хвароба раслін, якая выклікаецца паразітычнымі, паўпаразітычнымі грыбамі з родаў альпідый, пітый, рызактонія і фітапатагеннымі бактэрыямі з роду эрвінія. Пашкоджвае ўсходы буракоў, памідораў, морквы, агуркоў, пшаніцы, капусты, турнэпсу, радыскі, рэпы, сеянцы пладовых і лясных культур, сцёблы і клубні (пры захоўванні) бульбы. Каранёвая шыйка і ніжняя ч. сцябла ў раслін чарнее (адсюль назва), патанчаецца і гніе; хворыя расліны вянуць, жаўцеюць, палягаюць, часта гінуць. Крыніца інфекцыі — глеба, заражанае насенне, расл. рэшткі. Развіццю хваробы спрыяюць залішняе ўвільгатненне, шчыльная пасадка, мех. пашкоджанні расады, дрэнная вентыляцыя ў парніках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЬГО́ТНАСЦЬ ГЛЕ́БЫ,
ступень насычанасці глебы вадой. Вызначаецца ў працэнтах ад масы сухой глебы (вагавая, або ўласна вільготнасць глебы), аб’ёму глебы (аб’ёмная вільготнасць глебы), вільгацяёмістасці глебы, часцей палявой (адносная вільготнасць глебы). Вільготнасць глебы — асн. характарыстыка забяспечанасці раслін вільгаццю. Адрозніваюць вільготнасць завядання (пры якой расліны вянуць) і розныя формы даступнасці вільгаці для раслін, у т. л. даступную, недаступную, прадукцыйную, непрадукцыйную і інш. Вільготнасць глебы залежыць ад грануламетрычнага саставу, асаблівасцей увільгатнення і сезона года. Ва ўмовах Беларусі яна мяняецца ад 10—13% для пясчаных глеб да 100% і больш у тарфяна-балотных; найбольшая ранняй вясной. Лясныя глебы ў параўнанні з палявымі маюць крыху павышаную вільготнасць у верхніх гарызонтах (да глыб. 0,5—1 м) і паніжаную ў глыбінных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРАКО́ВЫЯ ТЛІ,
насякомыя атрада раўнакрылых падатрада сысучых; шкоднікі буракоў і інш.с.-г. раслін. Найб. пашыраны ва ўсіх раёнах буракасеяння 2 віды: бураковая, або бабовая, тля (Afis fabae) і бураковая каранёвая тля (Pemphigus fuscicornus). Псуюць таксама пасевы бобу, бульбы, шпінату, гарбузоў і інш. раслін, асабліва моцна насеннікі буракоў.
Бураковая тля бывае бяскрылая і крылатая, даўж. 2 мм, чорная з шызым адценнем. Да 17 пакаленняў за год. Высмоктвае сокі з раслін, у выніку лісце скручваецца і завядае, расліна адстае ў росце, зніжаецца ўраджай. Зімуе ў стадыі яец. Бураковая каранёвая тля жаўтавата-белая, даўж. да 2,5 мм. Калоніі тлей жывуць на дробных карэньчыках раслін, якія вянуць, а пры недахопе ў глебе вільгаці гінуць. Цукрыстасць цукр. буракоў зніжаецца на 3—5%.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІТАФТАРО́ЗЫ (ад фіта... +грэч. phtoros знішчэнне, пагібель),
хваробы раслін, якія выклікаюцца грыбамі роду фітафтора. Пашкоджваюць расліны шматлікіх сям. паслёнавых, ружакветных, цытрусавых і інш. Праяўляюцца некрозамі, плямамі, гнілямі, язвамі на пашкоджаных надземных і падземных ч. раслін; расліны вянуць, моцна адстаюць у росце і развіцці або гінуць. Заражэнне адбываецца летам (звычайна канідыямі), якія разносяцца ветрам і дажджом. Узбуджальнікі зімуюць у пашкоджаных органах раслін, расл. рэштках, глебе ў выглядзе міцэлію. ааспор, хламідаспор. Пашырэнню Ф. спрыяе вільготнае надвор’е. Пры Ф. бульбы і памідораў (на Беларусі найб. шкаданосныя) лісце, часцей у 2-й пал. лета, пакрываецца буйнымі бурымі плямамі з белым павуціністым налётам канідый грыба на ніжнім баку, потым адмірае. На клубнях і пладах бурыя, шэрыя плямы разрастаюцца і ператвараюцца ў бурую цвёрдую гніль. Найб. устойлівыя да Ф. сарты бульбы: Лошыцкая, Тэмп, Агенчык і інш.Ружовая гніль бульбы праяўляецца ў сховішчах. Пашкоджаныя клубні на разрэзе напачатку ружавеюць, потым чарнеюць; у раслін гніюць карані і каранёвыя шыйкі. Ф. пладовых і дрэвавых культур праяўляюцца некрозамі і ўтварэннем ракавых трэшчын на ствалах і галінках яблыні, грушы, хвоі, гніллю пладоў, лісця і каранёў у яблыні і грушы.