ВЕНЕЦЫЯ́НАЎ Аляксей Гаўрылавіч

(18.2.1780, Масква — 16.12.1847),

рускі жывапісец. Адзін з заснавальнікаў быт. жанру ў рус. жывапісе. Акад. Пецярбургскай АМ (з 1811). Вучыўся ў У.Баравікоўскага. У ранні перыяд пісаў інтымныя лірычныя партрэты А.І.Бібікава, М.А.Фанвізіна, часам блізкія да рамантызму. У 1807 падрыхтаваў 4 афорты («Вяльможа» і інш.) для «Часопіса карыкатур на 1806 год у тварах» — першага ў Расіі ілюстраванага гумарыстычнага лістка. З 1819 жыў у в. Сафонкава Цвярской губ., дзе пісаў партрэты сялян і сцэны з іх жыцця («Ачыстка буракоў», пастэль, 1822; «Гумно», каля 1821—23, «Пастух, які спіць», 1823—24; «На раллі. Вясна», «На жніве. Лета», абедзве 1820-я г., «Галава старога селяніна», 1825). У сваіх творах ствараў ідэалізаваныя паэт. вобразы сял. жыцця, звязаныя з прыгажосцю рус. прыроды. У канцы 1820-х г. заснаваў прыватную маст. школу, у якой вучыліся і працавалі жывапісцы М.Крылоў, А.Тыранаў, Я.Крандоўскі, Л.Плахаў, А.Аляксееў, А.Дзянісаў, С.Заранка, Р.Сарока.

Літ.:

А.Г.Венецианов: Ст.;

Письма;

Современники о художнике. Л., 1980.

т. 4, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ВІН Гаўрыла Раманавіч

(14.7.1743, в. Кармачы ці в. Сакуры Лаішаўскага р-на, Татарстан — 20.7.1816),

рускі паэт. Вучыўся ў Казанскай гімназіі (1759—62). Друкаваўся з 1773. З пазіцый асветнага абсалютызму ўслаўляў веліч і дзярж. моц Расіі, рус. палкаводцаў, гераізм салдат (оды «На ўзяцце Ізмаіла», «На пераход Альпійскіх гор»). Выказваў спачуванне народу, выкрываў злоўжыванні царскай адміністрацыі, саноўных вяльможаў (оды «Феліца», 1783, «Уладарам і суддзям», 3-я рэд. 1787, «Вяльможа», 1798). У вершах — аўтабіяграфізм, канкрэтнасць і пластычнасць вобразаў, быт. і пейзажныя замалёўкі (оды «На смерць князя Мяшчэрскага», 1779, «Бог», 1784, «Вадаспад», 1798). Дыяпазон оды пашырыў ад дыфірамба да песні, спалучаў у адным творы элементы оды і сатыры, філас. роздумы і асабістыя прызнанні («Ручай», «Ластаўка», «Яўгену. Жыццё званскае»). У 1790-я г. пераважала анакрэантычная лірыка (зб. «Анакрэантычныя песні», 1801). У апошнія гады жыцця звяртаўся да драматургіі. Паэзія Дз. — пераходная ступень у развіцці рус. л-ры ад класіцызму М.Ламаносава да рэалізму А.Пушкіна. У 1793—94, 1799 і 1800 быў на Беларусі (Віцебск, Шклоў, Лёзна).

Тв.:

Стихотворения. Л., 1981;

Оды. Л., 1985.

Літ.:

Ходасевич В.Ф. Державин. М., 1988.

Л.Л.Кароткая.

Г.Р.Дзяржавін.

т. 6, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)