ЗВАНЕ́Ц (Rhinanthus),

род кветкавых раслін сям. залознікавых. Каля 50 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях Еўропы, Азіі, Паўн. Амерыкі. На Беларусі 6 відаў: З. летні (Rh. aestivalis), малы (Rh. minor), бяскрылы (Rh. apterus), позні (Rh. serotinus), вясенні (Rh. vernalis), чарнеючы (Rh. nigricans). Растуць на палях, лугах, каля дарог.

Аднагадовыя травяністыя расліны з прамастойным простым ці галінастым сцяблом выш. да 60 см. Лісце сядзячае, супраціўнае, зубчастае, без прылісткаў. Кветкі няправільныя, двухгубыя, з цыліндрычнай трубкай, на кароткіх кветаножках, звычайна жоўтыя, у гронкападобных суквеццях. Плод — 2-створкавая каробачка. Для З. характэрны сезонны дымарфізм. Паўпаразіты — утвараюць прысоскі (гаўсторыі), якімі прысмоктваюцца да каранёў злакаў. Некат. віды (напр., З. летні, З. бяскрылы) — пустазелле, ёсць лекавыя і ядавітыя расліны.

Званец малы.

т. 7, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРБАННЕПЕ́САЎ (Керым) (26.10.1929, аул 1-ы Геок-Тэпе Геок-Тэпінскага р-на, Туркменістан — 1.9.1988),

туркменскі паэт. Нар. пісьменнік Туркменістана (1967). Скончыў Туркменскі ун-т (Ашхабад, 1961). Друкаваўся з 1946. Першы зб. вершаў — «Крыніца маёй сілы» (1951). У кнігах паэзіі «Спаборніцтва» (1972), «Жыццё» (1975), «Вясенні вецер» (1977), «Зямля» (1978), «На паўдарозе» (1979) роздум пра сэнс жыцця, месца мастака ў ім, пра грамадзянскі ідэал. Аўтар зб. літ.-крытычных арт. «Літаратура і жыццё» (1981), эсэ «Летнія запісы» (1986) і інш. Шматлікія яго творы сталі нар. песнямі. Пераклаў на туркм. мову вершы Н.​Гілевіча, П.​Панчанкі, М.​Танка. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі М.​Аўрамчык, Р.​Барадулін, В.​Жуковіч, Х.​Жычка, М.​Маляўка, Ю.​Свірка, М.​Танк, Л.​Філімонава. Дзярж. прэмія Туркменістана імя Махтумкулі 1970.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Мая Туркменія. Мн., 1992;

Рус. пер. — Избр. стихи. М., 1979.

А.​М.​Карлюкевіч.

т. 9, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЎРЫ́ЛКІН (Леанід Іванавіч) (22.5.1935, в. Стэп Добрушскага р-на Гомельскай вобл. — 5.2.1989),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1957). Быў сакратаром Гомельскага аддз. СП БССР (1967—77) і праўлення СП БССР (1979—86), з 1986 працаваў у час. «Вожык». Аўтар зб-каў аповесцей і апавяданняў «Рукі не здрадзяць» (1963), «Прашу звольніць мяне» (1965), «Пакінутая на досвітку» (1970), «Вясенні разліў» (1973), «Урок без перапынку» (1985), «Ружы для каварнай жанчыны» (выд. 1990), зб-каў гумарыстычных апавяданняў «Мадэльер з Баршчоўкі (1980), «Як Клава мужа шукала» (1985), «Жыццё Ігната Валуна» (1989) і інш. Раман «Не магу без цябе» (1973) аб працы і побыце бел. геолагаў, раман «Зямля дзяцей нашых» (1979) пра складаныя праблемы пераўтварэння Палесся, жыццё меліяратараў. Актуальным праблемам вясковага жыцця прысвечаны раман у апавяданнях «Матчына хата» (1983). Працаваў і ў галіне драматургіі: «Бо ў пісанні сказана» (1966), «Выпрабаванне» (паст. ў 1975), «Жыгулі ў экспартным варыянце» (як радыёп’еса, паст. ў 1978), «Хвост паўліна» (паст. на тэлебачанні, 1981). Аўтар сцэнарыя дакумент. фільма пра П.​Броўку «Маўчаць я ніколі не буду» (1980).

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1987.

т. 5, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТВІ́НАВА (Зоя Васілеўна) (н. 27.11. 1938, в. Старое Сяло Веткаўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. мастак манум.-дэкар. мастацтва, жывапісец, графік. Засл. дз. маст. Беларусі (1992). Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1967). Манум. творам характэрна глыбокае разуменне спецыфікі гэтага віду мастацтва і тэхнікі іх выканання. Сярод работ энкаўстыкі «Стары і новы Вільнюс» у кінатэатры «Вільнюс» (1976), «Мая Радзіма» ў Палацы культуры і спорту чыгуначнікаў (1977, абедзве ў Мінску, у сааўт. з С.​Катковай), «Арфей», «Дзень нашага жыцця» ў санаторыі «Беларусь» у г. Місхор (Украіна, 1984), размалёўка капліцы св. Марыі ў г. Хапфагартэна (Аўстрыя, 1997), габелены «Квітней Беларусь» (у сааўт. з С.​Сакаловым, 1979), «У дынамічнай прасторы» (1991), «Дабравешчанне» (1997). Жывапісным творам уласцівы вытанчаныя спалучэнні насычаных колераў і дынамічных рытмаў: «Мая Беларусь» (1972), «Мадонна» (1977), «Цвіценне» (1988), «Аўтапартрэт» (1989), «Крык» (1993), «Купальшчыцы» (1997), «Подых веера», «Фауст і Мефістофель» (абедзве 1998). Аўтар шматлікіх акварэляў: «Сустрэча з мінулым» (1972), «Вясенні кліч» (1980), «Блакітная прастора» (1991), «Зімовы стан» (1993), «Знакі руху» (1995), «Афрыканскія кветкі» (1997); малюнкаў. Іл. гл. таксама да арт. Васковы жывапіс.

М.​М.​Паграноўскі.

З.Літвінава. Сустрэча. 1998.

т. 9, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)