ВЫХЛАПНЫ́Я ГА́ЗЫ,

газападобныя і цвёрдыя прадукты, што выкідваюцца ў атмасферу рухавікамі ўнутр. згарання; адна з асн. крыніц забруджвання атмасфернага. Пераважныя інгрэдыенты выхлапных газаў: вокіс вугляроду (CO), вокіслы азоту (NOx), сярністы ангідрыд (SO2), вуглевадароды (CnHm), серавадарод (H2S) і інш. Асобную групу складаюць канцэрагенныя поліцыклічныя араматычныя вуглевадароды і найб. актыўны з іх — бенз(а)пірэн (індыкатар наяўнасці канцэрагенаў у выхлапных газах). Пры выкарыстанні этыліраванага бензіну ў саставе выхлапных газаў высокатаксічныя злучэнні свінцу. Пад уздзеяннем сонечнай радыяцыі ў выніку фотахім. рэакцый выхлапныя газы ператвараюцца ў таксічныя рэчывы і адмоўна ўплываюць на чалавека, жывёл (павялічваюць успрымальнасць да розных хвароб, пераважна анкалагічных) і расліны (парушаюць працэс фотасінтэзу). Выкіды аўтатранспарту — асн. прычына фотахім. смогу ў гарадах. Узровень выкідаў CO, CnHm, NOx і дымнасці выхлапных газаў рэгулюецца спец. нарматывамі (дапушчальныя выкіды на 1 км пройдзенага шляху) і кантралюецца газааналізатарамі і дымамерамі. На Беларусі выкіды ад аўтатранспарту склалі 1,7 млн. т (77% ад агульных выкідаў у атмасферу; 1995). Таксічнасць выхлапных газаў зніжаецца пры выкарыстанні неэтыліраванага бензіну і экалагічна чыстых відаў паліва — прыроднага і звадкаванага газу.

В.І.Корбут.

т. 4, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАЧАТРЫВА́ЛЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,

матэрыялы, якія не дэфармуюцца і не разбураюцца пры высокіх т-рах пад уздзеяннем мех. нагрузак. Гарачатрываласць вызначаецца ў асноўным межамі паўзучасці і працяглай трываласці, дасягаецца падборам хім. саставу матэрыялу (сплаву) у спалучэнні з пэўнымі ўмовамі крышталізацыі і тэрмічнай апрацоўкі.

Гарачатрывалая сталь мае акрамя жалеза хром, нікель, марганец і інш. Яе мех. ўласцівасці павышаюць легіраваннем (малібдэн, вальфрам, ванадый, ніобій і інш.), загатоўкай з наступным старэннем. Выкарыстоўваецца на выраб дэталей паравых установак высокага ціску, клапанаў авіярухавікоў, турбінных і кампрэсарных дыскаў і інш. Гарачатрывалыя сплавы ствараюцца на нікелевай, кобальтавай, жалезахроманікелевай аснове. Патрэбную іх структуру (з раўнамерным размеркаваннем часціц інтэрметалічных злучэнняў, барыдаў) атрымліваюць гомагенізавальным гартаваннем і старэннем, легіраваннем тугаплаўкімі хім. элементамі і элементамі-ўмацавальнікамі (тытан, алюміній, ніобій, бор), а таксама памяншэннем колькасці свінцу, волава, сурмы, вісмуту, серы. Вырабы, прызначаныя для працяглай эксплуатацыі пры т-ры больш за 800 °C, дадаткова апрацоўваюць алітаваннем, эмаліраваннем, на іх наносяць тугаплаўкія вокіслы і інш. Гарачатрывалыя сплавы ідуць на выраб дэталей паравых і газавых турбін, газатурбінных рухавікоў, энергет. машын і інш. Гарачатрывалы чыгун — аўстэнітны, з шарападобнай формай графіту, легіраваны нікелем, хромам і марганцам. З яго атрымліваюць вырабы, якія эксплуатуюцца пры павышаных т-рах (да 600 °C) і нагрузках у агрэсіўных асяроддзях: галоўкі поршняў, выхлапныя калектары рухавікоў унутр. згарання, карпусы турбанагравальнікаў і інш. Да гарачатрывалых матэрыялаў адносяцца таксама тугаплаўкія металы, металакераміка, некаторыя кампазіцыйныя матэрыялы.

На Беларусі гарачатрывалыя матэрыялы даследуюцца ў Фіз-тэхн. ін-це АН Беларусі. Створаны эканомналегіраваныя гарачаўстойлівыя маркі сталі (выкарыстоўваюцца для вырабу тэрмічных печаў, шклаформаў і інш.), накіравана закрышталізаваныя эўтэктычныя сплавы (больш гарачаўстойлівыя, чым вядомыя прамысловыя), даследаваны высокалегіраваныя сплавы на жалезнай, алюмініевай і нікелевай асновах.

Г.Г.Паніч.

т. 5, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)