вялізны ўчастак зямной паверхні з рэзкімі ваганнямі вышынь, значна (на сотні, тысячы метраў) падняты над навакольнымі раўнінамі. Фарміруецца звычайна ў выніку адзінага этапу тэктанічнага развіцця, якое суправаджаецца перавагай узыходных рухаў. Часам выцягнута на некалькі тысяч км, складаецца з шэрагу ланцугоў і хрыбтоў, падзеленых міжгорнымі ўпадзінамі і рачнымі далінамі. Гл. таксама Горная сістэма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯВОЧАЯ ВЕ́ЖА, Кыз-каласы, Гыз-галасы,
помнік сярэдневяковай азерб. архітэктуры. Пабудавана ў 12 ст. ў Баку (арх. Масуд ібн Давуд). Зроблена з вапняку. Вялізны цыліндрычны аб’ём (унутры 8-ярусны, выш. 27 м, таўшчыня сцен фундамента 5 м) з выступам з усходу. Заглыбленыя гарыз. рады камянёў утвараюць своеасаблівую рабрыстую паверхню фасада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАК-РО́БЕРТСАНА ЗЯМЛЯ́ (MacRobertson Land),
частка тэр. Антарктыды паміж 60 і 73° усх.д.; абмываецца на Пн морам Садружнасці. Магутнасць ледавіковага покрыва ў цэнтр.ч. больш за 2000 м. У прыбярэжнай паласе (бераг Моўсана) ёсць участкі, свабодныя ад лёду, на Пд — вялізны горны раён (горы Прынс-Чарлз). Аўстрал.навук. станцыя Моўсан. Адкрыта ў 1930 Брытанска-аўстрала-новазеландскай экспедыцыяй Д.Моўсана. Названа ў гонар аўстрал. прадпрымальніка, які фінансаваў экспедыцыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮДО́ВІК IX (Louis) Святы
(25.4. 1214, г. Пуасі, Францыя — 25.8.1270),
кароль Францыі [1226—70]. 3 дынастыі Капетынгаў. Правёў шэраг рэформ па цэнтралізацыі дзярж. улады, заснаваў у Парыжы асобую суд. палату (т.зв. парламент), якая стала вышэйшай у дзяржаве апеляцыйнай інстанцыяй і атрымала важныя адм. функцыі. Пачаў чаканіць паўнавартасную залатую і сярэбраную манеты. У 1248 узначаліў 7-ы крыжовы паход, але ў 1250 трапіў у егіп. палон (вызвалены за вялізны выкуп). У 1259 уступіў Англіі прав. Гіень. Узначаліў 8-ы крыжовы паход (у Туніс), у час якога памёр. Кананізаваны каталіцкай царквой у 1297.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЎРЫ́СТЫ (Mauristes),
кангрэгацыя св. Маўра, французская манаская кангрэгацыя ордэна бенедыкцінцаў у 1618—1790 (цэнтр — парыжскае абацтва Сен-Жэрмен-дэ-Прэ). Дзейнічалі ў агульным рэчышчы контррэфармацыі. Каб абараніць каталіцкую царкву ад крытыкі пратэстантаў, сабралі, вывучылі і апублікавалі вялізны сярэдневяковы рукапісны матэрыял, выдалі гісторыю бенедыкцінцаў, шматтомныя гісторыі асобных франц. правінцый (Лангедока, Брэтані і інш.), гісторыю франц. л-ры (больш за 40 тамоў). Выпрацавалі правілы вызначэння сапраўднасці месца і часу складання дакумента, паклалі пачатак палеаграфіі, дыпламатыцы і інш. дапаможным гіст. дысцыплінам. Найб. значныя прадстаўнікі — Ж.Мабільён, Б.Манфакон. Кангрэгацыя скасавана ў 1790 у час Франц. рэвалюцыі 1789—99.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІГЕ́Р (Маргарыта Іосіфаўна) (7.10.1915, г. Адэса — 1.8.1992),
рус. паэтэса. Вучылася ў Літ. ін-це імя Горкага (1934—37). Першы зб. «Год нараджэння» (1938). Вершы і паэмы часоў Вял.Айч. вайны склалі кнігі «Памяці храбрых» (1942), «Лірыка» (1943), «Вершы і паэмы» (1944); за паэму «Зоя» Дзярж. прэмія СССР 1943. Аўтар зб-каў «Ленінскія горы» (1953), «Сіні час» (1970), «Чвэрць стагоддзя» (1981), кніг нарысаў «Вяртанне ў Чылі» (1966); успамінаў «Сцяжынка ў жыце. Пра паэзію і паэтаў» (1980). Асаблівасці паэзіі Алігер: строгасць верша і думкі, увага да духоўнага свету чалавека, жывыя размоўныя інтанацыі. Выдала кн. перакладаў «Вялізны свет» (1968).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТЫФУ́НДЫІ (лац. latifundium ад latus вялізны + fundus маёнтак),
вялікія прыватнаўласніцкія зямельныя ўладанні. У Стараж. Рыме — вял. маёнткі з рысамі натуральнай гаспадаркі, дзе асн. рабочую сілу складалі рабы і калоны. У перыяд феадалізму Л. былі гал. формай вядзення сельскай гаспадаркі з залежнымі сялянамі. У новы час (17 — пач. 20 ст.) старыя і зноў утвораныя Л. як буйныя вытворцы с.-г. прадукцыі былі ўключаны ў сістэму рыначнай эканомікі, але захоўвалі пераважна паўфеадальныя формы эксплуатацыі. Былі пашыраны ў Германіі, Расіі, Іспаніі, Паўд. Італіі, краінах Лац. Амерыкі. У Беларусі з сярэдніх вякоў да пач. 20 ст. існавалі Л. ў выглядзе магнацкіх маёнткаў Радзівілаў, Сапегаў, Чартарыйскіх, Лацаў, Вішнявецкіх, Агінскіх і інш. Л. захоўваюцца ў наш час у шэрагу краін Лац. Амерыкі (Бразілія, Эквадор), Афрыкі (Паўд.-Афр. Рэспубліка) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРМЕ́КІЙ (грэч. Myrmēkion),
старажытны горад Баспорскай дзяржавы. Руіны М. знаходзяцца каля мыса Каранціннага, за 4 км ад г. Керч у Крыме (Украіна). Выяўлены ў 1820-я г.Археал. раскопкі праводзяцца з 1934. М. засн. каля сярэдзіны 6 ст. да н.э., з 3 ст. да н.э. з’яўляўся буйным цэнтрам вінаробства, рыбалоўства і рамёстваў (керамічнага, ткацкага і інш.) Баспора. У пач. 4 ст. да н.э. быў абнесены абарончымі сценамі. У горадзе існавала квартальная забудова. Асабліва вылучаўся культавы раён. Вакол М. існаваў вялізны некропаль. М. спыніў сваё існаванне ў 2-й пал. 3 ст.н.э. На руінах ант. М. ў 8—9 ст. і 14 ст. існавалі пасяленні. Пры раскопках выяўлены вял. рыбазасолачныя цыстэрны 2—3 ст.н.э., мясц. і імпартная кераміка, тэракоты, манеты і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ЎНЫЯ РАСЛІ́НЫ,
віды раслін, адносна якіх мясцовымі, дзярж. ці міжнар. актамі, пагадненнямі і канвенцыямі агавораны і дзейнічаюць спец. меры аховы. Звычайна гэта рэдкія для пэўнага рэгіёна і тыя, што знікаюць, асабліва карысныя ці каштоўныя па пэўных якасцях віды дзікарослых раслін, якім пад уплывам негатыўных прыродных ці антрапагенных уздзеянняў пагражае скарачэнне колькасці або знікненне з флоры. Асн. частка іх занесена ў міжнар., рэгіянальныя ці нац.Чырвоныя кнігі. У Чырв. кнізе Беларусі 180 відаў ахоўных раслін, у т. л. 156 сасудзістых (бяроза карлікавая, венерын чаравічак сапраўдны, кадзіла сармацкае, купальнік горны, цыбуля мядзведжая, гарлачык белы, піхта белая, пазнацвет асенні, пярэсна еўрапейская, хвошч вялікі і інш.), 15 мохападобных (андрэя скальная, меркія ірландская, сфагнум мяккі, цынклідотус дунайскі і інш.), 9 водарасцяў (гільдэнбрантыя рачная, нітэла грацыёзная, хара грубая і інш.), 17 відаў грыбоў (пархавік вялізны, спарасіс кучаравы, труфля летняя і інш.) і 17 лішайнікаў (лабарыя ямістая і лёгачная, уснея квітучая і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНФУЦЫЯ́НСТВА,
маральна-паліт., рэліг.-філас. і светапогляднае вучэнне, якое сфарміравалася ў Стараж. Кітаі і на працягу больш як 2 тыс. гадоў было яго афіц. ідэалогіяй і дзярж. рэлігіяй. Асновы К. закладзены ў 6 ст. да н. э. Канфуцыем і развіты яго вучнямі і паслядоўнікамі Мэн-цзы, Сюнь-цзы і інш. Узнікла ў перыяд распаду Кітая на шматлікія дзяржавы, разрыву раннефеад. і патрыярхальных грамадскіх сувязей, заняпаду традыц.рэліг. вераванняў. Напачатку было спробай выпрацаваць этычныя, грамадскія і паліт. нормы, а таксама спосабы кіравання, якія павінны забяспечыць аднаўленне стабільнага грамадскага ладу і царскай улады ва ўсім Кітаі. Канфуцый прапанаваў праграму вяртання 5 класічных «грамадскіх залежнасцей»: сына ад бацькі, жонкі ад мужа, малодшага брата ад старэйшага, падуладнага ад пануючага, сябра ад сябра і стварэння на аснове прынцыпаў жэнь («гуманнасць, справядлівасць») і лі («рытуал, этыкет») дакладна акрэсленай патрыярхальна-феад. грамадскай іерархіі, дзе кожны чалавек займаў бы прадвызначанае яму месца і выконваў бы адпаведныя абавязкі. Гэта праграма, на думку Канфуцыя, павінна была прывесці да стварэння «грамадства супрацоўніцтва» (узор і яго асн. ячэйка — сям’я) і выхавання «высакародных людзей» (цзюнь-цзы) — інтэлектуалаў, якія павінны дапамагаць уладарам кіраваць «простым людам». Філас. асновай К. з’яўляецца палажэнне аб тым, што ўсё, што адбываецца, павінна быць згодна з «ладам неба» (дао); веданне гэтага «ладу» і заснаваных на ім правіл паводзін у міжчалавечых адносінах — цэнтральны пункт у К. Пасля смерці Канфуцыя яго вучэнне развівалі і дапаўнялі шматлікія школы яго паслядоўнікаў. Пасля няўдалага перыяду праследаванняў пры імператару Цынь Шыхуандзі, які ў 211 да н. э. загадаў спаліць усе канфуцыянскія кнігі, у часы дынастыі Хань адбылося адраджэнне К. Адным з гал. інтэрпрэтатараў і рэфарматараў К. быў Дун Чжуншу (2 ст. да н. э.), які распрацаваў метафізічныя асновы К. і аб’яднаў яго з тэістычнай тэлеалогіяй. Новы этап развіцця К. звязаны з імем Чжу Сі (1130—1200), стваральніка неаканфуцыянства, якое дамінавала ў кіт.філас. думцы і культуры да 20 ст., выконвала інтэграцыйныя функцыі і аказвала вялізны ўплыў на ўсе галіны грамадскага жыцця Кітая, асабліва на сістэмы кіравання, выхавання і культуры.
Літ.:
Древнекитайская философия: Собр. текстов. Т. 1—2. М., 1972—73;
Поршнева Е.Б. Религиозные движения позднесредневекового Китая: Проблемы идеологии. М., 1991.