сістэма драўляных вянкоў (гарыз. радоў бярвён, брусоў, плах, дыляў), звязаных у вуглах урубкамі, укладзеных адзін на адзін, што ўтвараюць зруб. Пашырана ў лясных раёнах Еўропы з жал. веку. На Беларусі вядома з 2—3 ст.н.э. ў плямён культур штрыхаванай керамікі і днепра-дзвінскай, з 9 ст. — асн. канструкцыя драўляных будынкаў. На такой аснове будавалі жыллё, гасп. і вытв. пабудовы, абарончыя збудаванні (гародні, тарасы, вежы), грамадскія і культавыя будынкі. Вядомы зрубы прамавугольнай, квадратнай (клеці), 8-граннай (гл.Васьмярык), 6-граннай формаў, пастаяннага або пераменнага па вышыні сячэння, ярусныя (чацвярык на чацверыку, васьмярык на васьмерыку і інш.). Спалучэннем некалькіх зрубаў утвараліся падоўжна-восевая, глыбінна-прасторавая, крыжова-цэнтрычная, жывапісна-асіметрычная і інш. кампазіцыі. Вянковую канструкцыю мелі не толькі зрубы, але і іх завяршэнні (гл. ў арт.Закот, Верх, Шацёр). Цяпер вянковую канструкцыю выкарыстоўваюць пераважна ў традыц.нар. жыллі і гасп. пабудовах.
С.А.Сергачоў.
Да арт.Вянковая канструкцыя. Вянковы двор. Беларускі музей народнай архітэктуры і побыту. Сектар «Цэнтральная Беларусь».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІКА́ЗНЬ,
вёска ў Цяцеркаўскім с/с Браслаўскага р-на Віцебскай вобл., на беразе воз. Іказнь, на аўтадарозе Браслаў—Міёры. Цэнтр калгаса. За 15 км на У ад Браслава, 221 км ад Віцебска, 31 км ад чыг. ст. Міёры. 325 ж., 134 двары (1997).
У гіст. крыніцах вядома з 1499. У розны час належала Сапегам, Пронскім, Страбоўскім, Сіняўскім, Езлавецкім, Лапацінскім, Юндзілам і інш. У пач. 16 ст. пабудавана царква, якая ў сярэдзіне стагоддзя пераабсталявана ў кальвінскі збор. Мястэчка І. згадваецца ў «Хроніцы Еўрапейскай Сарматыі» А.Гваньіні. У 16—18 ст. ў І. існаваў Іказненскі замак. У 1628 у мястэчку каля 600 ж., якія валодалі 126 валокамі зямлі. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка Дзісенскага пав. Мінскай, пазней Віленскай губ. У вайну 1812 спалена французамі. У 1879 у І. 541 ж., касцёл, правасл. царква. З 1921 у складзе Польшчы, мястэчка Перабродскай гміны Браслаўскага пав. У 1931 у І. 480 ж., 96 двароў, пач. школа, млын З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета ў Браслаўскім р-не. З 1970 у Цяцеркаўскім с/с. 268 ж., 88 гаспадарак (1971).
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры: Мікалаеўская царква (1905), касцёл (1912), вянковы двор (1909); помнік археалогіі — замчышча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́СЛАЎСКІ РАЁН,
на ПнЗ Віцебскай вобл. Беларусі. Утвораны 15.1.1940. Пл. 2,2 тыс.км². Нас. 37,1 тыс.чал. (1996), гарадскога 38,4%. Сярэдняя шчыльн. 16,5 чал/км². Цэнтр — г.Браслаў, гар. пасёлкі Відзы і Друя, 667 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 11 сельсаветаў: Ахрэмавіцкі, Далёкаўскі, Друйскі, Дрысвяцкі, Зарацкі, Казянскі, Мяжанскі, Опсаўскі, Плюскі, Слабодкаўскі, Цяцеркаўскі.
Большая ч. раёна занята Браслаўскай градой, на Пд — Дзісенская нізіна (частка Полацкай нізіны). Паверхня ўзгорыстая і раўнінная. Пераважаюць выш. 130—160 м, найвыш. пункт 210 м. Карысныя выкапні: торф, сапрапелі, легкаплаўкія гліны, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-растудз. -6,8 °C, ліп. 17 °C. Ападкаў 554 мм за год. Вегетац. перыяд 184 сут. Найб. рака Зах. Дзвіна і яе прытокі Дзісна (з Дрысвятай) і Друйка. Больш за 200 азёр (каля 10% пл. раёна). Вылучаюць Браслаўскую групу азёр. Пашыраны дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя і тарфяна-балотныя глебы. Пад лясамі 22,8% тэр. раёна (асобныя масівы: Богінскі, Відзаўская лясная дача, Друйская лясная дача і інш.); лясы пераважна хваёвыя, яловыя, бярозавыя. У межах раёна нац. парк Браслаўскія азёры. Помнікі прыроды: дуб-патрыярх у в. Опса, біягрупа лістоўніцы сібірскай каля в. Ахрэмаўцы, Слабодкаўская (озавая) града.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 98,5 тыс.га, з іх асушана 23 тыс.га. На 1.1.1995 у раёне 20 калгасаў і 4 саўгасы. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя, кармавыя культуры, бульбу, агародніну, з тэхнічных — лён. Конегадоўля. Зверагадоўля. Пчалярства. Рыбаводства. Прадпрыемствы харч. (вытв-сць малочных, мясных, рыбных кансерваў; агародніна-сушыльны з-д), лёгкай (ільновалакно, швейныя вырабы), паліўнай (тарфяны брыкет) прам-сці; вытв-сцьбуд. матэрыялаў (піламатэрыялы, цэгла). На тэр. раёна канцавы пункт чыг. Варапаева—Друя; аўтадарогі ад Браслава на Шаркаўшчыну, Друю, Паставы, Даўгаўпілс (Латвія). У раёне 16 сярэдніх, 19 базавых і 11 пач. школ, 2 ПТВ, 31 дашкольная ўстанова, 35 б-к, 41 клуб, 5 бальніц, 2 амбулаторыі, 31 фельчарска-амбулаторны пункт, санаторый «Браслаў», турысцка-экскурсійны комплекс «Браслаўскія азёры». Арх. помнікі: Петрапаўлаўскі касцёл (1929) і царква (1908) у в. Дрысвяты; вадзяны млын канца 18 — 1-й пал. 19 ст. ў в. Зарачча; вянковы двор (1909) і Мікалаеўская царква (1905) у в Іказнь; царква пач. 20 ст. ў в. Кірыліна; Пакроўская царква пач. 20 ст. ў в. Мінкавічы, касцёл маці Божай Анёльскай пач. 20 ст. ў в. Мяжаны; касцёл пач. 20 ст. і сядзіба (1904) у в. Опса; касцёл пач. 20 ст. ў в. Плюсы; касцёл Сэрца Ісуса (1903) у в. Слабодка. Выдаецца газ. «Браслаўская звязда».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПААЗЕ́Р’Е, Падзвінне,
гісторыка-этнаграфічны рэгіён Беларусі. Займае большую ч. Віцебскай вобл. На ПдУ па дняпроўска-дзвінскім водападзеле мяжуе з Падняпроўем, на Пд і ПдЗ па ўмоўнай лініі на Пн ад Барысава і Лагойска праз Паставы — з Цэнтральнай Беларуссю і Панямоннем. Як гіст.-этнагр. рэгіён адпавядае асн. масіву стараж. Полацкай зямлі (полацкія крывічы). У складзе Кіеўскай Русі Полацкая зямля была найб. самастойнай з уласцівымі ёй векавымі традыцыямі грамадска-паліт. ладу і арыгінальнай культурай. У 11 ст. тут было каля 10 буйных удзельна-валасных і эканам. цэнтраў (Полацк, Віцебск, Друцк, Лукомль, Браслаў і інш.; гл.Полацкае княства). Для П. разам з часткай Падняпроўя на працягу сярэднявечча і да 2-й пал. 19 ст. захавалася этнагр. назва Белая Русь, якая паступова пашырылася на ўсю сучасную тэр. Беларусі. З утварэннем Рэчы Паспалітай (1569) пашырылася каталіцтва, павялічыліся землеўладанні езуітаў. Ратуючыся ад рэліг. ганенняў і сац. ўціску, сюды перасялілася ч.рус. старавераў. У выніку Лівонскай вайны 1558—83, вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, Паўночнай вайны 1700—21 мясц. эканоміка і культура панеслі вял. страты, адбыліся істотныя змены ў геагр. размяшчэнні і этнасац. структуры насельніцтва, якое скарацілася ў некалькі разоў. У выніку падзелаў Рэчы Паспалітай (1772 і 1793) П. далучана да Расіі і ўваходзіла ў склад Полацкай, з 1796 — Беларускай, з 1802 — Віцебскай губ.; зах.ч. ўваходзіла ў Віленскую губ. Пасля 1917 і ўтварэння БССРусх. П. ў складзе БССР; зах. (левабярэжная) ч. П. ўз’яднана з БССР у 1939.
Традыц.-быт. культура складвалася на працягу стагоддзяў, адлюстроўваючы як агульнабел. рысы, так і спецыфіку мясц.гіст. і прыродных умоў. Нар.вытв. практыка выпрацавала свой гадавы каляндар, своеасаблівыя спосабы апрацоўкі глебы, догляду пасеваў, уборкі ўраджаю і інш. з улікам мясц. прыродных умоў. Палі апрацоўвалі з дапамогай мясц. варыянта сахі з перакладной паліцай, архаічнай бараны-сукаваткі (смыка); на сугліністых глебах выкарыстоўвалі круглую калоду з зубамі, матыку ці чакуху для здрабнення камякоў. Выбраны на палях лён вымочвалі на дне вадаёмаў, а потым апрацоўвалі на тыповых для П. 2-рэбравых нахільных мялках. Сакавітыя лугі і выпасы спрыялі развіццю жывёлагадоўлі. Асн. і найчасцей адзінай рабочай жывёлай у сял. гаспадарцы быў конь. З канца 19 ст. жывёлагадоўля мела выразны мяса-малочны кірунак (вядомы цэнтр маслабойнай вытв-сці ў Віленскай губ. — Дзісенскі пав.). З развіццём капіталіст. адносін пашырыліся лясныя і адыходныя промыслы — нарыхтоўка лесу, выраб брусоў, абадоў, бандарнай клёпкі і вываз іх у прыбалт. парты. Мноства сялян ішло на буд. і земляныя работы: мясц. каменячосаў (жарнаклёваў), муляраў, цесляроў можна было сустрэць у адыходзе ў губернях Расіі. Найб. густа населеным здаўна было левабярэжжа Зах. Дзвіны. На П. пераважалі маладворныя сельскія пасяленні (3—5 сядзіб), раскіданыя сярод лясных пагоркаў паблізу рэк і азёр, у баку ад вял. дарог. Наяўнасць блізка ад вёсак і хутароў выгану і свабодных зямель, суседства з вадаёмам і лесам надавала пасяленцам азёрнага краю патрыярхальна-экзатычныя рысы. Невял. вёскі, хутары і асобныя двары звязвалі вузкія прасёлкі і сцяжынкі; сельскія дарогі вызначаліся слабай набітасцю грунту і невыразнымі абрысамі. Узімку ўзнікалі часовыя дарогі, т.зв. зімнікі. Найб. пашыраны тып сядзібнай забудовы — вянковы. Побач з размяшчэннем пабудоў па перыметры двара сустракалася і кампактная забудова, калі гасп. памяшканні цесна прымыкалі да жылля, утвараючы адзіны жыццёва-быт. комплекс з крытым дваром (вядомы толькі ў рэгіёне). На адлегласці 50—60 м у глыбіні сядзібы будавалі гумно і лазню. Гумно ў мясц. вызначэнні — комплекс гасп. пабудоў з уласна гумном (ток, такаўня), сушылкай (асець, ёўня), пуняй для саломы і сена, азяродамі. На адкрытай мясцовасці нярэдка ставілі невял. млын-вятрак, што задавальняў патрэбы сял. гаспадаркі. Тыповая планіроўка жылля: хата + сенцы + стопка (варыўня). Зруб хаты рабілі з круглых бярвён хвоі ці елкі, звязаных паміж сабой у просты вугал «з астаткам» («у чашку»), Стрэхі звычайна 2-схільныя закотам, з 2-й пал. 19 ст. — каркасныя («на кроквах»); крылі іх саломай «пад колас», радзей — дранкай.
Для традыц. адзення жыхароў уласцівы прамы, свабодны крой. Найб. пашыраныя колеры адзення белы і светла-шэры. З верхняга адзення апрача агульнабел. світ і кажухоў у шырокім ужытку быў палатняны насоў, які насілі ў любое надвор’е. Паясное жаночае адзенне вызначалася значнай тыпалагічнай разнастайнасцю: льняныя спадніцы, разнаколерныя набіванкі, саяны, андаракі, узорныя дрыліхі (гл.Лепельскі строй). Ва ўзорнай тэхніцы ўпрыгожвання пераважалі вышыўка і набіванка, якія ў жан. адзенні (сарочках, фартухах) гарманічна спалучаліся з карункамі і мярэжкай. У вышыўцы дамінаваў чырв. колер, у набіванцы — сіні ці блакітны. Кераміка вызначалася масіўнасцю формы (да апошняга часу тут захаваўся налеп) і грунтоўнасцю апрацоўкі. Рэгіянальнай асаблівасцю вызначаюцца мясц. вусна-паэт. творчасць і традыц. абраднасць. Побач з агульнабел. каляндарна-земляробчымі і сямейна-абрадавымі песнямі пашыраны тыя жанры, якія ў інш. рэгіёнах маюць абмежаваны арэал або зусім невядомы, — валачобныя, масленічныя, талочныя, ільнаробчыя, ярынныя песні. Для песеннага фальклору П. ўласціва сольнае (манадыйнае) выкананне: мелодыя песень роўная, з плаўнымі пераходамі, напевы нетаропкія і свабодныя. Мясц. гаворкі П. складаюць групу паўн.-ўсх. дыялекту (гл.Дыялект).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНАЕ ДО́ЙЛІДСТВА,
галіна архітэктуры, якая развіваецца пад пераважным уплывам нар.буд. традыцый. У ім увасоблены светапогляд народа, яго ўменне сродкамі архітэктуры арганізаваць жыццёвую прастору ў канкрэтных прыродна-кліматычных і сац.-эканам. умовах на ўзроўні размяшчэння населеных пунктаў і іх планіроўкі, фарміравання сядзібных комплексаў і інтэр’ера асобных памяшканняў. Уяўленні чалавека пра арганізацыю асяроддзя для існавання замацоўваліся таксама спосабамі буд. вытворчасці, рытуальнымі абрадамі, што іх суправаджалі, сімвалізмам арх.-канструктыўных элементаў будынкаў і прыёмамі дэкар. ўпрыгожвання. Гэта абумовіла з’яўленне адметных рыс архітэктуры кожнага народа. Прагрэс. прынцыпы і эстэт. ідэалы Н.д. рабілі ўплыў на прафес. архітэктуру. Творчасць многіх вядучых архітэктараў свету (К.Мельнікаў, Ле Карбюзье, К.Тангэ і інш.) характарызуе асэнсаванне працэсаў узаемадзеяння канстр. і фарматворчых асноў Н.д. Аб’екты нар. архітэктуры, размяшчэнне і формы якіх дакладна адпавядаюць прыродна-кліматычным умовам і асаблівасцям мясцовасці, звычайна з’яўляюцца важнымі кампанентамі ландшафту. Для сучаснай навукі і тэхнікі Н.д. — адна з крыніц вывучэння гісторыі народа і яго культуры, творчага пошуку сродкаў стварэння асяроддзя, спрыяльнага для жыцця, працы і адпачынку.
Бел. Н.д. мае шмат агульнага з рус., літ., укр., польскім. Яно адметнае высокім майстэрствам, дасканаласцю тэхн. і дэкар. прыёмаў, арыгінальнасцю канструкцый. З сярэднявечча гістарычна склаліся тыпы сельскіх паселішчаў: вёска, засценак, мястэчка, сяло, хутар. Са старажытнасці вядомы вёскі з бессістэмнай (хаатычнай) забудовай, лінейнай або радковай планіроўкай. З 16 ст. пашырылася сістэмная вулічная забудова. Кожнае паселішча мела пэўную колькасць сядзіб, якія ўключалі двор, агарод і гумнішча. У двары стаялі хата, клець, варыўня, павець, хлявы, адрына, пуня. Непадалёку ад двара ставілі лазню. Важнымі элементамі Н.д. былі малыя арх. формы (агароджы, брамы, азяроды, студні і інш.) і вытв. пабудовы (кузні, ветракі, вадзяныя млыны). Стараж. тыпы планіроўкі двароў — вянковы (усе пабудовы згрупаваны ў прамавугольны ў плане «вянок») і пагонны [хата ставілася тарцом або пад вуглом да вуліцы, а гасп. пабудовы — у адну лінію (пагон) за хатай]. З 2-й пал. 19 ст. пашырыліся новыя тыпы сядзібнай планіроўкі: П-падобнай, 2-раднай, Г-падобнай і з нязвязанымі пабудовамі.
Асн. буд. матэрыял у Н.д. — дрэва (гл.Драўлянае дойлідства). Да 3 ст.асн. канструкцыя была слупавая, яна дазваляла будаваць пры дапамозе простых прылад працы. Паступова яе замянілі зрубныя канструкцыі. Зруб рабілі з акоранага, з 12 ст. — з ачасанага бярвення, часцей на 4 грані; вуглы засякаліся з «астаткам» — «у просты замок» з адной або 2 чашкамі. Тэхніка рубкі вуглоў без «астатку» (без выступаў бярвён) — «у чысты вугал» здаўна вядома ў гар. жыллі, з пач. 20 ст. пашырана і ў сял. жыллі. Зруб-клець квадратнага ці прамавугольнага плана (суадносіны 1:1—1:1,3) была асн. аб’ёмна-прасторавай і канструктыўнай адзінкай, з якой складалася структура разнастайных будынкаў. Даўжыня бервяна (6—9 м) вызначала памеры зруба пры вышыні ў 9—13 вянкоў (2,2—2,4 м). Суадносіны вышынь зруба і страхі (2:1—1:1) залежалі ад Канструкцыі страхі. Найб. старадаўняя яе канструкцыя — на стаяках і закотам — паступова замянялася лёгкімі дахамі каркаснага тыпу (на дзядках, козлах, ключах, кроквах). Найб. пашыраны дахі 2-схільныя; выкарыстоўвалі таксама 3- і 4-схільныя (вальмавыя), шатровыя, а таксама пераходнага тыпу — з «залобкам» (верхняй ч. вальмы) або з «прычолкам» (ніжняй ч. вальмы). Матэрыял і тэхніка пакрыцця залежалі ад мясц.буд. матэрыялу і традыцый, найб. пашыраны салома, дрэва (дошкі, дранка), з сярэдзіны 19 ст. — гонта, бляха, дахоўка. Падлога часта была земляная або гліняная, з 19 ст. — дашчаная.
На пабудову хат ішла якасная хваёвая драўніна. Сцены імшыліся і пакідаліся адкрытымі ўнутры і звонку. Зруб ставілі на вуглавыя камяні ці драўляныя калоды (штандары), часам проста на зямлю. Для ўцяплення хаты ніжні вянок (падваліна) абносіўся прызбай. З сярэдзіны 19 ст. бытуюць каменныя фундаменты. Аконныя і дзвярныя праёмы прарэзвалі ў гатовым зрубе ці рабілі пры яго складанні. Валаковыя вокны рабілі ў выглядзе невял. адтулін у 2 сумежных вянках, якія зачыняліся драўлянай засаўкай. З часам памеры акон павялічваліся, у іх канструкцыі паявіліся рамы. Большымі сталі і дзвярныя праёмы, замест завес і клямак драўляных пачалі рабіць металічныя. Пашырыліся знадворныя ўпрыгожанні хаты з выкарыстаннем расл., геам. і зааморфных матываў. Асн. сродкі аздобы нар. жылля — скразная і краявая разьба (гл.Разьба архітэктурная), маст. раскладка шалёўкі і паліхромія. Найб.стараж. форма ўпрыгожання — разныя вільчыкі. У пач. 20 ст. з’явіліся ліштвы і вуглавыя накладкі. У інтэр’еры адзін з кутоў займала печ, найчасцей пры ўваходзе. Самая стараж.столь скляпеністая, потым плоская на «траме» — тоўстай бэльцы ўздоўж хаты, пазней — на папярочных бэльках і камбінаваная; насцілалася з дошак у адзін рад — «упрытык», часцей у 2 рады — «у разбежку», зверху ўцяплялася кастрыцай, сухім мохам, лісцем і пяском ці зямлёй. З 1950-х г. столь часта падшываюць фанерай або сухой тынкоўкай, абклейваюць шпалерамі. Стараж. 1 -камерная хата была асновай развіцця больш дасканалых тыпаў жылля. Да 15—16 ст. склаліся 2- і 3-камерныя жылыя пабудовы (хата + сенцы + хата), а таксама хаты-пяцісценкі з капітальнай папярочнай сцяной унутры. У мястэчках і гарадах сфарміраваўся своеасаблівы тып жылля з уваходам з вулічнага тарцовага фасада, дзе знаходзілася майстэрня рамесніка ці крама. Жылыя памяшканні са двара мелі дадатковы ўваход. Для гар. забудовы характэрны хаты на падклетах (да 16 ст.), 2-павярховыя драўляныя дамы ці на высокіх мураваных сутарэннях, дамы з мезанінам ці мансардай. На сядзібах гараджан гасп. будынкаў было менш. Забудова фальваркаў мела больш складаную кампазіцыю, акрамя палаца і сядзібнага двара, сярод будынкаў былі лямусы, сырніцы, бровары, лядоўні і інш. Наводдаль ставілі хлявы, стайні і інш. будынкі для свойскай жывёлы, гумны з асецямі ці еўнямі, сянніцы. Буд-ва ў гарадах і мястэчках вялося ў цесным супрацоўніцтве вясковых майстроў з прафес. будаўнікамі. Своеасаблівасці эканомікі і культуры гар. жыцця спрыялі развіццю тыпалогіі будынкаў (крамы, гандлёвыя рады, корчмы, ратушы і інш.), ускладненню і ўзбагачэнню арх. форм і дэкар. прыёмаў. Найб. выразна ўзаемадзеянне нар. традыцый з прафес, прыёмамі праяўлялася ў архітэктуры культавых будынкаў (цэрквы, касцёлы, капліцы, званіцы і інш.). У гар. жыллі 16—18 ст. склаўся арыгінальны тып дома рамесніка, дзе спалучаліся жылыя і вытв. часткі, гал. фасад афармлялі падчэні. Гіст., сац.-эканам., прыродныя ўмовы садзейнічалі і адначасова вызначалі для кожнага гісторыка-этнагр. рэгіёна Беларусі (Паазер’е, Падняпроўе, Панямонне, усх. і зах. Палессе, цэнтр. Беларусь) фарміраванне тыпалагічных рыс, арх., канстр.-тэхн. і маст. асаблівасцей. Н.д. кожнага рэгіёна ўзбагачаецца разнастайнасцю лакальных варыянтаў. Нар. архітэктура захавала свае рысы ў самадз. буд-ве жылых і гасп. пабудоў на вёсцы і ў перыферыйных раёнах гарадоў сучаснай Беларусі. Будуюць часцей на аснове праектнай дакументацыі, распрацаванай спецыялістамі з улікам пажаданняў заказчыка. Пашыраны новыя буд. матэрыялы (сілікатная цэгла, газа-сілікатныя блокі, шыфер, пластыкі і інш.), інж. абсталяванне (катлы, газавыя пліты, сантэхн. прылады). Рэгіянальныя аспекты Н.д. захоўваюцца ў прынцыпах арганізацыі двароў сядзіб. Маст. традыцыі арх. дэкору характарызуюць усх. раёны Беларусі (Гомель, Ветка, Рагачоў, Шклоў і інш.). Гл. таксама Сельская архітэктура.
Літ.:
Беларускае народнае жыллё. Мн., 1973;
Якімовіч Ю.А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся XVII—XIX стст. Мн., 1978;
Трацевский В.В. История архитектуры народного жилища Белоруссии. Мн., 1989;
Локотко А.И. Белорусское народное зодчество: Середина XIX—XX в. Мн., 1991;
Яго ж. Нацыянальныя рысы беларускай архітэктуры. Мн., 1999;
Да арт.Народнае дойлідства: 1 — жылы дом у г. Ветка Гомельскай вобл.; 2 — жылы дом у вёсцы Стараселле Шклоўскага раёна Магілёўскай вобл.; 3 — фрагмент дэкору ўвахода жылога дома ў Віцебску; 4 — жылы дом у г. Чачэрск Гомельскай вобл.