А́ТРЫЙ (лац. atrium),

закрыты ўнутраны двор у стараж.-рым. жыллі, куды меліся выхады з астатніх памяшканняў. У цэнтры атрыума быў басейн (імплювій); над ім — адтуліна (камплювій) для сцёку дажджавой вады.

т. 2, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭМАВЕ́НД,

патухлы вулкан у гарах Эльбурс, на Пн Іранскага нагор’я. Выш. 5604 м (найвыш. вяршыня Ірана). Складзены з андэзітавых лаў, знаходзіцца ў стадыі сольфатары (выхады гарачых газаў, тэрмальныя крыніцы). Ледавікі.

т. 6, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЛЕ́ЗНАЯ ГАРА́ гара на Паўн. Каўказе, паблізу г. Пяцігорск, у Расіі. Выш. 852 м. Уяўляе сабой лакаліт, складзены трахіліпарытамі. Шматлікія выхады мінер. крыніц, на базе якіх узнік курорт Жалезнаводск. На схілах шыракалістыя лясы.

т. 6, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАШУ́К,

купалападобная гара-лакаліт на Паўн. Каўказе, у раёне Каўказскіх Мінеральных Вод, у Стаўрапольскім краі, Расія. Выш. 993 м. Большая ч. схілаў укрыта шыракалістымі лясамі. Каля падножжа М. — выхады мінер. вод, на базе якіх узнік бальнеалагічны курорт Пяцігорск. Абеліск на месцы гібелі М.Ю.Лермантава. Турызм.

т. 10, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМА́НШ (Romanche),

глыбакаводны жолаб у экватарыяльнай зоне Атлантычнага ак. Даўж. 230 км, сярэдняя шыр. 9 км, найб. глыб. 7856 м. Уяўляе сабой упадзіну тыпу «акіянічнага трога», буйны грабен, адзін з элементаў рэльефу аднайменнай зоны разломаў, якая рассякае Сярэдзінна-Атлантычны хр. Ва ўпадзіне выяўлены выхады ультраасн. парод.

т. 13, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ЧЫНСКАЯ СО́ПКА,

найвышэйшы і адзіны актыўны вулкан Сярэдзіннага хр. на Камчатцы, у Расіі. Выш. 3621 м. Складзены з андэзітавых і базальтавых лаў. Тры вяршынныя купалы ўкрыты фірнавай шапкай, ад якой спускаюцца ледавікі. На выш. 3000 м выхады гарачых газаў (фумаролы і сальфатары), на схілах — лававыя патокі. Унутры сомы (даўж. 25 км) знаходзяцца 2 злітныя конусы і экструзіўныя купалы.

т. 7, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЗУ́ВІЙ (Vesuvio),

дзеючы вулкан на Пд Італіі, паблізу г. Неапаль. Выш. 1277 м. Утварае 3 конусы, якія нібы ўваходзяць адзін у адзін (сома). Асн. конус складзены з перапластаваных лаваў і вулканічных туфаў. Пры вывяржэнні выкідвае попел. Выхады газаў і пары. У час вывяржэння ў 79 загінулі гарады Пампеі, Геркуланум, Стабіі. Апошняе вывяржэнне 1957—59. На ніжніх ч. схілаў — сады, вінаграднікі, да выш. 800 м — хвойныя гаі. Вулканалагічная абсерваторыя. Турызм.

т. 4, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРХНЯРЭ́ЙНСКАЯ НІЗІ́НА,

нізіна па цячэнні р. Рэйн паміж гарамі Юра і Рэйнскімі Сланцавымі гарамі, у Францыі і Германіі. Даўж. каля 300 км, шыр. да 40 км. Верхнярэйнская нізіна — складаны грабен, запоўнены кайназойскімі адкладамі, месцамі — выхады вулканічных парод. Радовішчы калійнай солі і нафты. Клімат умерана кантынентальны, ападкаў 500—700 мм за год. Пасевы пшаніцы, цукр. буракоў; сады, вінаграднікі. Буйныя гарады: Карлсруэ, Мангейм, Франкфурт-на-Майне (ФРГ), Кальмар, Страсбур (Францыя).

т. 4, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЗІС ЭРО́ЗІІ,

паверхня, на ўзроўні якой вадацёк (рака, ручай) траціць сілу і не можа далей паглыбляць сваё рэчышча. Агульны (або галоўны) базіс эрозіі — узровень Сусветнага ак.; мясцовыя (або часовыя) базісы эрозіі — праточныя азёры, месцы ўпадзення прытокаў у гал. раку, выхады цвёрдых парод, якія запавольваюць глыбінную эрозію ракі. Змена вышыні базісу эрозіі (ваганні ўзроўню мора, векавыя рухі зямной кары і інш.) суправаджаецца ўразаннем даліны або запаўненнем яе рачнымі адкладамі.

т. 2, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДНЯПРО́ЎСКІЯ ПАРО́ГІ,

выхады карэнных горных парод у рэчышчы р. Дняпро паміж гарадамі Днепрапятроўск і Запарожжа. Існавала 10 парогаў і 30 каменных град агульнай даўж. каля 75 км (пры вышыні падзення вады каля 40 м). Знаходзіліся на шляху «з варагаў у грэкі», перашкаджалі суднаходству, былі месцам нападзенняў качэўнікаў на судны. Ніжэй парогаў у 16 ст. заснавана Запарожская Сеч; у 17—18 ст. каля Д.п. стаяла крэпасць Кодак. Затоплены водамі Дняпроўскага вадасховішча.

т. 6, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)