РАМБУ́РС (ад франц. rembourser вяртаць затраты) у міжнародным гандлі, аплата купленага тавару пры дапамозе банка; аплата запазычанасці праз трэцюю асобу.
т. 13, с. 300
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРЛАА́М (свецкае імя Шышацкі Рыгор; 1750, в. Красілаўка Чарнігаўскай вобл., Украіна — 1821 ці 1823),
праваслаўны царк. дзеяч. Скончыў Пераяслаўскую духоўную семінарыю і Кіеўскую духоўную акадэмію. У 1776 прыняў манаства, у 1780—95 ігумен і архімандрыт манастыроў у Расіі, на бел. і літ. землях Рэчы Паспалітай. У 1793 памагаў мінскаму архіепіскапу Віктару (Садкоўскаму) вяртаць уніятаў да праваслаўя. З 1805 епіскап, з 1808 архіепіскап магілёўскі і віцебскі. У час вайны 1812 падтрымаў французаў, загадаў служыць набажэнствы за Напалеона. Пасля выгнання акупантаў прыцягнуты да адказнасці па справе аб здрадзе, у 1813 пазбаўлены сану і сасланы простым манахам у Ноўгарад-Северскі і Спаса-Праабражэнскі манастыр.
В.В.Антонаў.
т. 4, с. 9
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАНЕ́НІКІ,
палонныя ў ВКЛ, адзін з відаў чэлядзі нявольнай. Выконвалі паншчыну і інш. работы, жылі пры дварах феадалаў, некат. мелі сваё жыллё і ўчасткі зямлі. Паступова палон як крыніца папаўнення чэлядзі нявольнай страціў сваё значэнне. П. часта выкуплялі і як феадальна-залежных сялян саджалі на зямлю, ператвараючы іх у агароднікаў. Заканадаўства ВКЛ 16 ст. было накіравана на памяншэнне колькасці чэлядзі нявольнай, ператварэнне яе ў сялян, якія займаюцца апрацоўкай зямлі. Статут ВКЛ 1588 адмяняў назву «чэлядь неволная» і ўказваў, што ў далейшым гэта катэгорыя насельніцтва будзе называцца «челедью дворною отчызною материстою купленою або полонениками». Збеглых П., як і інш. чэлядзь, належала шукаць і вяртаць з усёй сям’ёй і маёмасцю феадалу. П. нельга было завяшчаць маёмасць, не падараваўшы ім спачатку волю.
Т.І.Доўнар.
т. 11, с. 536
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЛАПАНЕ́С (Peloponnēsos),
паўвостраў і гіст.-геагр. вобласць на Пд Грэцыі. Злучаны з асн. ч. Балканскага п7ва Карынфскім перашыйкам, прарэзаны Карынфскім каналам. 21,5 тыс. км². Берагі моцна расчлянёны бухтамі і залівамі. Пераважаюць горы (выш. да 2404 м, г. Аяс-Іліяс), у сярэдняй ч. — карставае Аркадскае пласкагор’е. Клімат субтрапічны, міжземнаморскі, ападкаў ад 400 мм на У да 1000 мм на 3 за год, летнія засухі. Міжземнаморскія хмызнякі (маквіс, фрыгана), рэшткі лясоў. На П. — Спарта, Карынф, Патры; руіны Мікенаў, Алімпіі і інш.
У старажытнасці П. насялялі пеласгі, якіх у 2-м тыс. да н.э. выцеснілі ахейцы. Каля 1550 да н.э. на тэр. П. існавала некалькі моцных ахейскіх дзяржаў: Ахая, Эліда, Лаканіка, Аргаліда, Карынфія, Сікіён і Аркадыя. У 1200 да н.э. заваяваны дарыйцамі, якія падпарадкавалі сабе ахейскія абшчыны. Вядучую ролю на п-ве пачала адыгрываць Спарта, якая ў 550 да н.э. ўзначаліла Пелапанескі саюз. У 280 да н.э. стараж-грэч. гарады П. ўтварылі Ахейскі саюз. З 146 да н.э. пад уладай Стараж. Рыма, потым Візантыі. З пач. 8 ст. н.э. атрымаў назву Марэя. У 1204 крыжаносцы засн. тут княства Ахая, тэр. якога з 1261 пачалі вяртаць сабе візантыйцы. У 1283 яны засн. тут дэспатыю Марэя са сталіцай у г. Містра. У 1460 заваяваны туркамі. У 1680—1715 належаў Венецыі. З 1830 у складзе Грэцыі.
т. 12, с. 261
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫВІЛЕ́Й 1447, Казіміраў прывілей,
агульнадзяржаўны заканадаўчы акт ВКЛ, выдадзены вял. кн. Казімірам IV Ягелончыкам у Вільні 2.5.1447. Адзін з асн. дзярж. актаў, які замацаваў шырокія правы баяр ВКЛ у паліт., сац. і эканам. жыцці дзяржавы. Складаецца з 14 артыкулаў. Пацвярджаў асабістую свабоду і недатыкальнасць баяр, гарантаваў, што за правіннасць павінен адказваць толькі сам вінаваты, а не яго жонка, бацька, слуга або інш. баярын. Баярам дазволены выезд за межы дзяржавы «для лепшага набыцця шчасця або ўчынкаў рыцарскіх», але не ў «непрыяцельскую краіну». Пацверджаны прывілеі баярам на маёнткі, выдадзеныя папярэднімі вял. князямі, права на продаж і абмен маёнткаў. П. гарантаваў баярам, што іх маёнткі не будуць канфіскаваны, а пасля смерці баярына яго сыны і дочкі «ад сваёй вотчыны не маюць аддалены быць». У П. зафіксаваны дагавор вял. князя з феадаламі, што ён, як і яны, не будзе прымаць у свае маёнткі збеглых сялян, а вяртаць уцекачоў назад да свайго пана. Адным з гал. палажэнняў П. была перадача вял. князем свайго права судзіць сялян і інш. падданых самім баярам (права судовага імунітэту). З гэтага часу феадал станавіўся адзіным суддзёю сваіх падданых, што вяло да яшчэ большай іх залежнасці і ўрэшце дало магчымасць іх запрыгоніць. П. гарантаваў баярам, што землі і дзярж. пасады ў ВКЛ будуць атрымліваць толькі ўраджэнцы ВКЛ. Такім чынам, П. забараняў пранікненне польскай шляхты ў ВКЛ. Вял. князь таксама ўрачыста абяцаў бараніць незалежнасць дзяржавы і яе тэр. цэласнасць. Напісаны на лац. мове. Меў вял. значэнне ў далейшым юрыд. афармленні правоў феадалаў, некаторыя яго нормы ўвайшлі ў Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588.
А.П.Грыцкевіч.
т. 13, с. 58
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)