ВЯРБО́ЎКА (польск. werbować ад ням. werben набіраць),
1) наём людзей на ваен. службу, адзін са спосабаў камплектавання войск. Выкарыстоўвалася са стараж. часоў. Найб. пашырэнне атрымала ў Зах. Еўропе ў 15—18 ст. У шэрагу сучасных замежных краін (ЗША, Вялікабрытанія, ФРГ і інш.), а таксама ў Расіі Узбр. сілы камплектуюцца поўнасцю ці часткова на кантрактнай аснове, г.зн. праз вярбоўку і наёмніцтва.
2) У СССР адзін са спосабаў арганізаванага набору рабочых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РБУНКАШ (венг. verbunkos ад ням. Werbung вярбоўка),
1) венгерскі танец; папярэднік чардаша. Узнік у 2-й пал. 18 ст. У яго аснове — мужчынскі танец вербунк (выконваўся пры вярбоўцы рэкрутаў).
2) Стыль венг.нар. і прафес. музыкі ў канцы 18—19 ст.Муз. асаблівасці звязаны з традыцыяй віртуознага, пераважна цыганскага скрыпічнага выканальніцтва. Вылучаецца эмацыянальнай мелодыкай і рытмічнай разнастайнасцю (узор «Ракацы-марш» невяд. аўтара). Сярод майстроў вербункаша — кампазітары і скрыпачы-віртуозы Я.Біхары, Я.Лавата, А.Чэрмак. Стыль вербункаша ўвасоблены ў творах І.Брамса, Ф.Ліста, Ф.Эркеля, Б.Бартака, З.Кодая і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ШУК ПАЛІТЫ́ЧНЫ,
1) устанаўленне назірання, законны і незаконны збор інфармацыі з дапамогай капіравання і крадзяжу дакументаў, выкарыстання разнастайных тэхн. сродкаў (падслухоўванне, перлюстрацыя карэспандэнцыі, тайны відэазапіс масавых мерапрыемстваў з наступнай ідэнтыфікацыяй удзельнікаў і інш.); кампраметацыя і шантаж паліт. дзеячаў і радавых удзельнікаў апазіц. рухаў, засылка правакатараў і вярбоўка агентаў у асяроддзі праўрадавых, лаяльных ураду, а таксама апазіц. плыней, затрыманне і арышт па паліт. (сапраўдных ці інспіраваных) матывах; выкарыстанне псіхіятрыі з мэтай паліт. рэпрэсій, пазбаўленне волі пад справакаванай або выдуманай маркай у форме ссылкі, турэмнага ці інш. зняволення (уключаючы дамашні арышт) і інш. метады праследавання сапраўднай, магчымай ці ўяўнай апазіцыі ва ўмовах таталітарнай дзяржавы, аўтарытарнага рэжыму (рэжыму асабістай улады), ваенна-паліт. дыктатуры і інш. формаў недэмакр. выкарыстання рэпрэсіўнага апарата дзяржавы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ВАЙСКО́ВАЯ КАМІ́СІЯ (БВК),
орган па фарміраванні бел. часцей у польскім войску ў 1919—21. Утворана 2.8.1919 у Вільні Цэнтр.бел. радай Віленшчыны і Гродзеншчыны паводле дамоўленасці з начальнікам Польскай дзяржавы Ю.Пілсудскім. Яго дэкрэтам ад 22.10.1919 дазвалялася фарміраванне бел. часцей і зацвярджалася БВК у складзе: П.Аляксюк (старшыня), А.Аўсянік, палкоўнікі Г.Канапацкі (камандуючы бел. войскам) і Д.Якубоўскі, штабс-капітаны Ф.Кушаль і А.Якубецкі, Ю.Мурашка, А.Прушынскі (А.Гарун), С.Рак-Міхайлоўскі. Камандаванне бел. войска падпарадкоўвалася непасрэдна польскай ваен. адміністрацыі. Сфарміраваныя часці меркавалася накіраваць на польска-савецкі фронт. У ліст. 1919 БВК пераехала ў Мінск. Падтрымлівала сувязь з Найвышэйшай радай БНР. Падзялялася на падкамісіі: вярбовачна-агітацыйную (узначальваў Аляксюк), кваліфікацыйную (Якубецкі), статутную (Прушынскі), культ.-асветную (Рак-Міхайлоўскі) і інш. У паветах БВК стварала бел. вярбовачныя бюро, сярод насельніцтва распаўсюджвала адозвы з заклікам уступаць у нац. войска. Перакладала на бел. мову польскія вайск. статуты, выдала зб. «Падарунак беларускаму жаўнеру» (1920). Вяла рэгістрацыю добраахвотнікаў (афіцэраў, салдатаў, ваен. чыноўнікаў, урачоў). У сак. 1920 распараджэннем ваен.мін-вавярбоўка і адбор добраахвотнікаў выключаны з кампетэнцыі БВК і перададзены мясц. органам акупац. адміністрацыі, якія байкатавалі гэту справу. Удалося скамплектаваць толькі 1 бел. пяхотную роту. У ліп. 1920 у сувязі з наступленнем Чырв. Арміі БВК фактычна распалася. Адноўлена 3.10.1920 у г. Лодзь (Польшча) у складзе: Якубецкі (Старшыня), Кушаль, Ф.Умястоўскі, Э.Якабіні, Якубоўскі. Накіравала групу афіцэраў на дапамогу ўдзельнікам Слуцкага паўстання 1920. Займалася культ.-асв. працай сярод інтэрніраваных у Польшчы вайскоўцаў-беларусаў. Прапановы аб рээвакуацыі камісіі ў адзін з гарадоў Зах. Беларусі былі адхілены польск. ўладамі. 15.5.1921 скасавана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКРЫ́ПКА (стараслав. скрыпіца ад скрыпець, рыпець),
4-струнны смычковы муз. інструмент. Найб. высокі па тэсітуры сярод скрыпічных інструментаў, да якіх адносяцца таксама альт і віяланчэль. Агульная даўжыня С. каля 600 мм. Яе авальны корпус з выразамі па баках («талія») складаецца з 2 злёгку выпуклых драўляных пласцін — дэк, замацаваных абечкам. Дыяпазон больш за 4 актавы (g—c5). Гук здабываецца смыкам, зрэдку шчыпком (pizzicato); ужываюцца і флажалеты (вылучэнне асобных абертонаў лёгкім дакрананнем пальца ў месцы парцыяльнага падзелу струны). Існуюць прыёмы змены тэмбру. С. мае выразны маляўнічы гук, багатыя тэхн. магчымасці, з’яўляецца асновай сімфанічнага аркестра, многіх відаў камерных ансамбляў, адзін з самых папулярных сольных інструментаў.
Як прафес муз. інструмент выкарыстоўваецца з канца 15 ст. Да гэтага часу ў Польшчы закончыўся працэс фарміравання т.зв. «перадкласічнага» тыпу С. На працягу 15—16 ст. з улікам нар. вопыту па вырабе С. і ўдасканалення іх майстрамі Італіі, Польшчы і Францыі выпрацавана класічная С. У 16—18 ст. у розных краінах Еўропы склаліся буйныя школы майстроў па вырабе С.: Дж.П.Маджыні, А. і Н. Амаці, Дж.Гварнеры дэль Джэзу, А.Страдывары, Дж.Б.Гваданьіні, А.Гальяна ў Італіі; М.Гробліч, Б.Данкварт у Польшчы; Я.Штайнер, сям’я Клоц у Германіі і інш. Канструкцыя С. канчаткова акрэслілася ў творчасці італьян. майстроў. Сярод найб. вядомых майстроў 19 ст.: Ж.Б.Вільём у Францыі, браты Хіл у Вялікабрытаніі, І.А.Батаў у Расіі. У 20 ст. вылучаюцца інструменты рас. скрыпічных майстроў Я.Ф.Вітачака, Г.А.Марозава, Ц.П.Падгорнага, М.М.Фралова, Д.П.Тамашова і інш. У 17—18 ст. склаліся скрыпічныя жанры, у т. л. сольныя саната і канцэрт. Сольнае скрыпічнае выканальніцтва паўплывала на фарміраванне нац. школ: італьян. (А.Вівальдзі, Ф.Джэмініяні, П.Лакатэлі, Дж.Тарціні, Г.Пуньяні), франц. (Ж.Б.Люлі, Ж.М.Леклер, П.Гавінье, Дж.Б.Віёці), польскай (А.Яжэмбскі, Ф.Дураноўскі, Ф.Яневіч), чэшскай (Ф.Бенда, Я.Стаміц, П. і А. Враніцкія), ням (І.Вальтэр, І.Вестгоф), аўстр. (Г.І.Ф.Бібер, К.Дзітэрсдорф). У 19 ст.вял. ролю ў развіцці скрыпічнага выканальніцтва адыграла творчасць італьянца Н.Паганіні. Сярод вядомых рас. скрыпачоў 20 ст. Л.Коган, Д.Ойстрах, В.Клімаў, В.Траццякоў і інш.
На Беларусі (паводле даследаванняў В.Грыгор’ева) ужо ў 14 ст. былі пашыраны 3-струнныя смычковыя інструменты пад назвай «скрыпіца», «скрыпель», настроеныя па квінтах, з многімі прыкметамі С. Першыя ўпамінанні С. ў бел. пісьмовых помніках — найб. раннія ў Еўропе. Сярод бел. майстроў 19 ст. па вырабе С.: Сянкевіч з Рэчыцы, З.Навіцкі з Мінска; у 20 ст. — А.Чайкоў, У.Крайко і інш.Прафес. скрыпічнае выканальніцтва на Беларусі вядома з 18 ст.: Л.Сітанскі (Гродна), Ф.Стамплоўскі (Слонім), Я.Ценціловіч і Мацей з Карэліч (Нясвіж). Сярод бел. скрыпачоў 19 — пач. 20 ст.: І.Дабравольскі, М.Ельскі, К.Кжыжаноўскі, Н.Рубінштэйн, Я.Чыжэўскі, Б.Юзафовіч, у 20 ст. — А.Амітон, С.Асновіч, М.Браценнікаў, А.Бяссмертны, Л.Гарэлік, Ю.Гершовіч, Г.Клачко, А.Крамароў, В.Сарока і інш. Сярод лепшых твораў бел. кампазітараў для С. канцэрты Г.Гарэлавай, П.Падкавырава, Дз.Смольскага, Р.Суруса, санаты А.Багатырова, Э.Тырманд, мініяцюры Л.Абеліёвіча, Г.Вагнера, Я.Глебава, У.Дарохіна, М.Чуркіна і інш. У нар. побыце С. цесна звязана з традыц. земляробчымі і сямейнымі абрадамі, ігрышчамі, вечарынкамі, бяседамі, паказамі нар.т-ра батлейка. С. — адзін з найб. любімых інструментаў беларусаў, пра яе складзены казкі, легенды, загадкі, песні. Выкарыстоўваюцца С. фабрычныя і самаробныя. Нар. тэхніка ігры на С. мае асаблівасці, абумоўленыя спосабам трымання інструмента і вядзення смычка, выкарыстаннем пераважна 3 струн. Сярод скрыпічных майстроў 20 ст.: І.Дударэвіч (г. Баранавічы Брэсцкай вобл.), У.Жукоўскі (в. Пухавічы Мінскай вобл.), В.Шышко (в. Бершты Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл.) і інш.; нар. скрыпачоў — П.Жаканаў (в.Вярбоўка Чавускага р-на Магілёўскай вобл.), В.Малыш (пас. Забіяка Гомельскага р-на), М.Семянчук (в. Гарадзец Столінскага р-на Брэсцкай вобл.), П.Тупіцын (в. Кашаны Крычаўскага р-на Магілёўскай вобл.), М.Тысевіч (в. Аброва Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.), М.Шкадун (в. Глушкавічы Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл.) і інш.
Літ.:
Витачек Е.Ф. Очерки по истории изготовления смычковых инструментов. 2 изд. М 1964;
Ямпольский И. Русское скрипичное искусство. Т. 1. М.; Л., 1951;
Назина И.Д. Белорусские народные музыкальные инструменты: Струнные. Мн., 1982.