў дырэктарам Палаца культуры, настаўнікам. Друкаваўся з 1964. Пісаў на рус. і бел. мовах. Зб. «Жураўлінае вясло» (выд. 1974) пра родны край, прыроду, каханне. Паэма «Дзірваны» (1974) пра цяжкі лёс бел. хлопчыка ў вайну. Творам ўласціва філас. заглыбленасць, афарыстычнасць, песеннасць.
Тв.:
У кн: Дзень паэзіі — 1981 Мн.,1981;
Беларусь — мая калыска. Мн., 1990.
т. 9, с. 283
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫКЕ́Т (англ. cricket),
спартыўная камандная гульня з мячом і бітамі. Вядомы з сярэдніх вякоў (Англія). Афіц. спаборніцтвы праводзяцца з 18 ст. Сучасны К. пашыраны ў Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Канадзе, Н. Зеландыі, шэрагу афр. краін; праводзяцца нац. чэмпіянаты, міжнар. сустрэчы. Нагадвае рускую лапту і амерыканскі бейсбол.
У камандах па 11 гульцоў. Гульня вядзецца на травяным полі (80 × 60 м), у сярэдзіне якога ставяцца 2 «брамкі» (выш. 67,5 см, шыр. 20 см) на адлегласці 20 м адна ад адной. Мяч 23 см у дыяметры. масай 170,5 г, біта нагадвае вясло даўж. да 95 см пры шыр. «лопасці» 6,5 см. Мэта гульні — зруйнаваць кідкамі мяча «брамку» каманды саперніка, гульцы якой абараняюць яе, адбіваючы мяч бітамі. Працягласць гульні — некалькі гадзін (па дамоўленасці паміж камандамі).
т. 8, с. 506
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)